Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сінод Біскупаў будзе мець новую метадалогію
Дзяржава Ватыкан
02.10.2015 15:48

4 кастрычніка ў Ватыкане пачнецца пасяджэнне Сінода Біскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце». Аб новай метадалогіі працы Сінода распавёў яго генеральны сакратар кардынал Ларэнца Балдзісэры на брыфінгу ў Прэс-службе Апостальскай Сталіцы 2 кастрычніка.

Новая метадалогія была зацверджана Папам Францішкам падчас сустрэчы Звычайнай Рады Сінода Біскупаў, што праходзіла 25-26 мая 2015 г.

Першым новаўвядзеннем стала тое, што Айцы Сінода будуць мець доступ да тэкстаў выступленняў. Большае значэнне будзе таксама нададзена дыскусіям у малых групах. Іх будзе 13: адна на нямецкай мове, чатыры — на англійскай, тры — на іспанскай, тры — на французскай і па дзве — на польскай і італьянскай. Сустрэчы ў малых групах не будуць мець абмежавання па часе. Змест дыскусій будзе даступны для СМІ.

Тэмай першага тыдня працы форуму будуць выклікі, які стаяць перад сям’ёй. Пасля прамовы сакратара Сінода сваім сведчаннем падзеліцца сужэнская пара. Затым адбудуцца выступленні сінадальных айцоў, абмежаваныя трыма хвілінамі. Іншыя тэмы Сінода будуць засяроджаны вакол распазнання паклікання сям’і і яе місіі. Сінадальныя айцы, акрамя тэкстаў выступленняў, змогуць перадаць у сакратарыят і іншыя свае тэксты.

Падчас Сінода будуць адбывацца штодзённыя брыфінгі. Удзельнікі змогуць свабодна камунікаваць з медыя, згодна з уласным жаданнем і адказнасцю. У той жа час не будзе распаўсюджвацца інфармацыя аб розных этапах падрыхтоўкі базавага дакумента форума.

У форуме прымуць удзел 270 сінадальных айцоў. 54 з іх будуць прадстаўляць Афрыку, 64 — Амерыку, 36 — Азію, 107 — Еўропу і 9 — Акіянію. Таксама ў пасяджэнні будуць удзельнічаць кіраўнікі 15 Сінодаў Усходніх Касцёлаў, 25 кіраўнікоў ведамстваў Рымскай курыі, сакратар і падсакратар Сінода. Беларусь на Сінодзе будзе прадстаўляць Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.