Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Небывалы падарунак веруючым Украіны: Ватыкан пакінуў адну Браму Міласэрнасці адчыненай
24.11.2016 11:44

20 лістапада, у апошні дзень Юбілейнага Года Міласэрнасці, прайшло закрыццё апошніх Святых Дзвярэй — у базыліцы св. Пятра ў Рыме. Аднак Ватыкан прыняў беспрэцэдэнтнае рашэнне пакінуць адну Браму Міласэрнасці адчыненай — яна знаходзіцца ў адным з касцёлаў ва Украіне.

Пра гэта паведаміў inforesist.org дапаможны біскуп Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі Ян Сабіла. Іерарх патлумачыў, што гаворка ідзе пра санктуарый Бога Айца Міласэрнага ў Запарожжы.

Вернікі, як адзначыў біскуп Сабіла, даведаліся пра гэтае рашэнне Ватыкана 19 лістапада, калі сабраліся на Імшу, каб падзякаваць Богу за Год Міласэрнасці. Нечаканую вестку перадалі з Апостальскай Нунцыятуры ва Украіне.

На думку біскупа Сабілы, адна з прычын такога рашэння ў тым, што санктуарый знаходзіцца ў прыфрантавой зоне і на мяжы з тэрыторыямі, дзе па-ранейшаму ідуць баявыя дзеянні.

Акрамя гэтага, у Запарожжы знаходзіцца Тэхнічны камітэт акцыі «Папа для Украіны», які распаўсюджвае дабрачынную дапамогу, сабраную Каталіцкім Касцёлам у Еўропе, а таксама асабіста Папам Францішкам.

Як адзначыла прэс-сакратар ініцыятывы «Папа для Украіны» Алена Кулыгіна, тэрмін, на які Год Міласэрнасці працягваецца для Украіны, невядомы. «Пакуль што Ватыкан пацвердзіў, што дзверы не зачыняюцца. Яны адчынены да наступных інструкцый. Магчыма, гэта будзе залежаць ад падзей на ўсходзе Украіны, ад ваенных дзеянняў», — падкрэсліла Алена Кулыгіна.

Паводле sib-catholic.ru
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.