Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча падчас св. Імшы ў межах адвэнтовага чування моладзі


Мінская архікатэдра, 11 снежня 2010 г.

Ты той, які павінен прыйсці?

1. Адзін амерыканскі аповед кажа пра самую вялікую ў гісторыі ЗША распрадажу, якая адбылася ў Вашынгтоне яшчэ ў 1926 г. На аўкцыён было выстаўлена 150.000 старых мадэлей машын і іншых рэчаў, якія былі аб’яўлены маральна ўстарэлымі. Патэнцыяльныя пакупнікі самі сабе ўсміхаліся, што на продаж выстаўляліся такія незвычайныя рэчы, як, напрыклад, «кот, які свеціцца», для палохання мышэй або прылада, якая будзіла чалавека, які храпіць, а не яго суседа і г.д.

Зразумела, што гэты аўкцыён выклікаў прынамсі 150.000 усмешак. Аднак, калі на гэту сітуацыю мы паглядзім глыбей, то ўбачым 150.000 няспоўненых мараў. Менавіта яны ўяўляюць сабой вялікую гару расчаравання, бо нехта калісьці тварыў і радаваўся новым дасягненням, а тут вось яны маральна ўстарэлі і прадаюцца з малатка.

2. Маладым людзям, можа, здаецца, што Адвэнт — не адпаведны час, каб размаўляць пра расчараванні, бо гэта час радаснага чакання прышэсця Збаўцы. Аднак не ўсе перажываюць радасць. Многія, напрыклад, зусім нядаўна падчас пажару на пінскай фабрыцы па перапрацоўцы дрэва страцілі сваіх блізкіх. А ў сучасным свеце, які абагаўляе і праслаўляе практычны матэрыялізм, тыя, каго закрануў фінансава-эканамічны крызіс, вельмі моцна расчараваны.  

3. Пратаганіст сённяшняга Евангелля і ўсяго Адвэнту св. Ян Хрысціцель вельмі добра пазнаў цяжкасці расчаравання. Ён знаходзіцца ў вязніцы і чакае знаку, які абвесціць, што доўгачаканы Месія нарэшце прыйшоў.

Гэта ўсё выглядае вельмі іранічна. Менавіта Ян Хрысціцель быў тым, хто першы абвясціў прышэсце Збаўцы. Гэта ён паказаў Яго людзям падчас хросту ў Ярдане, кажучы: вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету. Аднак пасля гэтага многае змянілася ў жыцці Яна Хрысціцеля, і цяпер у вязніцы яго сэрца моцна сумуе.

Мы добра памятаем пасланне св. Яна Хрысціцеля: навяртайцеся, бо Валадарства Божае блізка. Гэтыя словы былі дэвізам яго служэння. Ён не баяўся абвяшчаць іх як рэлігійным лідэрам таго часу, так і правіцелям, і нават самому каралю Іраду. Менавіта таму ён апынуўся ў вязніцы.

Ірад Антыпа забіў свайго брата і ажаніўся з ягонай жонкай. Уся нацыя была шакіравана гэтым учынкам караля, і Ян Хрысціцель таксама яго асудзіў, за што і трапіў у вязніцу. Там ён зразумеў, што яго місія як прарока скончыцца вельмі хутка.

Таму яшчэ перад смерцю ён хацеў ведаць без ценю сумнення: Езус — гэта сапраўдны Месія ці, можа, гэта ўсё мара або ілюзія? У пустыні ён верыў, што Езус — Месія. Аднак перад абліччам смерці засумняваўся. Таму хацеў ведаць напэўна і паслаў сваіх паплечнікаў знайсці Езуса і спытаць Яго: Ён той, які павінен прыйсці, ці трэба чакаць іншага?

Такім чынам св. Ян Хрысціцель аказаўся ў складанай сітуацыі. Не ўсё адбывалася паводле яго задумы. Аднак ён не застаўся сам-насам са сваімі сумненнямі. Ён шукаў адказ.

4. У нашым жыцці таксама, калі не ўсё ўдаецца, наступае сумненне і  прыходзіць расчараванне. Што мы тады робім, дзе шукаем выйсця са складанай сітуацыі, хто нам можа вярнуць страчаную надзею?

Нярэдка гэтае выйсце чалавек знаходзіць у амаральных паводзінах, у алкагалізме, наркотыках, азартных гульнях і г.д. і паволі трапляе ў залежнасць, з якой не ведае, як знайсці выйсце. Рака граху і залежнасці нясе нас па цячэнні. Мы духоўна і нярэдка фізічна атрафіруемся і не маем сіл плысці супраць плыні.

Аднак у такой сітуацыі трэба памятаць, што заўсёды можна і трэба вярнуцца да Бога. А таму шукаць Яго трэба найперш так, як шукаў Яго св. Ян Хрысціцель. Трэба ўбачыць Яго ў дзеях свету. Найбольшай трагедыяй будзе сітуацыя, калі мы не пазнаем праходзячага побач Хрыста і не адчынім Яму дзверы сваіх сэрцаў.

5. Дарагая моладзь! Касцёл вельмі моцна занепакоены вашымі праблемамі і хоча вам дапамагчы. Таму сёння ўказвае на св. Яна Хрысціцеля і кажа браць з яго прыклад. Тым, хто знаходзіцца ў вязніцы сваіх грахоў і апанаваны сумненнямі, трэба старацца ў падзеях сучаснага свету ўбачыць  прысутнасць Месіі. Калі сапраўды паспрабуем, то ўбачым, што, нягледзячы на працэсы секулярызацыі і імкненне абмежаваць веру да сферы прыватнага жыцця, яна, аднак, прысутнічае. Тры пакаленні пераследу Касцёла не вырвалі веру з душаў людзей. Паглядзім вакол сябе. Будуюцца новыя касцёлы і малітоўныя дамы. Ёсць новыя пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця. Выдаюцца новыя рэлігійныя кнігі і апрацоўваюцца новыя пастырскія праграмы. Сённяшняя прысутнасць моладзі на малітоўным чуванні — гэта яшчэ адзін доказ цягі да вечнай праўды. Гэта не што іншае, як выздараўленне з хваробы, калі глухія ізноў чуюць, а сляпыя —бачаць. Цемру сучаснага свету прабівае святло бэтлеемскай зоркі, якая вядзе да сапраўднага святла — Езуса Хрыста.

6. Мы не ведаем, ці паставяць нас у гэтым Адвэнце жыццёвыя праблемы ў цяжкую сітуацыю. Не ведаем, ці не расчаруе нас Езус сваімі маральнымі патрабаваннямі. Аднак, углядаючыся ў постаць св. Яна Хрысціцеля, нам трэба прыняць за праўду тое, што ўсялякае расчараванне ў рэшце рэшт выходзіць на добрае. Нездарма прыказка кажа: «Ліха без дабра не бывае». Бо што на самой справе азначае слова расчараванне? На англійскай мове яно гучыць як disillusionment і азначае не што іншае, як адмаўленне ад ілюзій. У жыццёвай перспектыве гэта зусім не дрэнная справа — адмовіцца ад няпраўды, якую мы памылкова прынялі за праўду.

У такой перспектыве нашае расчараванне вядзе нас глыбей і глыбей у рэальнасць Езуса і да таго, што Ён на самой справе чыніць.

Таму ва ўсіх жыццёвых цяжкасцях і сумненнях у гісторыі і дзейнасці Касцёла трэба старацца ўбачыць Хрыста, які з’яўляецца адзіным Збаўцам свету — учора, сёння і ва ўсе часы, які верне страчаную надзею, а сумненне пераменіць у радасць. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі