Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Абвешчаны спіс удзельнікаў Сінода Біскупаў на тэму сям’і
Дзяржава Ватыкан
15.09.2015 16:19

Вядомы ў Беларусі польскі аўтар кніг аб сужэнстве і бацькоўстве Яцэк Пулікоўскі прыме ўдзел у кастрычнікім Сінодзе Біскупаў на тэму сям’і. Ён будзе удзельнічаць у форуме ў якасці аўдытара разам са сваёй жонкай Ядзвігай Пулікоўскай.

Сужэнцы з’яўляюцца кансультантамі Рады душпастырства сям’і Познаньскай архідыяцэзіі (Польшча). Кнігі Яцэка Пулікоўскага «Жыць у гармоніі з чалавечай натурай», «Варта палюбіць цёшчу», «Кракадзіл для маёй каханай», «Варта быць бацькам», былі выдадзены на беларускай мове выдавецтвам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo».

У Сінодзе Біскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце» прымуць удзел таксама іншыя 16 сужэнскіх пар з розных частак свету.

Кіраваць працай Сінода будзе сам Папа Францішак. Старшынямі-дэлегатамі на форуме будуць чатыры кардыналы: арцыбіскуп Парыжа Андрэ Вен-Труа, арцыбіскуп Манілы Луіс Антоніо Тагле, арцыбіскуп Апарэсіды Раймунду Асіс і арцыбіскуп Дурбана Уільфрыд Фокс Напіер. Генеральным сакратаром Сінода будзе італьянскі кардынал Ларэнца Бальдзісэры, генеральным рэлятарам – венгерскі кардынал Пэтэр Эрдзё, спецыяльным сакратаром – італьянскі арцыбіскуп Бруна Фортэ.  

Пантыфік асабіста прызначыў 45 сінадальных айцоў, акрамя тых, удзел якіх прадугледжаны статутам Сінода Біскупаў. На мінулагодняй сесіі Сінода іх было 26. Беларускі епіскапат будзе прадстаўляць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.