Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас пастырскай сустрэчы ў Мінску


Бэнэдыкт XVI: Папа цяжкіх часоў і найважнейшых справаў

Серабранка, 28 лютага 2013 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна, 19 красавіка 2005 г., пасля смерці Вялікага Папы благаслаўлёнага Яна Паўла II з балкона базылікі святога Пятра ў Ватыкане прагучалі словы: «Habemus Papam» — «Маем Папу». Новым Пантыфікам стаў вядомы тэолаг, прэфэкт Кангрэгацыі Веравучэння кардынал Ёзаф Ратцынгер, які выбраў сабе імя Бэнэдыкт XVI. З новым Папам, які да гэтага праславіўся мужным абаронцам чысціні веры і які ў Вялікую пятніцу 2005 г. падчас Крыжовага шляху ў рымскім Калізеі звярнуў увагу на тое, што касцёльны карабель знаходзіцца ў вялікай небяспецы на ўзбураных хвалях секулярызму нашага часу, вернікі звязвалі новыя надзеі, і не памыліліся.

Але вось настаў дзень 11 лютага 2013 г., які ўвойдзе ў гісторыю Касцёла як дзень, калі папа Бэнэдыкт XVI аб’явіў аб сваім сыходзе з пасады Наступніка святога апостала Пятра ў сувязі са слабым станам здароўя, а дзень 28 лютага гэтага года — як апошні дзень яго Пантыфікату. Сімвалічна, што Папа аб’явіў аб сваім сыходзе ва ўспамін Божай Маці з Люрд, калі Касцёл адзначае Сусветны дзень хворых. Як сказаў сам Пантыфік, яму не хапае сіл, каб далей эфектыўна кіраваць Касцёлам. Касцёл жа, як боска-чалавечы арганізм, таксама патрабуе лячэння.

Такое рашэнне Папы стала громам з яснага неба, як выказаўся ў сувязі з гэтым кардынал Анджэла Садана, дэкан Калегіі кардыналаў. Гэты гром ніякім чынам нельга звязваць з маланкай, якая вечарам 11 лютага ўдарыла ў крыж на купалы сабора святога Пятра ў Ватыкане. Гэта не што іншае, як атмасферная з’ява, якая здараецца часта, і маланка ўдарыла ў грамаадвод, які ўстанаўліваецца на самым высокім месцы будынка.

У апошнія часы было бачна, што сілаў у Папы становіцца ўсё менш. Аднак пры гэтым нічога не прадказвала прыняцця такога нечаканага кроку. Таму яго свабоднае рашэнне аб адрачэнні ад пасады Біскупа Рыма трэба прыняць як знак вялікай мужнасці, пакоры і клопату аб будучыні Касцёла і яго дабра.

Сярод медыйнага шуму і розных спекуляцый нам, веруючым, у такой сітуацыі не застаецца нічога іншага, як паўтарыць словы Яна Паўла II, якія многа разоў паўтараў яго наступнік Бэнэдыкт XVI: «Не бойцеся!» (пар. http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii /homilies/ 1978/documents/hf_jp-ii_hom_19781022_inizio-pontificato_it.html). Чалавек веры павінен глядзець на ўсе падзеі з верай, тым больш у Год веры, які па ініцыятыве Бэнэдыкта XVI цяпер перажываем; павінен глядзець без панікі, без адносін да розных так званых і выдуманых прароцтваў-прадказанняў, з даверам да Езуса Хрыста, які ёсць Галавою Касцёла і які праз Святога Духа кіруе ім.

На працягу амаль што васьмі гадоў Пантыфікату Бэнэдыкта XVI можна было захапляцца яго інтэлектуальнасцю, пранікальнай дальнабачнасцю, глыбінёй тэалагічнай думкі і духоўнасці. Пры гэтым вельмі красамоўным з’яўляецца і тое, аб чым ён гаварыў пасля свайго абрання Папам: ён адчуваў, што на яго спадае гільяціна. З яго рашэння аб адрачэнні можна зрабіць выснову, што гэта гільяціна не дазваляе яму далей эфектыўна служыць у якасці наступніка святога Пятра.

2. Навіна аб адрачэнні Папы стала галоўнай навіной у свеце. Папа Ратцынгер упісаўся залатымі літарамі ў сучасную гісторыю Касцёла і свету. Ён стаў Папам цяжкіх часоў Касцёла і адначасова Папам найважнейшых справаў, якімі жыве Касцёл і свет.

Найперш неабходна ўспомніць яго тры энцыклікі, у якіх ён прадставіў сваё фундаментальнае вучэнне і адначасова даў адказ на выклікі нашага часу. Праграмная энцыкліка «Deus caritas est» («Бог ёсць любоў») прысвечана любові ў яе сексуальным, грамадскім і звышнатуральным вымярэнні. У ёй Папа падкрэслівае, што любоў да Бога і бліжняга непадзельныя і ўяўляюць сабой адзін Божы закон. Энцыкліка «Spe salvi» («Збаўленыя ў надзеі») прысвечана хрысціянскай надзеі як фундаменту веры. Энцыкліка «Caritas in veritate» («Любоў у праўдзе») прысвечана праблемам глабальнага развіцця і прагрэсу для дасягнення агульнага дабра. Пры гэтым у вырашэнні праблем глабалізацыі любоў і праўда адыгрываюць ключавую ролю.

Як бачым, гэтыя энцыклікі прысвечаны любові і надзеі. Калі да іх дададзім яшчэ незакончаную і прысвечаную веры чацвёртую, то бачна ясная трыяда навучання Бэнэдыкта XVI: вера, надзея і любоў — тры тэалагальныя цноты, якія з’яўляюцца сэрцам хрысціянства. А калі да гэтага дадаць трохтомнік «Езус з Назарэта», у якім Пантыфік прадставіў трактат пра Езуса Хрыста, смерць на дрэве крыжа і Уваскрасенне якога з’яўляюцца падмуркам хрысціянства, то выразна бачым, што галоўныя працы Бэнэдыкта XVI прадстаўляюць сутнасць хрысціянства: гэта не падзея, але асоба Хрыста Збаўцы, якога трэба абвяшчаць і ў якога неабходна верыць, каб дасягнуць збаўлення.

З абвяшчэннем асобы Езуса Хрыста і верай у Яго звязаны і тры Сіноды Біскупаў, праведзеныя Бэнэдыктам XVI, якія былі прысвечаны Эўхарыстыі, Слову Божаму ў жыцці і місіі Касцёла і новай евангелізацыі для пераказу веры. З гэтай праблематыкай звязаны таксама і тры пастырскія гады: Год святога апостала Паўла, Год святарства і Год веры, які працягваецца.

Фундаментальныя тэмы яго навучання развіваліся таксама ў гаміліях, катэхезах і прамовах, у якіх падымаліся праблемы стану сучаснай цывілізацыі. Папа выказваўся ясна ў справах абароны жыцця, абортаў, эўтаназіі, штучнага апладнення, секулярызму, маральнага рэлятывізму, адзінства і непарушнасці сям’і як Богам створанага саюзу мужчыны і жанчыны і г.д.

Яго навучанне адпавядала словам Хрыста — «так-так» і «не-не» (пар. Мц 5, 37). Ён мужна бараніў веру і хрысціянскія каштоўнасці, навучаючы, што жыццё без Бога вядзе ў нікуды. Ён выразна казаў, што ўстаноўленыя Богам маральныя нормы не паддаюцца дыскусіі і абавязковыя да захавання. Дзякуючы такой бескампраміснай паставе і адмаўленню ад паліткарэктнасці Бэнэдыкт XVI стаў голасам сумлення сучаснага свету і ў сваім служэнні выбраў тое, што найважнейшае ў нашы часы, і мужна вёў лодку Пятра супраць цячэння сучасных тэндэнцый.

А як многа ён учыніў для правільнага зразумення вучэння Другога Ватыканскага Сабору, якое яшчэ недастакова выкарыстана і дух якога яшчэ не да канца ўвайшоў у жыццё Касцёла.

Вялікімі з’яўляюцца яго заслугі ў галіне адкрыцця багацця літургікі і яе цэлебрацыі як дзеяння самога Хрыста.

Гісторыя будзе памятаць Бэнэдыкта XVI як Папу міжхрысціянскага і міжрэлігійнага дыялога. Ён марыў і чыніў усё, каб настала бачная еднасць хрысціян, якой так хоча Езус Хрыстус і якая так патрэбна сучаснаму свету як адзінае хрысціянскае сведчанне. Яго малітвы ў сінагозе і мячэці набылі яму пашану сярод габрэяў і мусульман.

Намаганні ў вырашэнні эканамічных праблем сучаснага свету і здзейсненыя крокі па вырашэнні канфліктаў і ўсталяванні міру паказалі яго як Пастыра, заклапочанага справамі гэтага свету і іх вырашэннем згодна з сацыяльным вучэннем Касцёла.

3. Асобная старонка Пантыфікату Бэнэдыкта XVI — гэта яго адносіны да Беларусі і Касцёла ў нашай краіне. У сустрэчах з беларускімі біскупамі Папа заўсёды жыва цікавіўся сітуацыяй Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне. І як сказаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Бэнэдыкт XVI насіў беларускі народ у сваім сэрцы і маліўся за яго (пар. /2/libr/interview/116430-papa-narod.html). Мы можам прывесці многа сведчанняў гэтаму. Успомнім тэлемост паміж мінскай архікатэдрай, Ватыканам і многімі гарадамі на розных кантынентах у першую суботу сакавіка 2008 г., калі беларускія студэнты разам з Папам маліліся Ружанец. Успомнім візіт Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ ў 2008 г. Успомнім візіт аd limina («Да апостальскіх парогаў») беларускіх біскупаў у 2009 г. і яго пасланне, прасякнутае клопатам пра Касцёл у Беларусі. Успомнім таксама святкаванне 300-годдзя мінскай архікатэдры ў 2010 г., узначаленае папскім легатам кардыналам Юзафам Томка. Успомнім візіт кардынала Рабэрта Сара, старшыні Папскай рады «Cor Unum» («Адзінае сэрца») у сувязі з абвяшчэннем новай катэдры Езуса Міласэрнага ў Віцебску і святкаванне 20-годдзя ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі ў 2011 г.

Я асабіста шмат разоў сустракаўся з Бэнэдыктам XVI, і ён заўсёды пытаўся пра нашу краіну і Касцёл у ёй. Апошняя сустрэча адбылася 3 снежня 2012 г., падчас якой я ўручыў Папу пераклад на сучасную беларускую мову Евангелляў і першы том Літургіі гадзін. Папа быў вельмі задаволены і падкрэсліў развіццё беларускай тэалагічнай і літургічнай моваў.

4. Адным словам, у Бэнэдыкце XVI Бог даў Касцёлу выдатнага Наступніка святога Пятра, пастыра, тэолага, экуменіста і міратворцу, які стаў голасам сумлення сучаснага свету. Бэнэдыкт XVІ быў сапраўдным Айцом для ўсіх нас.

Дарагі і блізкі ўсім нам Папа Бэнэдыкт XVI! Сёння, калі ты завяршаеш сваё служэнне на кафедры святога Пятра, мы, сабраныя ў капліцы парафіі Святога Яна Хрысціцеля, — святары, кансэкраваныя асобы і верны народ Божы — ад усяго сэрца дзякуем табе за адданасць і вернасць Хрысту і Яго Евангеллю, за твой прыклад, за клопат пра сусветны Касцёл і Касцёл у Беларусі, за тваю адвагу і пакору. Дэвіз твайго біскупскага служэння — «Cooperatores veritatis» («Супрацоўнікі праўды»). Усім сваім жыццём ты заставаўся і надалей, прымаючы гістарычнае рашэнне аб сыходзе з пасады Біскупа Рыма, застаешся супрацоўнікам праўды, якая ў Хрысце. Няхай Добры Бог за тваю вернасць Ягонай праўдзе благаславіць і ўзнагародзіць цябе, адорыць добрым здароўем і патрэбнымі ласкамі.

Падчас апошняй малітвы «Анёл Панскі» ў мінулую, II Нядзелю Вялікага посту, калі чытаецца Евангелле аб перамяненні Хрыста на гары Табор, ты сказаў, што Бог кліча цябе на гару малітвы і разважанняў (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/angelus /2013/documents/hf_ben-xvi_ang_20130224_it.html). Малі Бога за нас з гэтай гары, на якую табе трэба ўзысці! Малі Бога за сусветны Касцёл і Касцёл у Беларусі! Малі за нас, каб мы засталіся вернымі твайму вучэнню і вучэнню Касцёла, які вядзе нас да Нябеснага Ерузалема! Амэн.

Выкарыстаная літаратура:

  1. http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/homilies/ 1978/documents/hf_jp-ii_hom_19781022_inizio-pontificato_it.html.
  2. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/angelus/2013/ documents /hf_ben-xvi_ang_20130224_it.html.
  3. пар. /2/libr/interview/116430-papa-narod.html.
Адноўлена 28.02.2013 12:34
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі