Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Вялікі чацвер. Імша Вячэры Пана

Мінская архікатэдра, 1 красавіка 2010 г.

Эўхарыстыя — сакрамэнт любові

1. Сёння мы перажываем Вялікі чацвер. Святой Імшой успаміну Апошняй Вячэры распачынаецца Пасхальны Трыдуум, які займае першае месца ў літургічным календары. Падчас Святога Пасхальнага Трыдууму мы адзначаем галоўную падзею ў гісторыі збаўлення. Сын Божы стаў чалавекам для нас і дзеля нашага збаўлення. І менавіта літургічныя цэлебрацыі Імшы Вячэры Пана, Вялікай пятніцы і Вялікай суботы заклікаюць нас да глыбокага перажывання таямніцы нашага збаўлення.

Езус, які ведаў, што пасля здзяйснення збаўлення чалавецтва Яму трэба будзе вярнуцца да свайго нябеснага Айца, заснаваў Касцёл і сакрамэнты ў ім. Напярэдадні сваёй крыжовай смерці падчас Апошняй Вячэры Ён устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і святарства. У Эўхарыстыі Езус застаецца з намі ва ўсе часы. Аднак не можа быць Эўхарыстыі без святара, бо толькі ён, дзейнічаючы моцаю Хрыста, можа перамяніць хлеб і віно ў Цела і Кроў Збаўцы. Вельмі добра сказаў св. Ян Марыя Віянэй, апякун святароў, што без святара не можа быць рэалізавана справа збаўлення.

Таму, дзякуючы святару, мы можам прымаць удзел ва ўсіх сакрамэнтах і перш за ўсё ў Эўхарыстыі — сакрамэнце любові. Менавіта да любові і еднасці заклікаў Езус падчас Апошняй Вячэры ўсіх хрысціян. Гэта вельмі актуальна сёлета, калі ўсе хрысціяне ў адзін дзень святкуюць Пасху. Гэты новы закон любові пакінуў нам Езус падчас Апошняй Вячэры.

2. Жыццё людзей у часы Езуса Хрыста не было лёгкім. Найбольш папулярным відам транспарту, калі так можна сказаць, былі ногі чалавека. Людзі пераадольвалі доўгі шлях па камяністай і пыльнай дарозе. Вельмі часта яны прыбывалі да мэты свайго падарожжа з параненымі і збалелымі нагамі. У знак гасціннасці гаспадар клапаціўся, каб ногі яго гасцей былі абмыты цёплай вадой, а таксама памасажыраваны, каб зняць стому або хаця б палегчыць іх боль. Гэта звычайна рабілі слугі гаспадара.

2. Паслуга абмывання ног выконвалася і ў заездах, якія знаходзіліся на галоўных дарогах. Змучаныя падарожнікі маглі заехаць туды, каб памыць ногі і з’есці пасілак. Такім чынам яны аднаўлялі сваю энергію, каб далей працягваць падарожжа.

На англійскай мове гэтыя заезды называліся «rest houses», адкуль і ўзяло пачатак добра вядомае ўсім нам слова рэстаран — месца, дзе змучаны падарожнік мог рэгенерыраваць свае сілы, хоць з часам значэнне гэтага слова моцна змянілася. Таму вучні Хрыста павінны былі разумець евангельскую сцэну абмыцця іх ног Езусам і вячэру, падчас якой Ён устанавіў Эўхарыстыю, у значэнні сучаснай ім культуры. Для нас жа, калі мы ўзгадваем дзень устанаўлення Эўхарыстыі і абмыццё ног Апосталам, гэта з’яўляецца паказальнікам значэння Эўхарыстыі — сакрамэнту любові, у якім мы атрымліваем хлеб жыцця вечнага.

3. Устанаўленне Эўхарыстыі і сама Эўхарыстыя, прынятые ў святле абмыцця ног Апосталам, з’яўляюцца месцам духоўнага аднаўлення і ўмацавання людзей, якія знаходзяцца ў дарозе. Жыццё чалавека ў свеце — гэта падарожжа, гэта доўгі, цяжкі і небяспечны шлях. На ім чалавек сустракае многа перашкод, стамляецца і нават можа перажываць спакусу вярнуцца назад. Аднак Езус даў нам Эўхарыстыю — месца, дзе мы можам абнавіцца і ўзмацніцца целам і душою, каб маглі працягваць шлях, што перад намі.

Калі святар удзяляе святую Камунію паміраючаму, то яна называцца віятыкам, што азначае «гарантыя на шляху» да Бога. Эўхарыстыя — гэта заўсёды віятык. У Эўхарыстыі мы атрымліваем сілу, каб працягваць нашае падарожжа да Бога.

4. У сённяшнім Евангеллі мы бачым апостала Пятра, які аказаўся ў даволі складанай сітуацыі, калі Езус абмываў яму ногі. Пётр, які быў адным з найбольш актыўных апосталаў, хацеў бы сам абмыць ногі Езусу, а нават і іншым Апосталам. А тут сам Хрыстус абмывае іх яму.

Жыццёвы вопыт нам кажа, што часам сапраўды цяжэй дазволіць камусьці нешта зрабіць нам, чым самому ўслужыць іншаму. Таму сітуацыя, калі нехта мые нам ногі і калі мы мыем іх іншаму, — гэта нібы два бакі аднаго медаля, які мы называем хрысціянскім жыццём.

У нашым жыцці найбольш важным павінен быць дазвол з нашага боку, каб Езус мог абмыць нас. Нездарма Езус сказаў Пятру, што калі не абмые яго, то ён не будзе мець удзелу з Ім (пар. Ян 13, 8). Таму трэба, каб Езус нас абмыў, бо інакш мы не будзем належаць Яму. Калі Пётр зразумеў гэтую праўду, ён перамог сябе і закрычаў: «Пане! Не толькі ногі, але і рукі, і галаву» (Ян 13, 9).

Каб гэта магло адбыцца і з намі, ад нас патрабуецца адно — быць разам з Езусам і дазволіць Яму нас абмыць. Гэтае абмыццё ажыццяўляецца ў сакрамэнце пакаяння. Езус нікога не прымушае. Ён толькі заклікае прыйсці да споведзі, у якой Ён сам праз паслугу святара нас абмывае. Ён запрашае нас прымаць чынны ўдзел у Эўхарыстыі, якая ўзмацняе нашы духоўныя сілы і абараняе ад граху. Гэта адзін бок медаля, якім ёсць наша хрысціянскае жыццё, — дазволіць Езусу нас абмыць.

Другі ж бок гэтага медаля не менш важны. Пасля таго, як Хрыстус абмые нашы ногі, мы павінны пайсці і абмыць ногі іншых. Пасля абмыцця ног Апосталам Езус сказаў ім: «Ці разумееце, што Я зрабіў вам? Вы Мяне называеце Настаўнікам і Панам, і добра кажаце, бо Я ім ёсць. Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам» (Ян 13, 12–15).

5. Такім чынам Езус устанавіў цесную сувязь паміж Ім, які абмывае ногі Апосталам, і іншымі. Так, Эўхарыстыя — гэта падзея, у якой мы можам браць удзел толькі тады, калі Хрыстус абмые нас, а наша штодзённае жыццё — гэта месца, дзе мы павінны служыць іншым.

Сапраўднае перажыванне Эўхарыстыі як сакрамэнту любові вядзе да аўтэнтычнага хрысціянскага жыцця. Сапраўдная эўхарыстычная пабожнасць павінна весці да служэння іншым. Езус, які ўстанавіў Эўхарыстыю, абмыў ногі Апосталам. Мы павінны наследаваць Яго прыкладу і ад алтара Эўхарыстыі ісці да алтара штодзённага жыцця.

Нехта на пытанне, што б ён узяў сабе з Вячэрніка, адказаў: міску, у якой Езус мыў ногі Апосталам, каб пайсці з ёю па вуліцах сучасных мегаполісаў і мыць ногі кожнаму сустрэчнаму.

6. Дарагія браты і сёстры! Сёння, у Вялікі чацвер, калі мы перажываем таямніцу ўстанаўлення сакрамэнту Эўхарыстыі і святарства, выкажам нашу шчырую ўдзячнасць Езусу за гэтыя дары. Эўхарыстыя — сакрамэнт любові, у якім Езус ёсць з намі назаўсёды. Святарства вынікае з Эўхарыстыі, і яно перш за ўсё для Эўхарыстыі. Таму без святарства няма Эўхарыстыі. Аб гэтым трэба асабліва памятаць у Год святара і прасіць Езуса Хрыста аб ласцы новых добрых пакліканняў да святарства.

Каб прыняць Эўхарыстыю, найперш трэба дазволіць Езусу абмыць нас, каб мы былі чыстымі і навучыліся абмываць ногі іншых, а гэта значыць навучыліся служыць іншым.

7. Пане Езу Хрыстэ, Ты прыйшоў, каб служыць іншым! Дзякуем Табе за Твой прыклад. Дзякуем за сакрамэнт Эўхарыстыі і святарства. Адары нас ласкай, каб мы, ачышчаныя ў сакрамэнце пакаяння і ўзмоцненыя Эўхарыстыяй, жылі сапраўднай любоўю да бліжняга, паводле Твайго прыкладу, і, жывучы так, прыйшлі да краіны вечнай любові — нябеснага Ерузалема. Амэн.

Адноўлена 31.03.2010 12:20
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі