Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамiлiя арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на распачацце новага навучальнага года ў пінскай семінарыі


29 верасня 2011 г., Пінск

1. Вашыя Эксцэленцыi, глыбокапаважаны рэктар, прафесары i працаўнiкi семiнарыi, святары, кансэкраваныя асобы, семiнарысты, дарагія госцi.

Сёння Каталiцкi Касцёл адзначае свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала. Кожнае імя мае сваё значэнне. З Божага Аб’яўлення мы ведаем, што, калi некаторыя анёлы ўзбунтавалiся супраць Бога, арханёл Міхал з воклічам «хто ж як Бог» распачаў з iмi барацьбу. Словы «хто ж як Бог» на стараяўрэйскай мове азначаюць «Мiхаэль» цi прывычнае для нас «Мiхал» — абаронца Божай справы.

2. Калi 22 гады таму благаслаўлёны папа Ян Павел II прызначыў мяне бiскупам у Беларусi i калi трэба было выбраць дэвіз бiскупскага служэння, то я выбраў словы «Quis ut Deus» — «Хто ж як Бог». Гэтым самым я хацеў ушанаваць нашых продкаў, якiя падчас ганенняў на веру сваiм жыццём i сведчаннем паўтарылi іх. Я жадаў падкрэслiць, што, нягледзячы на цяжкасцi пераследу, Бог для iх быў на першым месцы. I таксама хацеў сказаць, што ў сваiм бiскупскiм служэннi буду iмкнуцца, каб Бог займаў першае месца ў маім жыцці i ў жыцці людзей, да якiх я быў пасланы.

Так было тады, так было падчас служэння ў Расii, так павiнна быць i цяпер. Адразу пасля прызначэння бiскупам я пачаў стараннi, каб адкрыць семiнарыю ў Гродне, i праз год гэтая iдэя была рэалiзавана. На сённяшні дзень Гродзенская вышэйшая духоўная семiнарыя падрыхтавала каля 190 святароў.

Падчас служэння ў Расii ў 1994 г. удалося адкрыць Вышэйшую духоўную семiнарыю «Марыя — Каралева апосталаў», якая цяпер знаходзiцца ў Санкт-Пецярбургу i якая ўжо падрыхтавала каля 50 святароў.

У 2001 годзе Яго Эмiнэнцыя кардынал Казiмiр Свёнтэк разам з біскупам Віцебскім Уладзіславам Блінам адкрылі семінарыю ў Пінску. Тады кардынал  запрасiў мяне прамовiць гамiлiю падчас св. Iмшы з нагоды адраджэння гэтай семiнарыi. Урачыстая цырымонiя мела месца 12 верасня — на наступны дзень пасля жудасных тэрарыстычных актаў ў Нью-Ёрку i Вашынгтоне, калi сiлы зла супрацьставiлiся сiлам дабра. Для мяне гэта было вельмi сiмвалiчна, што менавіта тады ў Пiнску аднаўляла сваю дзейнаць духоўная семiнарыя, каб фармаваць новых святароў, якiя былi б здольнымi адказвваць на выклiкi сучаснасцi і фармаваць людзей, якiя зло перамагаюць дабром i сваё жыццё будуюць на падмурку Евангелля.

3. Як пiнская духоўная семiнарыя выканала пастаўленае перад ёю заданне?  На сённяшнi дзень з яе сцен выйша 18 святароў. Не так многа. Аднак сёлета Бог благаславiў нас паклiканнямi, асаблiва калi параўнаем з мiнулым годам. Сёлета на першы навучальны год залічана 8 семінарыстаў, а ў мінулым быў толькі адзін. Можа, гэтую ласку выпрасiў нам нядаўна памерлы кардынал Казiмiр Свёнтэк, якi адрадзіў гэтую семінарыю i вельмi клапацiўся аб паклiканнях. Некалькi семiнарыстаў вярнулiся пасля акадэмiчнага водпуску. Цяпер агульная іх лiчба складае 34. Не вельмi многа, аднак трэба прызнаць адкрыта, што ляпш, чым было яшчэ год таму. Усё гэта дае нам новую надзею.

4. Дарагiя семiнарысты!

Некаторыя з вас толькi нядаўна пераступiлi парог пiнскай «Alma Mater», iншыя з’яўляюцца ўжо старажыламi i рыхтуюцца да дыяканскага i святарскага пасвячэння. Аднак і адны, і другія маюць аднолькавую дысцыплiну, і тым, i другiм трэба ўдзельнічаць у фармацыi, якая прадугледжана «Ratio studiorum» — «Праграмай навучння», і адным, i другiм неабходна фармацыя чалавечая, духоўная, iнтэлектуальная i пастырская. Гэта тое, ад чаго нельга даць звальненне ад выкання. Гэта з’яўляецца падмуркам фармацыi, ад якой будзе залежаць плённасць будучага святарскага служэння «In persona Christi» — «Ад асобы Хрыста».

5. У сучасным секулярызаваным свеце святарства не з’яўляецца папулярным. Аднак тут трэба прыпомнiць, што кажа Бог: вашыя думкi — не Мае думкi, вашыя шляхi — не Мае шляхi. Сучасны чалавек, якi любым коштам iмкнецца да поспеху, забываецца, што менавiта святар з’яўляецца тым, хто працягвае i ажыццяўляе збаўчую справу Хрыста. І сапраўды, хто можа цэлебраваць сакрамэнты, а тым больш Эўхарыстыю? Хто можа адпускаць грахi? Нiхто iншы акрамя святара! Без святара збаўленне, заслужанае Хрыстом на дрэве крыжа, засталося б мёртвым грузам, нібы дэпазіт у банку. А яно павiнна дайсцi да людзей. І ласка Божая патрэбна для збаўлення.

6. Сучасны свет пратрабуе таксама новага чалавека, якi мог бы ў Яго духоўнай цемры бачыць святло Хрыста i жыць паводле яго. Калi Бога няма, то Яго месца займае нехта iншы або нешта iншае. Гэтым iншым з’яўляецца дух секулярызму, iмкненне да багацця, алкагалiзм, наркотыкi, нязгодны з Божай воляй секс, амаральныя прыемнасцi i г.д. Рэклама абяцае iмгненнае шчасце, i многiя пападаюцца ёй. Аднак вельмi хутка ім становіцца зразумела, што замест шчасця iх чакае фрустрацыя i расчараванне, якое нярэдка вядзе нават да трагедыi.

Таму наш час патрабуе тых, хто баронiць хрысцiянскую веру i на яе падмурку будуе сваё жыццё. Словам, ён патрабуе новых Мiхалаў, тых якiя сваёю верай i сведчаннем паўтарылі б словы: «Хто ж, як Бог». Патрабуе новых Габрыэляў, якія неслі б Добрую Навіну сучаснаму свету. Патрабуе новых Рафалаў, якія б лячылі людзей Божай ласкай. Імі акурат і з’яўляюцца святары.

Таму няспынна дзякуйце за дар паклiкання. Не бойцеся цяжкасцяў фармацыi, бо, як кажа руская прымаўка: «Тяжело в учении — легко в бою». У вас наперадзе вялiкi бой за веру i за хрысцiянскiя каштоўнасцi, за фармацыю хрысціянскага светапогляду і за новага чалавека.

7. Дарагiя прафесары! Як настаўнiкi i духоўныя кiраўнiкi заўсёды памятайце аб сваiх выхаванцах, фармiруйце iх згодна з дактрынай i традыцыямi Каталiцкага Касцёла, выхоўвайце ў iх дух ахвярнасцi ў служэннi Касцёлу i людзям, якiя iх чакаюць.

8. Усе, хто працуе ў семінарыі, на кухнi цi выконвае iншыя функцыi! Вы таксама прымаеце ўдзел у фармацыi будучых святароў i за гэта Касцёл вам удзячны, бо належныя ўмовы спрыяюць лепшай вучобе, а ў здаровым целе — здаровы дух.

9. Давяраючы ўсiх вас i семiнарыю заступніцтву яе апекуна св. Тамаша Аквiнскага і святым сённяшняга дня — арханёлам Міхалу, Габрыэлю і Рафалу, жадаю поспехаў у фармацыi новых святароў i ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца, + i Сына, i Духа Святога. Амэн.

Адноўлена 29.09.2011 15:41
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі