Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папскаму прапаведніку споўнілася 80 год
Дзяржава Ватыкан
22.07.2014 12:06
Айцу Раньеру Канталамесу, прапаведніку Папскага дома, 22 ліпеня споўнілася 80 год. Італьянскі капуцын займае гэту пасаду з 1980 г. на працягу трох пантыфікатаў: Яна Паўла II, Бэнэдыкта XVI і Францішка. Сярод супрацоўнікаў бліжэйшага акружэння Папы, ён выконвае сваё служэнне самы доўгі час. Як прапаведнік Папскага дома ён абвяшчае свае гаміліі для Папы і Рымскай курыі ў кожную пятніцу Адвэнту і Вялікага посту. Шырокую вядомасць яму прынёс удзел у праграме «Слова на нядзелю» ў перыяд з 1994 г. па 2010 г. на першым канале італьянскага грамадскага тэлебачання. Айцец Канталамеса можа заставацца на сваёй пасадзе, нягледзячы на перавышэнне пенсійнага ўзросту.

Асаблівую ўвагу прыцягваюць яго штогадовыя «моцныя» гаміліі ў Вялікую Пятніцу падчас літургіі Мукі Пана ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане. У 2013 г. 29 сакавіка падчас сваёй гаміліі айцец Канаталамеса параўнаў Касцёл са старажытнымі будынкамі, якія, спрабуючы адаптавацца да патрабаванняў часу, прайшлі некаторыя змены. «На працягу стагоддзяў, каб адаптаваць да бягучых патрэб, іх падзялілі сценамі, лесвіцамі, кабінетамі, пакоямі. Але надыходзіць момант, калі мы ўсведамляем, што ўсё гэта ўжо не адпавядае сучасным патрабаванням, больш за тое, з’яўляецца для нас перашкодай. І тады трэба мець мужнасць, каб знесці ўсё гэта і аднавіць зыходныя формы і простасць. Гэта была місія, якую атрымаў калісьці адзін чалавек, калі ён маліўся перад крыжом у касцёле Сан-Даміяна:«Ідзі, Францішак, і выправі мой Касцёл», — звярнуў увагу ў мінулым годзе папскі прапаведнік.

Айцец Канталамеса жыве не на тэрыторыі Ватыкана, але ў размешчанай у 85 км на паўночны ўсход ад Рыма мясцовасці Чытадукале, дзе з’яўляецца капеланам у жаночым кляштары.

Надзелены вялікім аратарскім талентам, прапаведнік нарадзіўся 22 ліпеня 1934 г. у цэнтральнай Італіі ў Коллі-дэль-Тронто. У 1958 г. ён атрымаў святарскае пасвячэнне. Ва ўніверсітэце Фрыбурга, у Швейцарыі, атрымаў доктарскую ступень па тэалогіі, а ў Каталіцкім універсітэце Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане ступень доктара класічнай літаратуры. Там ён выкладаў пазней гісторыю ранняга хрысціянства. У 1975-1981 гг. ён быў членам Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Пасля 1975 г. цалкам прысвяціў сябе душпастырству і духоўнаму кіраўніцтву. Звязаў сябе з рухам Абнаўленне ў Святым Духу. У 1980 г. стаў прапаведнікам Папскага дома.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.