Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча падчас св. Імшы на завяршэнне першай Парафіяды ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Івянец, 21 жніўня 2010 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, юнакі — удзельнікі парафіяды «Тэатр, святыня, спорт».

1.    Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае св. папу Пія Х, які кіраваў ім 100 гадоў таму на пачатку ХХ стагоддзя. Дэвізам служэння гэтага святога Папы былі словы: «Omnia restaurare in Christo» — «Усё аднавіць у Хрысце». Калі 100 гадоў таму Пантыфік адчуваў неабходнасць кардынальнага аднаўлення Касцёла і яго жыцця праз вяртанне да Хрыста, то ў наш час гэта праблема набывае яшчэ большую актуальнасць. Нездарма Вялікі Папа нашых часоў Слуга Божы Ян Павел II на пачатку трэцяга тысячагоддзя звярнуў увагу Касцёла на тое, што ўсё трэба распачынаць ад Хрыста. А сённяшні папа Бэнэдыкт XVI кажа, што трэба адкрыцца на Хрыста, які нічога не забірае, а толькі дае. Дае — гэта значыць ўзбагачае духоўна.

Усё гэта нагадвае, што словы св. папы Пія Х актуальныя і сёння — нам трэба аднавіцца ў Хрысце.

2.    Якім чынам адбываецца гэтае аднаўленне?

Найперш праз навяртанне да Бога, малітву, сапраўдны хрысціянскі стыль жыцця, евангельскае сведчанне, любоў да бліжняга, добрыя ўчынкі і служэнне бліжняму.

3.    У працэсе аднаўлення вельмі важнае месца займае таксама і фізічна-культурнае выхаванне. Прыказка кажа: у здаровым целе — здаровы дух. Таму важнымі з’яўляюцца пастырскія праграмы комплекснай фармацыі маладога чалавека: духоўнай і фізічна-культурнай. Гэтую мэту мае таксама Парафіяда, якая ўпершыню праводзіцца ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Парафіяда — спосаб фарміраваць маладое пакаленне праз спорт, тэатр, мастацтва і малітву.

Спорт займае асаблівае месца ў хрысціянскім выхаванні. Таму трэба нагадаць, што і ў Ватыкане ёсць спецыяльнае ведамства па справах спорту, а таксама свая футбольная каманда. Пры касцёлах і парафіяльных дамах, дзе ёсць такая магчымасць, арганізуюцца спартыўныя пляцоўкі. Спорт дапамагае фарміраваць характар чалавека, гартуе яго, вучыць адрачэнню для дасягнення добрага выніку, робіць больш здаровым і вытрывалым. Спорт выхоўвае да сумленнага спаборніцтва, да гульні паводле ўстаноўленых правіл, да ўзаемнага прабачэння і ўзаемадапамогі і г.д.

Святы апостал Павел — сапраўдны Божы атлет — параўноўвае жыццё чалавека са стадыёнам, па якім бяжыць чалавек, каб атрымаць узнагароду (пар. 1 Кар 9, 24).

Папа Ян Павел II, які вельмі любіў спорт і сам ім займаўся, дае яму вельмі вялікую ацэнку. Ён кажа, што спорт, калі практыкуецца ў духу пашаны правіл гульні, можа быць носьбітам узнёслых гуманістычных і духоўных ідэалаў. Спорт нясе не толькі багатыя фізічныя магчымасці для чалавека, але таксама духоўныя і інтэлектуальныя. Укрыты ў спорце патэнцыял робіць яго важным інструментам інтэгральнага развіцця чалавека і спрыяе будаванню больш гуманнага грамадства. Спорт, які разумеецца менавіта так, не з’яўляецца самамэтай, але сродкам, які спадарожнічае будаванню цывілізацыі і развіццю чалавека (пар. http://serwisy.gazeta.pl/jp2/1,72578,2635207.html).

4.    У гарманічным развіцці чалавека асаблівае месца займае тэатр. Хрысціянства ў тэатральнае мастацтва ўнесла евангельскі змест. Праз гэта тэатр моцна спрыяе евангелізацыі. Нездарма Ян Павел II у сваім Пасланні да артыстаў піша, што паўната праўды, якая знаходзіцца ў Евангеллі, з самага пачатку выклікала ўвагу артыстаў, якія па сваёй прыродзе ўражлівыя да ўсялякіх праяўленняў звышнатуральнай прыгажосці (пар. http://www.opoka.org.pl/biblioteka/W/WP/jan_pawel_ii/listy/do_artystow_ 04041999.html).

Мы ўжо прызвычаіліся да батлеек на Божае Нараджэнне. Менавіта ў гэтых інсцэніроўках найбольш даступна прадстаўлена сцэна прыйсця ў свет Сына Божага, што выхоўвае моладзь і дзяцей да прыняцця праўды Богаўцелаўлення. Папа Ян Павел II у маладосці быў вельмі зацікаўлены тэатрам і нават сам выконваў некаторыя ролі. Ён пісаў свае літаратурныя творы, некаторыя з іх, як, напрыклад, «Брат нашага Бога», былі тэатралізаваны. Тэатр з хрысціянскім зместам і формай быў для яго месцам фарміравання чалавека на хрысціянскіх каштоўнасцях.  

5.    Трэцім пунктам праграмы Парафіяды з’яўляецца святыня. Святыня — гэта месца спаткання чалавека з Богам, месца, дзе Хрыстус у слове Божым і сакрамэнтах чакае чалавека, гэта месца сапраўднага духоўнага аднаўлення, дасягненню якога павінны спрыяць і спорт, і тэатр. І наадварот, выхаваны ў святыні на духоўных прынцыпах чалавек прынясе іх і на спартыўную пляцоўку, і ў тэатр, і ва ўсё сваё жыццё. А гэта так трэба сучаснаму свету, які гіне ў эгаізме.

6.    Дарагія ўдзельнікі парафіяды, прыміце глыбока ў вашыя сэрцы словы апостала Паўла: выступі ў добрых спаборніцтвах за веру і здабудзь жыццё вечнае, да якога пакліканы (пар. 1 Цм 6, 12). Праз спорт, мастацтва і ўдзел у набажэнствах імкніцеся да такога фарміравання саміх сябе, каб сваім жыццём рэалізаваць вобраз і падабенства Божае, паводле якога мы ўсе створаны. Амэн.

Адноўлена 21.08.2010 13:21
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі