Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Міс Germany» прыедзе на сустрэчу з Папам Францішкам
Дзяржава Ватыкан
02.06.2016 15:01

Уладальніца тытулу «Міс Germany» Лена Бродзер 15 чэрвеня падчас агульнай аўдыенцыі сустрэнецца з Папам Францішкам. Аб гэтым маладая настаўніца рэлігіі паведаміла нямецкаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву «KNA». З гэтай нагоды яна падорыць Пантыфіку сваю кнігу «Прыгажосць ўва мне — з верай да поспеху».

Паводле слоў уладальніцы тытулу «Міс Germany», яна хоча засведчыць Папу Францішку, «што маладыя людзі ганарацца сваёй верай».

Бродзер у мінулыя выхадныя была госцем Каталіцкага дня ў Ляйпцыгу. Яна прызналася там, што сустрэцца з Папам марыла з дзяцінства, калі ў групе калядоўшчыкаў, якіх у Германіі называюць «спевакамі зоркі», збірала сродкі для дапамогі місіянерам.

Калі яе спыталі, ці будзе яна выступаць на конкурсе «Міс Свету», яна адказала, што, на яе думку, ужо дасягнула ўсяго, пра што можна марыць, і што важна ў нейкі момант спыніцца. «Мяне менш за ўсё хвалюе мой знешні выгляд —– асоба і характар нашмат важнейшыя», — сказала Бродзер.

Гэтая думка гучыць і на старонках кнігі, якую напісала Лена. Маладая настаўніца дамаводства і каталіцкай рэлігіі піша ў ёй аб сваім асабістым ідэале прыгажосці, які развіваўся на працягу гадоў і аб тым, як прыгажосць, Касцёл і вера могуць суіснаваць гарманічна.

Варта зазначыць, што ў Германіі існуе не адзін, а два нацыянальныя конкурсы прыгажосці: «Miss Germany» і «Miss Deutschland».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.