Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамiлiя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Iмшы ў iнтэнцыi ахвяр Чарнобыльскай катастрофы ў яе 30-ю гадавiну

26 красавіка 2016 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Глыбокапаважаныя браты i сёстры!

1. 30 гадоў таму свет узварухнула сумная вестка аб Чарнобыльскай катастрофе. Аб тым, якім небяспечным можа быць ядзерны выбух, мы ведалі з гісторыі Хірасімы i Нагасакі, калi ў 1945 г. амерыканцы ператварылі ў попел гэтыя два японскія гарады. У выніку атамнай бамбардзіроўкі тады ад прамянёвай хваробы таксама загінулі сотні тысяч мірных жыхароў. А колькі на ўсё жыццё засталося iнвалiдамi.

2. Гэта быў так званы ваенны атам. У выпадку з Чарнобыльскай катастрофай мы маем справу з мiрным атамам, якi таксама не заўсёды з’яўляецца бяспечным i не можа гарантаваць спакойнага жыцця. Аб гэтым сведчыць ужо ўзгаданая Чарнобыльская катастрофа. Сведчыць таксама i нядаўняя катастрофа на Фукусiмскай атамнай электрастанцыі.

Да сённяшняга дня мы не ведаем прычыны Чарнобыльскай катастрофы. Падвяла тэхніка ці чалавечы фактар? А можа, адно i другое? Мы не ведаем. Але сам факт катастрофы нагадвае пра тое, што атам застаецца небяспечным, i таму патрэбна ўдасканаленне атамных тэхналогій, бо пры ўсё ўзрастаючым патрабаванні энергіі нялёгка абысціся без атамных электрастанцый.

3.  Разважаючы над праблемай выкарыстання атамнай энергii, неабходна мець на ўвазе i маральны аспект. Калi мы не ведаем прычыны Чарнобыльскай катастрофы, то вядома, што прычынай Фукусiмскай стала імкненне атрымаць прыбытак любым коштам. Тэрмін дзеяння Фукусiмскай станцыі быў 40 гадоў, але камісія працягнула час яе эксплуатацыі яшчэ на 10 гадоў, i ў выніку магутнага цунамі здарылася аварыя. Больш за тое, нягледзячы на гэта, яна не была закрыта i ацалелыя  рэактары працягваюць працаваць. З чаго можна зрабіць выснову, што ў галаву вугла ставіцца не чалавек, а матэрыяльны дастатак, што чалавек з’яўляцца толькі вiнцiкам ва ўсёй сістэме яго адносна са светам. Ён становіцца яе нявольнікам.

4. У сучаснай культуры многія людзі вераць у тое, што праца робіць іх кімсьці i з працы вынікае іх быццё. Але на самой справе такое разуменне вядзе да выкарыстання чалавека чалавекам.

Яшчэ не так даўно ў часы рабства нявольнік iснаваў толькі для працы. Аднак, калi мы ўважліва паглядзім на наш час, то ўбачым, што сітуацыя не змянілася. Мы маем новы від нявольніцтва. Людзі становяцца працаголікамі. Доўга i цяжка працуюць, у большасці для таго, каб як мага больш зарабіць, i па-за працай нічога не бачаць. Багацце стала новым богам, i для яго дасягнення чалавек гатовы да любой ахвяры. Ён становіцца рабом багацця i камфортнага жыцця.

5. У той жа час Хрыстус паказвае нам іншы шлях жыцця, паводле якога найперш існуе сам чалавек i толькі яго актыўнасць. Чалавек павінен ацэньвацца не тым, што ў яго ёсць, а кім ён з’яўляецца, а менавіта Божым стварэннем.

Хрыстус кажа, што Ён Сын Нябеснага Айца i дзейнічае паводле Ягонай волі. Падобна i мы павiнны рабiць – жыць згодна з Божай воляй, каб захаваць сваю ідэнтычнасць Божага тварэння, адным з прынцыпаў якой з’яўляецца тое, што матэрыяльныя каштоўнасці павінны служыць нам, а не мы iм.

6. У сённяшнiм Евангеллi Хрыстус кажа, што Ён дае нам сапраўдны супакой. Гэты супакой вынікае з прынцыпу, што мы з’яўляемся Божымі тварэннямі, з чаго, у сваю чаргу, і зыходзіць наша годнасць. На гэтым прынцыпе мы павінны будаваць нашы адносіны, каб сапраўдны супакой iснаваў у свеце.

7. Прайшло 30 гадоў з часу Чарнобыльскай катастрофы. Свет, у якім так шмат новых i вельмі небяспечных выклікаў, пакрысе забываецца аб ёй. Але Касцёл не забываецца, i прычым на самым высокім узроўні. У мінулую сераду, 20 кастрычніка, Святы Айцец Францiшак сустрэўся з лiквiдатарамi Чарнобыльскай катастрофы з Беларусi i Украiны. Пры гэтым ён прывітаў пілігрымаў-ліквідатараў, запэўніў у малітвах за ахвяр гэтай катастрофы, выказваў iм сваю ўдзячнасць і прызнанне за ўсе ініцыятывы, пакліканыя аблегчыць пакуты і выправіць прычыненую шкоду.

Рызыкуючы сваім здароўем i нават жыццём, яны ратавалі іншых. Гэта былі маладыя людзі. Колькi з iх загiнула? Колькi не вярнулася да нармальнага жыцця? Колькім патрэбна дапамога?

8. Калi едзем па Магілёўскай i Гомельскай абласцях, то яшчэ можам сустрэць закрытыя ці толькі нядаўна адкрытыя зоны ядзернага заражэння. У іх мы знойдзем табліцы, на якіх напiсана: “Тут была вёска з пэўнай колькасцю жыхароў. Яна знікла ў выніку Чарнобыльскай катастрофы”. Цi мы да канца ўяўляем, якая катастрофа тады адбылася?

9. Акрамя фізічнага Чарнобыля, у часы ганенняў адбыўся духоўны, калi атэістычнае выпраменьванне вяло да духоўнага спусташэння. Як шмат знакаў мы павінны паставіць на нашай зямлі i напісаць на iх: “Тут жылi веруючыя людзі, але атэістычны Чарнобыль учыніў з гэтай зямлі духоўную пустыню, i яшчэ пройдзе шмат часу, пакуль яна адродзіцца”. Нам патрэбны ліквідатары духоўнага Чарнобылю, якімі павінны стаць мы ўсе, каб сваім прыкладным хрысціянскім жыццём несцi святло Евангелля ў сучасны свет, каб iм не толькi лiквідаваць наступствы духоўнага Чарнобылю, але i супрацьстаяць секулярным тэндэнцыям сучаснасці.

10. Сёння, успамінаючы ахвяр Чарнобыльскай катастрофы, мы ўзносім свае малітвы да Міласэрнага Бога. Прымі ў сваё Валадарства тых, хто загінуў падчас Чарнобыльскай катастрофы або пры лiквiдацыi яе наступстваў. Дапамажы церпячым i патрабуючым дапамогi. Не дазволь, каб на нашай зямлі паўтарыўся калісьці фізічны і духоўны Чарнобыль, i дапамажы, каб супакой Хрыста панаваў у нашых сэрцах. Божа, дапамажы нам заўсёды памятаць аб тым, кiм мы з’яўляемся, хто нас стварыў i куды мы ідзём. Амэн.

Адноўлена 26.04.2016 23:32
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі