Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі для катэхетаў на св. Імшы з нагоды правядзення курсаў павышэння кваліфікацыі
Бараўляны, 17 сакавіка 2007 г.

«Ідзіце і навучайце ўсе народы», — такія словы скіраваў Хрыстус да сваіх вучняў, даручаючы ім заданне абвяшчаць Добрую Навіну аб збаўленні. З аднаго боку, вельмі просты і нескладаны наказ, выкананне якога не патрабуе асаблівай падрыхтоўкі і матэрыяльнай базы, але з другога боку, заданне, атрыманае апосталамі і вучнямі, як бачым, мела сусветныя маштабы. У выкананні гэтага Хрыстовага задання неацэнную дапамогу святарам, душпастырам, вестунам Добрай Навіны аказваюць шматлікія мужчыны і жанчыны — катэхеты.

Дзякуючы вам, катэхетам, Божае Слова можа пачуць большая колькасць людзей. Вашае служэнне вельмі патрэбнае людзям рознага ўзросту: ад найменшых дзетак, якія толькі пачынаюць пазнаваць Пана Бога і веру Касцёла, і да тых людзей, якім толькі ў сталым узросце адкрылася праўда Хрыстовага Евангелля. Акрамя таго, вам даводзіцца працаваць з групамі падрыхтоўкі да Першай Камуніі, з падлеткамі, юнакамі і дзяўчатамі, з вучнямі старэйшых класаў, з працоўнай і студэнцкай моладдзю і іншымі групамі вернікаў. І да кожнага трэба знайсці свой падыход, знайсці адпаведныя словы, каб данесці да чалавека Божае Слова. Такім чынам, вы з’яўляецеся ў парафіях як быццам працягам рук і вуснаў Хрыста ў справе пашырэння Божага Валадарства сярод вернікаў, даручаных вам святаром. Пра гэтае служэнне Збаўца вобразна гаворыць сваім вучням у прыпавесці, якую пачынае словамі: «Вось выйшаў сейбіт сеяць…». Вы і ёсць тыя евангельскія сейбіты, якія сеюць насенне Божага Слова на раллі чалавечых сэрцаў.

Мэта гэтай вашай сустрэчы — навучыцца сучасным метадам перадачы нязменнага і праўдзівага вучэння Касцёла, каб групы вернікаў розных узростаў маглі добра яго засвоіць у адпаведнасці з зацверджанымі планамі катэхізацыйных заняткаў. Напэўна, ніводзін чалавек не можа быць настолькі самаўпэўненым, каб лічыць, што ён дастаткова падрыхтаваны для перадачы ведаў іншым і што можа бліскуча адказаць на любое, нават самае складанае пытанне. У гэтым няма нічога дзіўнага: такое самае пачуццё было знаёмае і прарокам Старога Запавету. Многія з іх, пачуўшы Божае пакліканне, атрымаўшы ад Бога наказ абвяшчаць Яго слова, таксама адчувалі сваю няздольнасць, чалавечую слабасць, непадрыхтаванасць, а здаралася, што наогул спрабавалі ўцячы, каб пазбегнуць выканання прароцкай місіі, як, напрыклад, прарок Ёна.

У Новым Запавеце апосталы пачалі выконваць сваю місію пасля таго, як у свята Пяцідзесятніцы прынялі Духа Святога. Напоўненыя Яго моцаю, яны пайшлі ў свет, каб несці людзям Добрую Навіну пра Езуса Хрыста, Збаўцу свету.

Умілаваныя катэхеты! Разважаючы пра даручаную вам місію, вы павінны ўсведамляць, што ў рэшце рэшт вы супрацоўнічаеце ў справе фармавання новага чалавека. Дзякуючы катэхетычным заняткам, якія вы праводзіце, вы дапамагаеце вернікам умацаваць сваю веру, паглыбіць рэлігійныя веды і такім чынам дасягнуць унутранай гармоніі і ісці наперад па шляху да святасці. Вы дапамагаеце ім не толькі не баяцца глядзець на Бога, пазнаваць Яго, але таксама і імкнуцца да Яго, імкнуцца да святасці, каб рэалізаваць у жыцці Яго заклік: «Будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш» (Лев 19, 2).

Сёння напрацаваныя розныя спосабы навучання, актывізацыі ўвагі слухачоў, і вам, напэўна, пра ўсё гэта падрабязна распавядалі арганізатары гэтай сустрэчы. Вы таксама мелі магчымасць падзяліцца багаццем свайго ўласнага вопыту з калегамі, бо многія з вас ужо шмат гадоў служаць Касцёлу ў справе катэхізацыі. Але найлепшым і наймудрэйшым катэхетам, безумоўна, з’яўляецца сам Езус Хрыстус, і чым больш уважліва вы будзеце Яго слухаць, тым больш канкрэтнай дапамогі ў справе перадачы словаў вечнага жыцця атрымаеце ад Боскага Настаўніка. Яго прыклады, узятыя са штодзённага жыцця звычайных людзей, трапныя назіранні з’яваў прыроды і параўнанне іх з пэўнымі жыццёвымі сітуацыямі, а таксама выкарыстанне ў выхаваўчых мэтах высакародных традыцый продкаў — усё гэта як найлепш спрыяе ўзрастанню Божага Слова ў сэрцах вернікаў.

Адноўлена 18.07.2009 17:41
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі