Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на распачацце перэгрынацыі рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус і Найсвяцейшага Аблічча

1 чэрвеня 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Святая Тэрэза з Лізьё – прыклад дасягнення святасці

1 Ян 2, 15-17; Лк 18, 14-22

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. «Маё пакліканне – гэта любоў». Гэтымі словамі, якія былі дэвізам твайго жыцця, святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус і Найсвяцейшага Аблічча, якую часта называюць Малой Тэрэзай і Тэрэзай з Лізьё, вітаем цябе ў мінскай катэдры Імя Марыі. Ты ўвайшла сюды ў сваіх рэліквіях, каб распачаць пілігрымку па Беларусі, якая з’яўляецца 76-й у праграме твайго сусветнага пілігрымавання.

Божы Провід, які дзейнічае праз людзей, у нашым выпадку праз айцоў кармэлітаў, якім я вельмі ўдзячны, дазваляе нам дзякуючы гэтай пілігрымцы дакрануцца да святасці той, якую папа Пій XI назваў найвялікшай святой нашага часу, што вельмі важна цяпер, калі святасць высмейваецца і вера перажывае вялікі крызіс, бо шмат людзей жыве так, як быццам Бога зусім няма.

Папа Пій у 20-я гады мінулага стагоддзя назваў святую Тэрэзу з Лізьё Малітоўніцай Расіі. Маючы на ўвазе тое, што тады Расіяй называлі ўвесь Савецкі Саюз, гэты тытул таксама смела можна адрасаваць і Беларусі. Таму сёння мы сустракаем рэліквіі святой Тэрэзы таксама як Малітоўніцы Беларусі.

2. Божы Провід дазваляе мне сёння другі раз сустракаць рэліквіі святой Тэрэзы. Першы раз - на парозе Вялікага юбілею 2000-годдзя хрысціянства ў 1999 г. у Маскве і сёння - у Мінску. Тады, 14 гадоў таму, перэгрынацыя яе рэліквій стала для Каталіцкага Касцёла ў Расіі сапраўднымі духоўнымі рэкалекцыямі. Пакланіцца ёй прыходзілі таксама і праваслаўныя. Спадзяюся, што і вялікая пастырская акцыя, якая распачынаецца сёння, прынясе багаты духоўны плён, асабліва ва ўмацаванні нашай веры, да чаго мы імкнёмся ў гэты Год веры. Юбілейныя Будслаўскія ўрачыстасці, якія будуць адзначацца 5-6 ліпеня гэтага года, будуць таксама ўзбагачаны прысутнасцю рэліквій святой Тэрэзы.

3. Маючы на ўвазе тытул святой Тэрэзы з Лізьё як Малітоўніцы Беларусі, мы сёння звяртаем сваю ўвагу на прадстаўлены ёю Малы шлях да святасці, каб у часы крызісу веры скарыстацца з яго. Гэтым шляхам мы павінны ісці, бо нашай галоўнай задачай ёсць імкнуцца да святасці, - як навучае благаслаўлёны Ян Павел II у Апостальскім пасланні «Novo Millennio ineunte» – «Уваходзячы ў новае тысячагоддзе», якое з’яўляецца пастырскай праграмай Касцёла на новыя часы.

Ужо сама назва Малы шлях павінна адыграць ролю духоўнага магніту, бо сучасны чалавек, ставячы перад сабой вялікія мэты, імкнецца іх дасягнуць мінімальнымі высілкамі.

4. Як прадстаўлены св. Тэрэзай Малы шлях да святасці можа паслужыць нам, людзям ужо XXI стагоддзя?

Бог ёсць любоў, - вучыць св. Апостал Ян. За ім гэтыя словы паўтарае папа Бэнэдыкт XVI у сваёй першай і аднайменнай праграмнай энцыкліцы «Deus caritas est» - «Бог ёсць Любоў». Святая Тэрэза з Лізьё, якую часта называюць Малой Тэрэзай, гэтую Любоў да канца палюбіла. Менавіта таму яна любіла паўтараць: «Маё пакліканне – гэта любоў».

Палюбіўшы Бога да канца, яна стала Божым дзіцём. Сваім жыццём яна дала прыклад, як неабходна прыняць евангельскі ідэал Божага дзіцяці, і прапанавала Малы шлях да святасці, сутнасць якога заключаецца ў абсалютным, дзіцячым даверы Богу, як найлепшаму Айцу. Прапанаваны святой Тэрэзай з Лізьё шлях да святасці захапляе многіх і многім сапраўды дапамог яе дасягнуць. Ён вельмі просты. Яго сутнасцю з’яўляецца стаўленне дзіцяці, якое з бязмерным даверам кідаецца ў абдымкі нябеснага Айца і ў іх застаецца назаўсёды.

5. На самой справе Малы шлях св. Тэрэзы з’яўляецца практычным прымяненнем евангельскага шляху Хрыста, які сказаў, што калі не станеце падобнымі да дзяцей, то не ўвойдзеце ў Божае Валадарства. Паводле гэтага шляху можна стаць святым, проста будучы дзіцём Божым, любячы Бога і людзей і адначасова не паддаючыся спакусам гэтага свету і пажадлівасці цела. Гэта не што іншае, як евангельскі выбар чалавека, бо свет і яго пажадлівасць праходзяць, а любоў застаецца на вякі.

Таксама і ў наш час людзі, якія пазналі жыццё і досвед св. Тэрэзы з Лізьё, імкнуцца знайсці Бога і абіраюць для гэтага найбольш простую дарогу, а менавіта кіруюцца наказам Езуса для дарослых: «Дазвольце дзецям прыйсці да Мяне, бо ім належыць Божае Валадарства». Гэта найлепшы спосаб ажыццяўлення сцежкі святасці. Ён не патрабуе чагосьці надзвычайнага. Святая Тэрэза прапануе вельмі простую дарогу да святасці, так што яе могуць выкарыстаць нават дзеці.

Галоўным элементам на гэтым шляху павінен з’яўляцца давер бацькоўскім рукам Бога, аж да такой ступені, каб стацца дарам для Бога і людзей. Святая Тэрэза нагадвае ўсім вернікам, што неабходна прыняць сваю абмежаванасць і недасканаласць, неабходна з любоўю і верай ісці да Бога, каб Ён мог падняць нас сваёй любоўю і ўдасканаліць сваёй ласкай. Малы шлях да святасці таксама дае надзею, якая заахвочвае чалавека не засмучацца цяжкасцямі і слабасцямі ў дарозе да Бога. Найбольшая цяжкасць Малога шляху заключаецца ў перамозе над сваім эгаізмам, адрачэнні ад пыхі і даверу толькі сваім сілам і магчымасцям.

6. Прыгажосць духоўнасці святой Тэрэзы з Лізьё крыецца ў тым, што яна паказвае велічнасць і неабходнасць бацькоўскай любові Бога.

У базыліцы святой Тэрэзы з Лізьё, дзе знаходзіцца яе грабніца, дзень і ноч гараць запаленыя свечкі. Многім, асабліва людзям з секулярным стаўленнем, гэта можа здавацца дзіўным. Але ў той жа час гэта сведчанне патрэбнасці яе прыкладу і даверу яе заступніцтву. Туды прыходзяць людзі па дождж з ружаў, ці дождж Божай ласкі, які яна абяцала і які шчодра выпрошвае ў Бога.

Падчас перэгрынацыі яе рэліквій у Расіі ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Санкт-Пецярбургу абдылося неардынарнае здарэнне, якое сведчыць аб сапраўды цудоўных магчымасцях святой Тэрэзы.

Да пробашча звярнуліся бацькі адной студэнткі, просячы дапамогі, бо іх дачка перастала верыць, звязалася з благой кампаніяй і пачала весці амаральнае жыццё. Пробашч параіў маліцца да святой Тэрэзы, рэліквіі якой у гэтым касцёле прабывалі некалькі дзён. Пасля таго, як завяршылася апошняя Імша, і ўсе трывалі ў малітоўным засяроджанні, нечакана ў касцёле прагучаў моцны голас: «Тереза, ты победила, я больше так жить не могу». Гэта быў голас той студэнткі.

7. Дарагія браты і сёстры!

Выкарыстаем прадстаўленую нам Божым Провідам магчымасць. Звернемся да Бога праз заступніцтва святой Тэрэзы з Лізьё, выкарыстаем яе Малы шлях да святасці і кінемся ў абдымкі Бога, а дождж ружаў Божай ласкі спадзе на нас і адновіць нашу веру, каб мы былі дасканалымі, як дасканалы наш нябесны Айцец і імкнуліся да святасці як гарантыі будавання гарманічнага шчаслівага жыцця на зямлі, так і да шчасця ў вечнасці. Амэн.

Адноўлена 02.06.2013 00:01
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі