Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал П’етро Паралін да папскай гвардыі: «Пачынайце сваёй службай сведчыць, што Бог жывы»
Дзяржава Ватыкан
07.05.2016 10:56

6 мая Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці кардынал П’етро Паралін узначаліў у ватыканскай базыліцы ранішнюю Эўхарыстыю для Папскай швейцарскай гвардыі перад прысягай 23 новых рэкрутаў.

«Не чакайце, пачынайце ўжо сёння сваёй вернай штодзённай службай Святому Айцу, братэрскасцю і добрымі адносінамі паміж вамі, прыкладам веры сведчыць, што Бог жывы, пяшчотны і міласэрны», — заклікаў кардынал.

Іерарх звярнуўся да зместу і сэнсу біблійных падзей, якія ўзгадваюцца вернікамі падчас святкавання Унебаўшэсця Пана і Спаслання Духа Святога: перш чым узняцца на неба, Езус наказаў сваім вучням ісці па ўсім свеце і прапаведваць Евангелле, а праз Духа Святога надзяліў іх неабходнымі моцай і адвагай.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што прапаведванне — складаная справа, якая нярэдка сутыкаецца з пераследам і часам падрабуе вялікіх ахвяр, нават смерці. Нездарма і навабранцы Швейцарскай гвардыі прымаюць прысягу 6 мая — у памяць аб трагічнай падзеі 1527 года, калі падчас захопу і разрабавання Рыма войскамі імператара Карла V 147 гвардзейцаў загінулі, абараняючы наступніка св. Пятра.

Па словах кардынала П’етро Параліна, ахвяра жыцця не была б магчымай без веры ва ўваскрослага Хрыста.

Іерарх узгадаў заступнікаў Швейцарскай гвардыі — св. Марціна, св. Себасцьяна і св. Мікалая з Флюэ, якія былі надзейнымі прыладамі ў Божых руках у любых справах, да якіх былі пакліканы. Кардынал заклікаў гвардзейцаў быць адважнымі сведкамі Хрыста ва ўсім свеце, які прагне святла, аднак часта не мае мужнасці яго прыняць.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.