Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Міжрэлігійнае пагадненне па выкараненні рабства прэзентавана ў Ватыкане
Дзяржава Ватыкан
17.03.2014 15:42

17 сакавіка ў Ватыкане адбылася прэзентацыя беспрэцэдэнтнага пагаднення паміж прадстаўнікамі асноўных рэлігій пад назвай “Global Freedom Network”. Яго мэтай з’яўляецца выкараненне сучаснага рабства і гандлю людзьмі ва ўсім свеце да 2020 г.

“Global Freedom Network” - адкрытая асацыяцыя, да якой могуць далучыцца прадстаўнікі рэлігійных супольнасцяў і іх лідары. У Ватыкане было адзначана, што па некаторых дадзеных 30 мільёнаў чалавек у свеце церпяць ад эканамічнай або сексуальнай эксплуатацыі, і нягледзячы на намаганні, прадпрынятыя ў апошнія гады, сучаснае рабства і гандаль людзьмі працягвае пашырацца. Месцамі выкарыстання чалавека становяцца заводы і фермы, рыбацкія суды, незаконныя ўстановы, прыватныя дамы, самыя багатыя і самыя бедныя краіны ў свеце.

“Global Freedom Network” у сваёй дзейнасці будзе выкарыстоўваць прылады веры: малітву, пост і міласціну, заявілі заснавальнікі ініцыятывы. Таксама будзе абвешчаны Сусветны дзень малітвы за ахвяраў і за іх свабоду.

На працягу першага года ўдзельнікі ініцыятывы будуць прыкладаць намаганні, каб распрацаваць праграмы па выкараненні сучаснага рабства і гандлю людзьмі, інфармаваць сем’і, школы, універсітэты, парафіі і ўстановы аб прыродзе гэтай з’явы, звяртаць увагу кіраўніцтва дзяржаў на неабходнасць вырашэння праблемы. Апрача таго, у дзейнасць асацыяцыі плануецца ўключыць 50 буйных шматнацыянальных кампаній, чые кіраўнікі з’яўляюцца людзьмі веры або добрай волі.

Гэтае пагадненне, як было заяўлена, з’яўляецца сведчаннем таго, што ахвяры сучаснага рабства і гандлю людзьмі не забытыя і свет павінен быць вызвалены ад гэтых жудасных злачынстваў супраць чалавечнасці.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.