Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святой Імшы з нагоды ўрачыстага ўваходу ў магілёўскі архікатэдральны касцёл

Магілёў, архікатэдральны касцёл
Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава
8 снежня 2007 г.

Браты ў біскупскім і святарскім служэнні, члены манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, іншых веравызнанняў, дзяржаўнай улады і грамадскіх арганізацый, вернікі і ўсе людзі добрай волі!

1. Ад усяго сэрца вітаю Вас у мурах гістарычнага магілёўскага архікатэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. Гісторыя Каталіцкага Касцёла як у Беларусі і Расіі, так і ў іншых суседніх краінах шчыльна звязана з Магілёўскай архідыяцэзіяй і гэтаю святыняй. У 1772 годзе Кацярына ІІ сваім указам засноўвае так званы «Беларускі епіскапат» з цэнтрам у Магілёве, нагляд за якім быў даручаны Юстыц-калегіі. Праз год пасля гэтага яна прызначае біскупа Станіслава Яна Сестрэнцэвіча-Богуша ардынарыем «Беларускага епіскапату», а ў 1782 годзе пераўтварае яго ў Магілёўскую архідыяцэзію і дамагаецца прызнання ў Рыма. У выніку напружаных перамоваў Папа Пій VI у 1783 годзе скіроўвае ў Санкт-Пецярбург нунцыя Арэцці, які ад імя Святога Айца выдае булу аб прызнанні здзейсненых пераўтварэнняў.

Так былі закладзены кананічныя падмуркі структуры Каталіцкага Касцёла ў Расійскай Імперыі, народжаныя росчыркам манаршага пяра. Заснаваная такім чынам Магілёўская архідыяцэзія, распасцёршыся ад берагоў Балтыкі да Далёкага Усходу, тэрытарыяльна стала самай вялікай дыяцэзіяй у свеце.

У яе ўваходзілі такія цэнтры палітычнага, культурнага, эканамічнага і духоўнага жыцця як сталіца тагачаснай Расійскай Імперыі — Санкт-Пецярбург і старажытная Масква. Менавіта у Санкт-Пецярбургу знаходзіліся шырока вядомая ў тыя часы каталіцкая духоўная Акадэмія і семінарыя. 62 выпускнікі Акадэміі пазней сталі біскупамі. Сярод іх арцыбіскуп Віленскі, Папскі візітатар у Літве благаслаўлёны Юры Матулевіч-Матулайціс і Слугі Божыя — біскуп Пінскі Зыгмунт Лазінскі, Апостальскі Адміністратар Магілёўскай і Мінскай дыяцэзій Баляслаў Слосканс і Апостальскі Адміністратар Санкт-Пецярбурга Антоні Малецкі. Сярод яе выпускнікоў таксама 2 кардыналы: арцыбіскуп Варшаўскі Аляксандр Какоўскі і першы кардынал у былым Савецкім Саюзе арцыбіскуп Рыжскі Юліян Вайвадс. З Санкт-Пецярбургскай духоўнай семінарыі і Акадэміі выйшлі біскупы і святары, многім з якіх давялося служыць у былым СССР у часы пераследу і пакутаваць за Касцёл, як, напрыклад, Магілёўскія арцыбіскупы Эдвард Ропп і Ян Цепляк. Многія сваёю мучаніцкаю смерцю пацвердзілі вернасць Хрысту і Ягонаму Касцёлу.

Менавіта ў Магілёве ў 1905 годзе благаслаўлёная Баляслава Лямэнт, падзвіжніца адзінства хрысціянаў, заснавала Кангрэгацыю Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і.

 
2. У часы ганенняў гэты архікатэдральны касцёл — святыня-маці ўсіх каталіцкіх касцёлаў Магілёўскай архідыяцэзіі — падзяліў лёс тысячаў іншых як праваслаўных і каталіцкіх святыняў, так і дамоў малітвы іншых веравызнанняў. Шмат дзесяцігоддзяў горад, у якім знаходзіцца гэтая гістарычная архікатэдра, заставаўся без святыні. Аднак людзі захавалі веру.

Упершыню я прыехаў у Магілёў 24 лістапада 1989 года для асвячэння капліцы на каталіцкіх могілках. Я тады жыў у Гродне і, ад’язджаючы, мы ў спешцы забыліся ўзяць з сабою адрас законных сясцёр, якія патаемна жылі тады ў Магілёве, каб у іх спыніцца. Мы прыехалі ў горад позна ўвечары.

Ішоў снег. Куды ехаць? Як знайсці сясцёр? Мабільных тэлефонаў тады не было. У мяне дома ў Гродне таксама нікога. Бачым, па вуліцы ідуць дзве жанчыны. Спыталіся ў іх, дзе знаходзяцца каталіцкія могілкі і ў адказ пачулі не толькі, як туды дабрацца, але і тое, што заўтра там адбудзецца асвячэнне капліцы і нават прыедзе біскуп, пра што перадалі па радыё.

У капліцы, нягледзячы на позні час, мы знайшлі людзей, бо, як звычайна, штосьці яшчэ было не дароблена. Нам сказалі, куды ехаць. Мы пад’ехалі да невялікай драўлянай хаткі. Увайшоўшы ўсярэдзіну, я са здзіўленнем убачыў, што сястра ўкленчыла перад шафаю. На маё пытанне, навошта яна гэта зрабіла, я пачуў, што ў звычайнай шафе для адзення знаходзіцца табэрнакулюм з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Зрэдчас у Магілёў прыязджаў святар і цэлебраваў святую Імшу. Гэтая хатка была адзіным месцам у Магілёве, дзе чалавек мог хоць час ад часу ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, паспавядацца і прыняць святую Камунію. У горадзе, ператвораным у бастыён атэізму, у звычайнай шафе білася Сэрца Збаўцы!

Потым, у 1994 годзе, на Сінодзе Біскупаў, які праходзіў у Ватыкане і быў прысвечаны кансэкраванаму жыццю, адна законніца распавяла пра тое, што ў часы пераследу ў іх доме ў шафе захоўваўся Найсвяцейшы Сакрамэнт, перад якім маліліся не толькі самі сёстры, але і іншыя вернікі. Гэтыя словы простай беларускай сястры законніцы, якая перажыла цяжкія гады ганенняў і радавалася духоўнаму адраджэнню, былі сустрэтыя бурнымі воплескамі трохсот біскупаў з усяго свету, адным з якіх быў я. Галоўная газета Каталіцкага Касцёла «L’Osservatore Romano» на наступны дзень выйшла з загалоўкам «Найсвяцейшы Сакрамэнт у шафе».

Другі мой прыезд у Магілёў меў месца 13 ліпеня 1990 года, калі дзяржаўныя ўлады вярнулі нам гэтую святыню. Я добра памятаю тыя перамовы і сёння яшчэ раз выказваю падзяку ўладам за разуменне нашых праблемаў і вяртанне гэтай гістарычнай архікатэдры. Я думаю, улады не шкадуюць пра гэта. Касцёл адноўлены і стаў адным з найбольш значных духоўных і культурных цэнтраў горада.

Я вельмі добра памятаю энтузіязм вернікаў падчас святой Імшы, якая адбылася каля галоўнага ўваходу. Невымоўную радасць мясцовых каталікоў выклікала прызначэнне пробашчам парафіі ксяндза Уладзіслава Бліна, цяперашняга біскупа Віцебскага. Я ад усяго сэрца дзякую Яго Эксцэленцыі біскупу Уладзіславу як за аднаўленне магілёўскай архікатэдры, так і за будаўніцтва ў мурах гэтага касцёла жывой святыні чалавечых душаў; дзякую таксама за арганізацыю музычнага фестывалю «Магутны Божа», які ўжо стаў традыцыйным.

Пасля майго прызначэння ў Маскву 13 красавіка 1991 года мне давялося яшчэ тройчы пабываць у вашым цудоўным горадзе. 7 ліпеня 1991 года я браў удзел у інгрэсе тагачаснага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, сёння кардынала Казіміра Свёнтка. Я шчыра дзякую свайму папярэдніку за тую вялізную працу, якую ён здзейсніў дзеля адраджэння духоўнага жыцця ў гэтым слаўным горадзе, што раскінуўся на берагах Дняпра. Сёння, яднаючыся ў малітве з Яго Эмінэнцыяй, які ў Пінску пасвячае для сваёй дыяцэзіі аднаго з першых выпускнікоў адноўленай ім Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага, я жадаю яму шчодрых ласкаў Божых і моцнага здароўя.

Па запрашэнні тагачаснага пробашча ксяндза Уладзіслава Бліна 13 кастрычніка 1992 г., у 7-ю гадавіну Фацімскіх аб’яўленняў, мне яшчэ раз давялося наведаць ваш горад і прывезці фігуру Маці Божай Фацімскай, якая і сёння знаходзіца ў гэтай катэдры.

Давялося мне таксама быць тут яшчэ раз зімой 1993 г.

Такім чынам, сёння я ўжо ў шосты раз пераступіў парог гэтага гістарычнага архікатэдральнага касцёла ўжо як новы Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт. Я пераступіў яго ў 255-ю гадавіну асвячэння гэтай святыні. Пераступіў з вялікім хваляваннем, памятаючы пра сваіх вялікіх папярэднікаў, якія закладалі падмуркі Каталіцкага Касцёла ў нашым геапалітычным рэгіёне, будавалі яго як Народ Божы і нават за яго пакутавалі.

Я пераступіў яго з пачуццём адказнасці і абавязку, які прыняў на сябе 10 лістапада гэтага года падчас кананічнага ўступлення на пасаду новага Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Я пераступіў яго з усведамленнем таго, што ў наш новы час, які з аднаго боку з’яўляецца часам новых магчымасцяў для ўзрастання ў веры, а з другога — часам, на жаль, дабравольнага адыходу ад веры, нам неабходна выхоўваць новага чалавека у адпаведнасці з патрабаваннямі гэтага новага часу, каб на маральных прынцыпах будаваць нашую будучыню, наш агульны дом, нашую Беларусь.

 
3. Прыкладам на гэтым шляху з’яўляецца Найсвяцейшая Панна Марыя, урачыстасць Беззаганнага Зачацця якой мы сёння святкуем. Сэнс гэтай праўды нашай веры наступны. Вядома, што кожны чалавек прыходзіць на гэты свет у стане прершароднага граху. Аднак Бог не мог дапусціць, каб Яго Сын — сама Святасць — нарадзіўся ад грэшнай жанчыны. Найсвяцейшы Сакрамэнт захоўваецца ў табэрнакулюме — найбольш пачэсным у святыні месцы, якое часта пакрыта золатам. Таксама і Марыя — першы табэрнакулюм — павінна была быць у духоўным сэнсе «залатым домам» (пар. Ларэтанская літанія), гэта значыць не мець аніякага граху. Таму моцаю будучых заслугаў Яе Сына, нашага Збаўцы Езуса Хрыста, Марыя была выключана з гэтага правіла, якому падлягаюць усе іншыя людзі. Багаслоўскае абгрунтаванне догмату пра Беззаганае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі знаходзіцца ў словах сённяшняга Евангелля. Арханёл Габрыэль называе Марыю «поўнаю ласкі» (пар. Лк 1, 28), гэта значыць вольнаю ад усялякага граху.

 
4. Першае заданне Касцёла — весці чалавека да святасці. Менавіта ўсеагульнае пакліканне да святасці з’яўляецца тэмаю сёлетняга душпастырскага года ў Беларусі. У сувязі з гэтым мы мусім паставіць перад сабою пытанне: які ты, чалавеча нашага часу?

Ці ўскладаеш ты надзею на Бога, ці разлічваеш толькі на свае ўласныя сілы, свой рацыянальны розум, развіццё навукі і тэхналогіі і гэтак далей?

Відавочна, і ў гэтым мы можам пераканацца на ўласным вопыце, што без Бога чалавек духоўна дэградуе, губляе свой Божы вобраз і падабенства, закладзеныя ў ім Творцам (пар. Быц 1, 27). Развіццё навукі і тэхнікі таксама не вырашыла праблемаў, з якімі сутыкаецца чалавецтва, але шмат у чым нават стварыла новыя.

Вялікі атам можа даваць энергію і лячыць, але можа і забіваць, пра што сведчаць Хірасіма і Нагасакі. Нават «мірны» атам далёка не бяспечны, што пацвярджае вопыт Чарнобыля. Развіццё генетыкі можа дапамагчы ў стварэнні новых эфектыўных лекавых сродкаў, але выкарыстанне яе дасягненняў без уліку маральных прынцыпаў, як, напрыклад, спробы кланавання чалавека ці чалавечых органаў, што разглядаюцца як быццам чалавечыя «запчасткі», глыбока амаральнае і супярэчыць Божай задуме. Медыцына паклікана абараняць бясцэнны Божы дар жыцця, але ў той жа час нярэдка яе дасягненні выкарыстоўваюцца для гвалтоўнага забойства жыцця праз аборты і эўтаназію.

У першым сённяшнім чытанні з кнігі Быцця мы чуем, як пасля ўчыненага граху Адам і Ева, пачуўшы голас Бога, схаваліся сярод дрэваў, бо адчулі сорам ад таго, што былі голымі (пар. Быц 2, 8–10). Сёння Касцёл пытаецца ў сучаснага чалавека: «Дзе ты? Як ты выглядаеш? Ці не голы ты?».

Так, чалавек апранаецца ўсё лепш і ва ўсё больш вытанчанае адзенне. Тут жа гаворка ідзе пра духоўнае адзенне, пра адзенне Божай ласкі. У што ты апрануты, чалавек нашага ўжо дваццаць першага стагоддзя: у адзенне Божай ласкі ці ў галоту граху?

Задача Касцёла як раз у тым, каб дапамагчы чалавеку апрануцца ў збаўчае адзенне Божай ласкі, бо сёння квітнее культ нудызму як у прамым сэнсе, так і ў духоўным. Чалавек, становячыся больш багатым матэрыяльна (хоць і бядоты яшчэ нямала па свеце — некаторыя людзі ледзь зводзяць канцы з канцамі), з’яўляецца бедным духоўна.

Гэта — цяжкая хвароба нашага часу, хвароба багатых і бедных краінаў, хвароба, прычынаю якой з’яўляецца рэлігійная недасведчанасць, адмаўленнне маральных каштоўнасцяў, лібералізм і маральны рэлятывізм, што не прызнае нічога трывалага, адрыў ад хрысціянскіх каранёў і гэтак далей. Усе ведаюць, што дрэва без каранёў ці з падрэзанымі каранямі засохне. Таксама духоўна засыхае і чалавек; засыхае, нягледзячы на тое, што мае ўсё больш і больш магчымасцяў для духоўнага ўзрастання і росквіту.

Паўнаводны Дняпро поіць сваёю вадою горад Магілёў. Без вады жыццё немагчымае. Нездарма навукоўцы, каб адказаць на пытанне адносна існавання жыцця на Марсе, спрабуюць знайсці на гэтай планеце ваду. Але для таго, каб забяспечыць горад вадою, каб вада цякла з кранаў у нашых дамах, неабходныя адпаведныя помпавыя станцыі і сістэма вадаправоду.

У Касцёле паўнаводнаю ракою цячэ збаўчая Боская ласка, крыніца якой — Езус Хрыстус. Аднак для таго, каб яна стала нашым набыткам, неабходна рэальна, а не толькі на паперы ці ў дэкларацыях, быць у Касцёле, належаць да яго. Неабходна, калі можна так сказаць, «падключыцца» да крыніцы Божай ласкі, гэта значыць да Хрыста, які жыве ў сваім Касцёле, каб жывая вада Божай ласкі паіла і ажыўляла нас.

У часы пераследу веры было мала святыняў і святароў, практычна не было рэлігійнай літаратуры, але людзі тым не менш не перарвалі сувязі з Касцёлам. Яны імкнуліся прыпасці да крыніцы ласкі, Езуса Хрыста, і напіцца з Яго, хоць і знаходзіўся Ён далёка, у нешматлікіх ацалелых касцёлах, або быў схаваны ў звычайнай шафе, як гэта адбылося ў Магілёве. Сёння доступ да Яго свабодны, прычым у многіх месца, практычна паўсюдна. Усё залежыць цяпер ад нас саміх: пойдзем мы да Яго ці не.

 
5. У вялікай справе новай евангелізацыі, якая з’яўляецца нашым заданнем, я разлічваю на вас, браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы і верны народ.

Я ўзяты сярод вас і для вас устаноўлены, каб, выконваючы сваё настаўніцкае, святарскае і пастырскае служэнне, дапамагчы сучаснаму чалавеку, які часта жыве так, як быццам Бог не існуе, прыйсці да Хрыста і апрануцца ў адзенне Божай ласкі, неабходнай для збаўлення.

Ад усяго сэрца я дзякую вам, святары і кансэкраваныя асобы, за ўсё, што вы зрабілі і робіце ў справе абвяшчэння Евангелля, асвячэння людзей і стварэння хрысціянскіх супольнасцяў; робіце часта ў вельмі цяжкіх умовах, калі здаецца, што няма надзеі і што ўсе намаганні — толькі марная сізіфава праца. Пры гэтым, аднак, нам неабходна памятаць, што, як кажа Хрыстус, «на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння» (Лк 15, 7). Нам трэба шукаць гэтых згубленых і заблукалых. Гэта — нашае пакліканне. Можа быць, сапраўды няшмат людзей у нашых святынях, асабліва тут, на ўсходзе краіны, але мы пакліканыя шукаць, пакліканыя сеяць зерне Божага слова, нягледзячы на тое, што жаць будуць іншыя. Узгадаем, што за Хрыстом пайшлі толькі апосталы і невялікая групка Яго паслядоўнікаў. Чыста па-чалавечы здавалася, што ў іх няма ніякіх шанцаў. Аднак рэальнасць аказалася іншаю: сёння ў свеце два мільярды хрысціянаў.

Я асабліва хачу падзякаваць вернікам, якія ў цяжкія часы ганенняў вытрывалі і не толькі захавалі веру, але таксама і перадалі яе новым пакаленням. Дзякую за вашае сведчанне і вернасць хрысціянскаму пакліканню. Памерлых няхай Пан Бог адорыць радасцю шчасця вечнага, а жывым няхай дасць шчодрае благаслаўленне і патрэбныя ласкі.

На вас, святары, прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця, свецкія вернікі і асабліва моладзь, надзея Касцёла і мая надзея. Я малю Богу, каб ніякія ўплывы свету, які імкліва секулярызуецца, не змаглі адарваць вас ад нязменнай і збаўчай праўды Хрыстовага Евангелля. Рыба, каб адкласці ікру і такім чынам даць новае патомства, шмат кіламетраў плыве на нераст супраць плыні.

Спартсмен толькі тады дасягне добрых вынікаў, калі будзе падымаць планку патрабаванняў да сябе ўсё вышэй і вышэй. Падобна адбываецца і ў духоўным жыцці. Нельга дазволіць сабе быць захопленым плынню ракі сучаснага амаральнага свету.

Здаўна ў Беларусі і, у прыватнасці, у Магілёве складаліся добрыя міжхрысціянскія адносіны. Перад абліччам небяспечных выклікаў нашага часу нам неабходна быць разам. Асабліва гэта датычыцца сумесных намаганняў у справе вырашэння актуальных праблемаў сучаснасці. Выказваю сваю гатоўнасць да далейшага дыялогу і спадзяюся на ўзаемную адкрытасць.

Касцёл — не з гэтага свету, але ён існуе ў гэтым свеце і, хоць аддзелены ад дзяржавы, аднак не аддзелены ад грамадства, а таму павінен удзельнічаць у яго развіцці, у першую чаргу развіцці духоўным. Дзякую дзяржаўным уладам за дапамогу ў вырашэнні нашых праблемаў і разлічваю на далейшае плённае супрацоўніцтва.

 
6. Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Уступаючы ў гэты гістарычны архікатэдральны касцёл, я дзякую Богу, які, як гэта паказвае жыццё, умее пісаць проста на пакручастых лініях чалавечай гісторыі і ставіць апошнюю кропку над «і». Я даручаю маё служэнне Хрыстоваму Касцёлу Беззаганнай Багародзіцы, просячы Яе Матчынай апекі. Праз заступніцтва Яе і святога Станіслава я прашу Божага благаслаўлення для гэтага служэння ўмілаванаму беларускаму народу.

Прашу вас, браты і сёстры, аб малітве ў маіх інтэнцыях, каб мы ўсе разам і аднадушна: я са сваім дапаможным біскупам Антоніем Дзям’янкам, святарамі, членамі манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця, а таксама з вернікамі, нягледзячы на цяжкасці нашага супярэчлівага часу, маглі заўсёды ісці да Хрыста, піць з Ягонай невычэрпнай крыніцы, апрануцца ў адзенне Божай ласкі, рабіць дабро і дабром перамагаць зло, будаваць нашую будучыню на непахісных хрысціянскіх каштоўнасцях і імкнуцца да святасці, каб на выклікі сучаснасці адказаць словамі майго біскупскага дэвізу: Quis ut Deus — «Хто ж, калі не Бог», каб Ён, Творца, быў ва ўсім, дзеля Яго хвалы і дзеля збаўлення людзей.

Няхай благаславіць нас і нашую Бацькаўшчыну ў гэтай добрай справе Уселітасцівы Бог.

Амэн.

Адноўлена 21.07.2009 16:07
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі