| Егіпет перад прыездам папы Францішка: на Сінаі каля праваслаўнага манастыра адбылася стральба | 
| 20.04.2017 09:29 | 
| 18 красавіка, за дзесяць дзён да візіту папы Францішка ў Егіпет, на паўвостраве Сінай каля паліцэйскага пункту недалёка ад праваслаўнага манастыра святой Кацярыны адбылася стральба, у выніку якой быў забіты адзін паліцэйскі і паранены чатыры іншыя. 
 Дырэктар службы бяспекі Паўднёвага Сінаю генерал-маёр Ахмед Таіль заявіў егіпецкаму выданню «Аль-Масры аль-Яум», што стральба каля манастыра была выпадковай і на месцы здарэння ідзе следства.  Нагадаем, што ў Пальмовую нядзелю, 9 красавіка, адбыліся два тэрарыстычныя напады на копцкія святыні — у Александрыі і ў Танце, у выніку якіх загінулі 45 чалавек і амаль 100 былі паранены. 28–29 красавіка папа Францішак здзейсніць апостальскае падарожжа ў Егіпет. Падчас візіту Пантыфік сустрэнецца, між іншым, і з мусульманскімі лідарамі. Здарэннем на Сінаі занепакоены Прэзідэнт краіны Абдэль Фатта аль-Сісі, які намагаецца вярнуць у краіну спакой і мір, а таксама ў межах барацьбы з ісламскім экстрэмізмам стараецца бараніць хрысціянскую меншасць. Заснаваны ў VI стагоддзі ля падножжа гары Сінай манастыр св. Кацярыны з’яўляецца адным з самых старажытных і самых важных месцаў хрысціянскага культу не толькі ў Егіпце, але і ва ўсім свеце. У праваслаўі ён мае статус асобнай аўтаномнай Царквы, якая падпарадкоўваецца Патрыярху Іерусалімскаму. Паводле КАІ (VGr) | 












 
  для друку
 для друку
