Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы ў Маладзечне

Касцёл св. Юзафа, 30 мая 2010 г.

Дарагія браты і сёстры!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы — адну з самых вялікіх таямніц хрысціянскай веры. Калі мы спадзяёмся, што сённяшнія літургічныя чытанні дапамогуць нам зразумець яе лепш, то моцна памыляемся. Святое Пісанне — адна з галоўных крыніц нашай веры — нічога не гаворыць пра гэтую таямніцу. Слова «Тройца» не сустракаецца ў Святым Пісанні.

Стары Запавет не кажа яскрава пра тры Боскія Асобы. Калі апавядаецца пра стварэнне Богам свету, то ўзгадваецца Дух, які ўзносіўся над водамі. Кнігі Старога Запавету кажуць пра Збаўцу як Сына Божага. І гэта зразумела, бо рэлігія выбранага народа была монатэістычнай, ён верыў у аднаго Бога, у той час як рэлігія суседніх народаў была політэістычнай, і верылі яны ў розных Багоў, якімі былі, напрыклад, вада, вецер, створаныя чалавекам рэчы і г.д. Монатэізм ізраільскага народа супрацьстаяў політэізму суседніх народаў. Таму абвяшчэнне аб Богу Айцу, Богу Сыне і Богу Духу Святым магло выклікаць цяжкасці ў разуменні гэтай таямніцы і прывесці да практыкі політэізму.

Толькі Сын Божы Езус Хрыстус праліў святло на праўду аб Святой Тройцы. Ён распавядаў пра Айца, які паслаў Яго, і пра Духа Святога, якога Ён абяцаў спаслаць. Езус казаў, што Яго Айцец Нябесны даў Яму ўсё, што мае, што Ён ёсць у Айцу і Айцец у Ім, што Ён і Айцец з’яўляюцца адно. Езус таксама казаў, што Дух Святы будзе нагадваць людзям тое, чаму Ён іх навучаў. Такім чынам, Новы Запавет больш яскрава кажа пра Святую Тройцу. На яго старонках асабліва падкрэсліваецца еднасць паміж Боскімі Асобамі.

2. У гісторыі чалавецтва справа стварэння звычайна прызначаецца Богу Айцу. Справа збаўлення — Богу Сыну. А справа асвячэння — Богу Духу Святому. Хоць на самой справе, нягледзячы на тое, што гэта тры розныя Асобы, ні Айцец, ні Сын, ні Дух Святы не існуюць і не дзейнічаюць паасобку. Кожная Боская Асоба — Айцец, Сын і Дух Святы — з’яўляецца Богам, але ў той жа час яны не з’яўляюцца трыма Багамі. Гэтая дактрына не зразумелая чалавеку. Гэта таямніца нашай веры.

Паводле старажытнай легенды, славуты тэолаг св. Аўгустын, які вельмі хацеў пазнаць таямніцу Святой Тройцы, аднойчы прагульваўся па беразе мора. Тады ён убачыў маленькага хлопчыка, які выкапаў невялікую яму ў пяску, і маленькім вядзёркам насіў у яе ваду з мора. «Што ты робіш?» — спытаў Аўгустын у хлопчыка. «Хачу пераліць мора ў ямку», — адказаў той. «Немагчыма такім малым вядзёркам пераліць у такую маленькую ямку вялікае мора», — адказаў св. Аўгустын. Тады хлопчык сказаў яму: «Падобна і твой розум не можа пазнаць таямніцу Святой Тройцы». З гэтымі словамі хлопчык знік.

3. Мы таксама, як і Аўгустын, не здольныя пазнаць таямніцу Святой Тройцы. Аднак важна іншае: чаму існуе гэтая таямніца? Чаму Бог аб’явіў нам таямніцу свайго быцця? Адказ на гэтае пытанне знаходзіцца ў тым, што Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства. Таму чым больш мы будзем пазнаваць Бога, тым больш будзем пазнаваць сябе. Эксперты ў галіне рэлігіязнаўства кажуць, што людзі хочуць быць падобнымі да Бога ў тым сэнсе, як яны Яго праслаўляюць. Напрыклад, калі чалавек праслаўляе Божую міласэрнасць, то ён імкнецца быць міласэрным, калі праслаўляе Божую дабрыню, то імкнецца быць добрым, калі праслаўляе прыгажосць, то імкнецца да прыгажосці.

Таму галоўным у таямніцы Святой Тройцы павінна быць тое, як мы праслаўляем Бога і якімі мы павінны быць?  Бог дзейнічае праз адносіны паміж Боскімі Асобамі. Таму ў сваіх трох Асобах Ён не самотны і не знаходзіцца ў ізаляцыі. Гэта ўсё азначае, што і мы, імкнучыся да пабожнасці, павінны пазбягаць індывідуалізму. Хрысціянская духоўнасць не з’яўляецца ўцёкам ад свету і яго спраў, як, напрыклад, чыняць некаторыя будысты, уцякаючы на Гімалаі, каб не мець кантакту з іншымі людзьмі. Сапраўдная любоў патрабуе партнёра. Мы не жывём на бязлюдным востраве, але сярод людзей. Напэўна, усім вядома прыказка, якая кажа, што дзве асобы —кампанія, а тры — гэта ўжо натоўп. Навучанне пра Святую Тройцу нагадвае, што тры Боскія Асобы ўтвараюць дасканалую супольнасць любові.

4. Да такой супольнасці пакліканы і ўсе мы. Аднак, з іншага боку, мы ведаем, што нялёгка любіць бліжняга і Бога. Мы робім пастанаўленні, спавядаемся, а потым ізноў грашым. Ці ёсць выйсце? Касцёл навучае, што ёсць. Бог прыходзіць да нас з дапамогай у сакрамэнтах. Сёння Ён прыходзіць у сакрамэнце канфірмацыі, каб узмоцніць нашы духоўныя сілы, каб мы сапраўды станавіліся ўсё больш падобнымі да Яго.

Дух Святы змяніў баязлівых Апосталаў у моцных вераю наступнікаў Хрыста, учыніў іх настаўнікамі і сведкамі Евангелля. Такіх сведкаў патрабуе сучасны свет, які, адракаючыся ад сваіх хрысціянскіх каранёў, выбіраючы не Божы, а свой індывідуальны жыццёвы шлях, дзе ўсё дазволена, усё больш і больш коціцца ў грахоўную бездань.

Таму трэба паддацца дзеянню Духа Святога, які асвячае і ўжо 2 тысячы гадоў кіруе касцёльным чаўном і вядзе яго па ўзбураных хвалях акіяну сучаснасці.

5. Няхай сыйдзе Дух і зямлю адновіць — молімся мы да Духа Святога. Для сапраўднага аднаўлення аблічча зямлі не дастаткова толькі ствараць і спажываць, што ўсё больш характэрна для сучаснага чалавека. Ён стараецца выпускаць як мага больш прадукцыі, каб добра зарабіць, і адначасова ператвараецца ў спажывальніка. Супермаркеты становяцца сучаснымі месцамі культу грошай і спажывальніцтва. Там чалавек можа правесці ўвесь дзень і будзе апраўдваць сябе, што не мае часу схадзіць да касцёла нават у нядзелю.

Не дастаткова таксама імкнуцца да сумніўнага шчасця, якім у наш час вельмі часта становіцца амаральнае жыццё. Трэба памятаць, што мы выйшлі з Божай рукі і ў дом Нябеснага Айца накіроўваемся. Там ніхто не запытаецца аб разліковым рахунку ў банку, аб машыне, аб доме і іншых матэрыяльных дабротах. Касцёл не супраць таго, каб чалавек жыў добра, і заклікае да сацыяльнай справядлівасці. Аднак матэрыяльныя рэчы не могуць стаць мэтай жыцця чалавека. Яны павінны быць сродкам для дасягнення духоўнай дасканаласці.

Калісьці быў шлягер, у якім спявалася: «А что у вас, ребята, в рюкзаках?». А што ў нашых духоўных рукзаках? Калодзезь Божай ласкі ці матэрыяльных каштоўнасцяў? Маральна добрыя чыны ці грэшныя? Жыццё паводле закону Божага ці імкненне да абсалютнай свабоды жыць так, як хочацца? Сёння нам трэба даць адказы на гэтыя пытанні. Трэба спытаць сябе: мы хочам быць сапраўднымі хрысціянамі ці толькі звацца імі? Ад нашых штодзённых адказаў на гэтыя пытанні будзе залежаць наша будучыня. Прыміце Духа Святога. У Яго святле дайце адказы на гэтыя пытанні і дазвольце Яму кіраваць вамі, каб, змяняючы вас, Ён чыніў нашае жыццё лепшым. Амэн.

Адноўлена 01.06.2010 16:02
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі