Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзяржсакратар Святога Пасаду прыняў удзел у дэбатах Савета Бяспекі ААН на тэму тэрарызму
Дзяржава Ватыкан
25.09.2014 14:45

24 верасня Дзяржсакратар Святога Пасаду кардынал Пьетро Паралін прыняў удзел у дэбатах Савета Бяспекі ААН на тэму «Пагрозы міжнароднаму міру і бяспецы, якія ствараюць тэрарыстычныя акты». У сваім выступленні іерарх адзначыў, што ўсе дзяржавы і людзі добрай волі павінны згуртавацца ў адказ на выклік, кінуты тэрарызмам.

Ватыканскі дыпламат узгадаў, што Савет Бяспекі ААН быў заснаваны ў эпоху, калі нігілістычны погляд на чалавечую годнасць ужо спрабаваў зруйнаваць і раскалоць свет. Сёння, як і ў той час, дзяржавы, па словах кардынала, павінны аб’яднацца, каб абараніць людзей ад бесчалавечай жорсткасці і насілля.

Цытуючы Папу Яна Паўла II, іерарх прыгадаў, што права на антытэрарыстычную абарону краін і народаў не дае дазволу на ўжыванне насілля супраць насілля, але «павінна ажыццяўляцца з павагай да маральных і прававых межаў у выбары мэтаў і сродкаў». Неабходна, адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду, правільна ідэнтыфікаваць злачынцаў, бо віна тэрарыстаў заўсёды асабістая і яе нельга пашыраць на ўсю нацыю, этнічную групу ці рэлігію, да якой яны належаць.

Дзяржсакратар звярнуў увагу на сацыяльныя прычыны міжнароднага тэрарызму. Кардынал адзначыў, што моладзь, якая ўступае ў шэрагі тэрарыстаў, часта паходзіць з незабяспечаных сем’яў мігрантаў, расчараваных грамадствам, у якім адсутнічаюць каштоўнасці і магчымасці інтэграцыі, і ўрады краін павінны не толькі ўсімі легальнымі сродкамі прадухіляць вярбоўку сваіх грамадзян, але і садзейнічаць іх адэкватнай сацыяльнай інтэграцыі.

Кардынал падкрэсліў вялікую адказнасць вернікаў у асуджэнні тых, хто выкарыстоўвае веру для апраўдання насілля, узгадаўшы словы Папы Францішка падчас яго Апостальскага падарожжа ў Албанію: «Няхай ніхто не выкарыстоўвае рэлігію як падставу для дзеянняў супраць чалавечай годнасці і асноўных правоў кожнага мужчыны і кожнай жанчыны, перш за ўсё, супраць права на жыццё і рэлігійную свабоду».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.