Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія кардынала Казіміра Свёнтка на ўрачыстасць св. Андрэя Баболі ў Янаве 2007 г.
Гісторыя рэліквій святога Андрэя Баболі

Урачыста адзначаючы 350-ю гадавіну мучаніцтва святога Андрэя Баболі, недастаткова пазнаёміцца толькі з яго біяграфіяй ад нараджэння да мучаніцкай смерці. Нам прынясе немалую карысць і духоўна нас узбагаціць таксама знаёмства з «гісторыяй» яго цела пасля смерці, — рэліквіямі святога мучаніка. Тым больш, што гісторыя гэтых рэліківій незвычайная: яна проста перапоўнена цудоўнымі знакамі Божага Провіду.

Калі пасля забойства кбты паспешна пакінулі Янаў, вернікі забралі знявечанае цела айца Андрэя, перанеслі ў касцёл, а потым езуіты на падводзе перавезлі яго ў Пінск, дзе паклалі ў чорную труну і пахавалі ў крыпце езуіцкага касцёла.

16 красавіка 1702 г. рэктару Пінскага езуіцкага калегіума Марціну Гадэбскаму з’явіўся ў сне Андрэй Баболя і аб’явіў, што ён будзе асабліва апекавацца калегіумам пры ўмове, калі рэктар загадае знайсці ягонае цела, пахаванае разам з іншымі ў крыпце касцёла, і перазахавае яго асобна. 20 красавіка 1702 г. труну Андрэя Баболі знайшлі, а яго цела, што засталося нятленным, паклалі ў новую труну і паставілі пасярэдзіне крыпты.

З таго часу да труны з целам мучаніка пачалі прыходзіць вернікі. Усе адчулі яго апеку над калегіумам і над усёй Піншчынай, якую, між іншым, абмінула жахлівая эпідэмія. Тысячы людзей паведамлялі пра атрыманыя ласкі праз заступніцтва Андрэя Баболі. Пачалі рабіцца за2хады аб беатыфікацыі вялікага мучаніка.

Пасля скасавання ордэна езуітаў апеку над труною Андрэя Баболі ўзялі на сябе уніяцкія святары. Калі былая езуіцкая святыня перайшла ў рукі базыльянаў, езуіты, занепакоеныя тым, што труну з целам мучаніка закапаюць у зямлю, атрымалі дазвол ад цара Аляксандра І і ў студзені 1808 г., нягледзячы на суровую зіму, на возе перавезлі рэліквіі ў Полацк, дзе змясцілі іх у крыпце свайго касцёла. Калі езуітаў выгналі з Расійскай Імперыі, труну перадалі піярам, а пасля іх скасавання ў 1830 г. труну перанеслі ў касцёл дамініканаў.

30 кастрычніка 1853 г. у базыліцы святога Пятра ў Рыме адбылася беатыфікацыя Андрэя Баболі, якую здзейсніў Папа Пій ІХ. Гэтая знамянальная падзея выклікала вялікую радасць не толькі ў езуітаў, але і ў многіх шанавальнікаў палескага мучаніка, а асабліва там, дзе ён нарадзіўся, працаваў і прыняў смерць за веру.

26 ліпеня 1857 г. арцыбіскуп Жылінскі падчас кананічнага візіту да труны благаслаўлёнага мучаніка ўзяў частку левай рукі як рэліквію, якую пераслаў Папу Пію ІХ.

У лістападзе 1864 г. дамініканаў таксама прымусілі пакінуць Полацк, а іх касцёл разам з рэліквіямі Андрэя Баболі перайшоў пад апеку дыяцэзіяльных святароў.

17 верасня 1917 г. у прысутнасці арцыбіскупа Эдварда Ропа быў праведзены агляд рэліквій благаслаўлёнага Андрэя Баболі; былі ўзяты тры рабры на рэліквіі, цела святога апранулі ў новае святарскае адзенне, паклалі ў металічную труну, якую паставілі пад балдахінам у капліцы, зробленай у былой закрыстыі.

Пра далейшы лёс труны з рэліквіямі Андрэя Баболі дакладна распавёў мне Браніслаў Тарлецкі, арганіст пінскай катэдры, які менавіта ў той час выконваў функцыі арганіста ў былым дамініканскім касцёле ў Полацку і быў разам з маладым вікарыем непасрэдным сведкам падзеяў, што адбыліся ў гэтым касцёле.

Савецкія ўлады паведамілі, што калі ў царкве ў Полацку была ўскрыта ра2ка святой Ефрасінні, то ў ёй знаходзіліся толькі спарахнелыя косці. Тады ўлады загадалі правесці агляд таксама і труны з целам благаслаўлёнага Андрэя Баболі.

23 чэрвеня 1922 г. прадстаўнікі савецкай камісіі ўвайшлі ў касцёл, адчынілі труну, здзерлі з цела адзенне, вертыкальна паднялі труну і з сілаю стукнулі аб падлогу. На вялікае здзіўленне гэтай так званай «камісіі», цела не рассыпалася, а цэлае вывалілася з труны. Калі камісія пакінула касцёл, святары паклалі цела благаслаўлёнага Андрэя Баболі назад у труну і паставілі яе зноў у капліцу.

Тарлецкі распавядаў мне, што савецкія ўлады дазволілі наведваць труну з рэліківіямі Андрэя Баболі, але за ўваход у касцёл трэба было заплаціць 5 рублёў золатам. Спачатку вельмі шмат католікаў плаціла гэтую «даніну», каб памаліцца пры труне благаслаўлёнага Андрэя Баболі. Калі ж колькасць вернікаў, якія мелі залатыя рублі, стала меншай, савецкія ўлады вырашылі вывезці труну з рэліквіямі.

20 ліпеня 1922 г., ужыўшы сілу супраць парафіянаў, якія спрабавалі абараніць труну з рэліквіямі благаслаўлёнага Андрэя Баболі, цела забралі і вывезлі ў Маскву, дзе змясцілі ў будынку Гiгiенiчнай выставы Народнага камiсарыята здароўя.

Папа Пій ХІ рашуча запатрабаваў аддаць цела Андрэя Баболі. Беручы пад увагу матэрыяльную дапамогу (эшалон збожжа), якую Папа Пій ХІ аказаў падчас голаду ў Савецкім Саюзе, савецкая ўлада згадзілася аддаць цела Андрэя Баболі Ватыкану. 3 кастрычніка 1923 г. савецкія чыноўнікі перадалі цела Андрэя Баболі двум езуітам, членам Папскай місіі ратавання.

Не магу абмінуць адной дэталі, якая датычыць сапраўднасці цела мучаніка. Мне расказвалі, што перад тым, як цела Андрэя Баболі было забрана з полацкага касцёла, адзін са святароў паклаў пад рэбрамі маленькую паперку з двума словамі «Andreas Bobola» і паведаміў пра гэта касцёльным уладам. Калі цела перадавалі з маскоўскага музея, касцёльны дэлегат незаўважна выняў гэтую паперку, пераканаўшыся такім чынам, што гэтыя рэліквіі сапраўды благаслаўлёнага Андрэя Баболі.

З усімі мерамі засцярогі рэліквіярый з целам Андрэя Баболі ў абход Польшчы распачаў вялікае падарожжа праз Адэсу і Канстанцінопаль у Рым, дзе быў змешчаны ў капліцы святой Мацільды ў Ватыкане.

4 снежня 1923 г. была праведзена ідэнтыфікацыя цела Андрэя Баболі з узятаю ў тысяча васемсот пяцьдзесят сёмым годзе ў Полацку леваю рукою, якая несумненна была часткаю гэтага цела.

У маі 1924 г. Папа Пій ХІ перадаў рэліквіі благаслаўлёнага Андрэя Баболі ў езуіцкі касцёл Іль-Джэзу ў Рыме, дзе яны захоўваліся на працягу 14 гадоў, а менавіта да кананізацыі, якая адбылася ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана 17 красавіка 1938 г.

Першую святую Імшу пры труне ўжо святога Андрэя Баболі ў прысутнасці Папы Пія ХІ цэлебраваў як сваю прыміцыйную Імшу ксёндз Аляксандр Зянкевіч, новапрэзбітэр, мой калега па семінарыі з Пінска.

Пасля перамоваў наконт таго, дзе павінны захоўвацца рэліквіі святога Андрэя Баболі — у Пінску або ў Варшаве, — Папа Пій ХІ аддаў першынство сталіцы Польшчы. Спецыяльным цягніком адбыўся трыумфальны перавоз труны з рэліквіямі святога Андрэя з Рыма ў Варшаву. Цягнік праходзіў акружнымі шляхамі праз Югаславію, Венгрыю, Чэхаславакію, па тэрыторыі Польшчы — праз Асвенцім, Кракаў, Катавіцы, Познань, Лодзь, а ўзначальваў цырымонію перавозу біскуп Караль Няміра, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі.

17 чэрвеня 1938 г. рэліквіярый з целам Андрэя Баболі прыбыў у Варшаву, дзе тры дні тысячы варшавянаў ушаноўвалі рэліквіі святога мучаніка ў архікатэдры святога Яна. 20 чэрвеня рэліквіі ўрачыста перавезлі ў капліцу на вуліцы Ракавецкай.

Рэліквіярый з часткаю рэліківій святога Андрэя Баболі, зроблены ў форме маленькай труны, пераслалі цягніком у Пінск. Біскупы, святары, семінарысты, езуіты, а таксама мноства вернікаў сустракалі рэліквіі святога мучаніка Палесся на чыгуначным вакзале і ва ўрачыстай працэсіі вуліцамі Пінска перанеслі рэліквіярый у касцёл езуітаў, дзе змясцілі ў бочнай наве касцёла на спецыяльна пабудаваным алтары ў гонар святога Андрэя Баболі. На жаль, у верасні 1939 г. касцёл езуітаў быў абрабаваны, маленькая труна была знойдзена скінутаю на зямлю і пустою. Рэліківіі бясследна зніклі.

26 верасня 1939 г. артылерыйскі снарад трапіў у капліцу на вуліцы Ракавецкай і пашкодзіў труну з рэліквіямі святога Андрэя Баболі. Лётчыкі перанеслі рэліквіярый у Стары горад, у езуіцкі касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай, дзе ён заставаўся да пачатку Варшаўскага паўстання. Калі ў 1944 г. вуліца Свентаяньска палала ў агні, труну па падземных камунікацыях перанеслі ў касцёл святога Яцка і змясцілі ў сутарэнні, дзе рэліквіі праляжалі пад развалінамі да лютага 1945 года.

Пасля вызвалення Варшавы труну адкапалі і, асцерагаючыся савецкіх войскаў, перавезлі рэліквіі святога Андрэя Баболі, як быццам цела аднаго са святароў, назад у капліцу на вуліцы Ракавецкай. 25 сакавіка 1950 г. у прысутнасці Прымаса Польшчы кардынала Стэфана Вышынскага рэліквіі пераклалі ў срэбную адрамантаваную труну, якую змясцілі ў галоўным алтары капліцы.

Намер пабудаваць святыню ў гонар святога Андрэя Баболі з’явіўся яшчэ ў 1938 г., але пазней было вырашана ўзвесці велічны санктуарый святога і ў ім змясціць труну з рэліквіямі гэтага мучаніка.

Вуглавы камень, асвячоны Папам Янам Паўлам ІІ 15 кастрычніка 1980 г., быў падрыхтаваны мною. Ён складаўся з кавалкаў цэглы і камянёў з месца мучаніцтва святога, з фундаментаў касцёла ў Янаве, касцёла езуітаў у Пінску і пінскай катэдры.

Асвяціў санктуарый кардынал Юзаф Глемп, Прымас Польшчы, 24 лістапада 1991 года. Я, як канцэлебрант, намасціў адну са сцен святыні. Труна з рэліквіямі святога Андрэя Баболі заняла сваё пастаяннае месца і была змешчана пад прэзбітэрыем санктуарыя. 17 мая 1992 г. удзельнічаў таксама ва ўрачыстасці абвяшчэння святога Андрэя Баболі Апекуном Варшаўскай мітраполіі.

А на Палессі, у Пінскай дыяцэзіі, Янаў — месца, асвячонае мучаніцкай смерцю святога Андрэя Баболі, — стала цэнтрам яго культу. З трох рэбраў, узятых з цела мучаніка 17 верасня 1917 г. у Полацку, адно было перададзена ў янаўскі касцёл, што вельмі паспрыяла наведванню святыні і распаўсюджанню культу святога Андрэя Баболі.

Яшчэ да 1939 г. кожны год у Янаў на ўрачыстасць шаснаццатага мая — дзень смерці святога Андрэя Баболі — з Пінска на спецыяльным цягніку адпраўлялася шматлікая пілігрымка. Святая Імша з удзелам Пінскага біскупа, духавенства і вялікай колькасці вернікаў адбывалася перад касцёлам пад адкрытым небам. На пачэсным месцы стаяў рэліквіярый авальнай формы, у якім за шклом было відаць рабро святога мучаніка. Калі ў 1954 г. я вярнуўся ў Пінск, кожны год 16 мая спачатку я адзін, а потым з ксяндзом Станіславам Рыжкам, ехаў у Янаў, падтрымліваючы такім чынам традыцыю пінскіх пілігрымак.

Калі савецкія ўлады забіралі касцёл у Янаве, арганіст паспеў вынесці рэліквіярый з рабром святога Андрэя Баболі і патаемна захоўваў яго ў сваім доме. Пасля смерці арганіста рэліквіярый старанна зберагала яго жонка. 16 мая 1957 г., дакладна ў 300-ю гадавіну мучаніцкай смерці святога Андрэя Баболі, пасля неабходных узгадненняў айцец езуіт Пётр Язевіч прывёз у Пінск гэты рэліквіярый і перадаў яго мне ў катэдру. У тыя цяжкія часы я стаў вартаўніком гэтых рэліквій. Я выстаўляў гэты рэліквіярый на алтары Маці Божай Ружанцовай, а потым — на алтары святога Францішка, але з-за небяспекі магчымага крадзяжу рабіў гэта толькі 16 мая кожнага года.

Дзякуючы намаганням ксяндза Станіслава Паўліны, канцлера Пінскай дыяцэзіяльнай курыі, касцёл у Янаве быў вернуты католікам. Пасля таго, як пад кіраўніцтвам ксяндза Тадэвуша Стэчкоўскага, руплівага пробашча парафіі ў Янаве, касцёл быў адбудаваны, 14 верасня 2002 г. я кансэкраваў адноўленую святыню.

44 гады я захоўваў гэты рэліквіярый з рабром святога Андрэя Баболі ў пінскай катэдры, а 13 мая 2001 г. перадаў у касцёл у Янаве.

І вось сёння тут, у Янаве (сучасным Іванаве), месцы мучаніцтва святога Андрэя Баболі, маючы перад сабою авальны рэліквіярый, а ў ім, за шклом, рэліквію — рабро святога мучаніка, мы ўрачыста адзначаем 350-ю гадавіну яго мучаніцкай смерці. Святы Андрэй Баболя праз свае рэліквіі, якія з’яўляюцца працягам яго жыцця, увесь час жывы, прысутны, даступны, паслужлівы, гатовы дапамагчы — ён пастаянна з намі.

Схіляем галовы перад нашым Апекуном Пінскай дыяцэзіі і перад яго рэліквіямі, выказваючы глыбокую падзяку за яго вызнанне веры — ажно да мучаніцкай смерці — і просім яго аб заступніцтве для нас, у адпаведнасці з дэвізам сённяшняй урачыстасці: «Быць сведкам веры».

Адноўлена 18.07.2009 18:04
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі