Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імша падзякі за кананізацыю св. Элізабэты Хэсэльблад прайшла ў Ватыкане
Дзяржава Ватыкан
07.06.2016 11:58

Эфектыўнасць экуменізму залежыць не ад нашых добрых намераў, але ад фактычнага яднання з Хрыстом — такія высновы, па словах Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка кардынала П’етро Параліна, можна зрабіць, аналізуючы жыццё св. Элізабэты Хэcэльблад.

Іерарх узначаліў 6 чэрвеня святую Імшу падзякі за кананізацыю шведскай манахіні з Ордэну Брыгідак. Кананізацыя адбылася напярэдадні ў нядзелю.

Святая Элізабэта вырасла ў лютэранскай сям’і, але з дзяцінства хацела еднасці Касцёла, і ў 32 гады прыняла каталіцкую веру.

Кардынал П'етро Паралін нагадаў, што св. Элізабэта ў поўнай меры ўсведамляла неабходнасць адзінства ўсіх хрысціян у адной аўчарні і з адным пастырам. Яна не прымала ніякіх паўмер або кампрамісаў, была да канца ахвярнай жанчынай.

«З часам яна зразумела, што для хрысціянскага адзінства не хопіць толькі маліцца, яно таксама патрабуе ахвяр. Яна перажывала іх у сваёй душы і целе, наследуючы ў гэтым іншую вялікую шведку св. Брыгіду, рэалізуючы яе асабісты дэвіз: Amor meus crucifixus est (Мая любоў укрыжаваная)», — нагадаў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.

Падчас Другой сусветнай вайны св. Элізабэта Хэcэльблад была настаяцельніцай кляштара сясцёр брыгідак у Рыме на плошчы Фарнэзэ, дзе хавала больш за 60 чалавек. Людзі, якім яна ўратавала жыццё, былі ў асноўным яўрэямі, якіх пераследвала фашысцкая ўлада. Шведская манахіня была ўганаравана званнем «Праведнік сярод народаў».

Сёння сёстры брыгідкі працягваюць развіваць харызмат, закладзены св. Брыгідай Шведскай, заснавальніцай ордэну, і Элізабэтай Хэcэльблад, якая ўзнавіла яго дзейнасць. Яны аказваюць гасціннасць пілігрымам, якія прыбываюць у Рым, а таксама асаблівым чынам моляцца аб хрысціянскім адзінстве і развіваюць экуменічны дыялог паміж хрысціянамі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.