Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на XIX Звычайную нядзелю, Год С

Мядзель, парафія Маці Божай Шкаплернай, 7 жніўня 2016 г.

Гатовы ці не, але Я прыходжу

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Чувайце, бо не ведаеце, калі Пан прыйдзе. Гэтыя словы выражаюць галоўную думку сённяшняга Евангелля.

Вядома, што дзеці, асабліва ў вёсцы, часта гуляюць у хованкі. Адзін з дзяцей закрывае вочы і лічыць, напрыклад, да дзесяці, а потым шукае сябра, які схаваўся. Усё выглядае прыкладна так: “1-2-3-4-5-6-7-8-9-10. Схаваўся ці не, але я іду цябе шукаць”.

Нешта падобнае мы бачым і ў сённяшнім Евангеллі. Гаспадар прабывае на вяселлі. Яго слугі знаходзяцца дома. Некаторыя з іх чуваюць і чакаюць яго вяртання. Але не ўсе, бо ёсць і такія, якія заняты сваімі справамі і зусім не думаюць, што кожную хвіліну можа вярнуцца гаспадар і трэба быць гатовым яго сустрэць. Аднак, як у гульні ў хованкі, час пайшоў, і ніхто не ведае канкрэтна, калі гаспадар вернецца. Напрыканцы евангельскага аповеду Езус кажа: “Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы”.

2. Ясна, што Езус кажа пра сваё другое прыйсце напрыканцы свету. Ясна таксама і тое, што мы павінны быць гатовы да Яго прыйсця ў славе, каб судзіць жывых і памерлых. І хаця мы не ведаем, калі гэта адбудзецца, тым не менш мы пакліканы цярпліва чакаць, як чакаюць верныя слугі вяртання свайго гаспадара.

Адлік часу распачаўся пасля нашага нараджэння, і з кожнай хвілінай мы набліжаемся да завяршэння нашага зямнога жыцця і сустрэчы з Езусам.

Мы жывём як быццам паміж маланкай і громам. Маланка асвятляе ўвесь небасхіл. У ёй знаходзіцца велізарная энергія, якую чалавек пакуль што не ведае, як выкарыстаць. Першае прыйсце Сына Божага падобна да маланкі. У цемры засвяціла вялікае святло, і цемра не магла яго агарнуць. Гэтым святлом ёсць Евангелле Хрыста.

Цяпер мы чакаем другога прыйсця, якое будзе падобна да грому. Калі на небасхіле мы бачым маланку, то ведаем, што потым загрыміць гром. Пасля Уцелаўлення Сына Божага распачаўся адлік часу, як у гульні ў хованкі: “1-2-3-4 і г.д.”, і мы ведаем, што прыйдзе момант сустрэчы з Езусам-суддзёй, але не ведаем, калі гэта настане.

3. Паміж гэтай умоўнай маланкай і громам мы павінны цярпліва чакаць з верай і дзейнічаць з даверам і паслухмянасцю Богу. Гэта азначае жыць паводле Божага закону. Падабна як у маланцы, так і ў вучэнні Езуса схавана велізарная энергія, якую мы не заўсёды выкарыстоўваем належным чынам. Адны яе не ведаюць, іншыя ігнаруюць, яшчэ іншыя забыліся.

Практыка штодзённага жыцця паказвае, што мы часта падобныя да школьнікаў, якія застаюцца ў класе адны. Настаўніца выходзіць з класа, кажа дзецям выконваць тое ці іншае заданне і абяцае хутка вярнуцца. Што тады робяць дзеці? Ці ўсе сумленна выконваюць заданне? Найчасцей большасць з іх пускае ў паветра зробленые з паперы самалёцікі, жартуе паміж сабой або занята чымсьці іншым, усім магчымым, каб толькі не вучыцца. Ці настаўніца пахваліць дзяцей за такія паводзіны? Напэўна, не. Дзеці гэта ведаюць і, хаця не слухаюць настаўніцу, тым не менш баяцца яе вяртання, бо яна можа спытаць, чаму яны навучыліся. Тады ўсе хутка бяруць у рукі падручнік, каб адказаць на пытанне. Усё падобна як у той прыказцы: “Пакуль гром не грымне, мужык не перажагнаецца”.

Падобна і з другім прыйсцем Хрыста. Ён, наш Настаўнік з Назарэта, адыйшоў у бачнай постаці з класа нашага жыцця, але пры гэтым пакінуў нам заданне, якое мы павінны выканаць. А менавіта мы павінны жыць і любіць як тыя, хто належыць Богу, і тады мы не будзем баяцца прыйсця Езуса.

Святы Дамінік Савіо вельмі любіў гуляць у футбол. Аднойчы яго спыталіся, што ён рабіў бы, калі б яму сказалі, што праз гадзіну будзе канец свету. Ён адказаў, што працягваў бы далей гуляць. Гэта азначае, што ён сумленна выконваў свае хрысціянскія абавязкі і таму не баяўся смерці і сустрэчы з Езусам-суддзёй. Святы Ян XXIII перад смерцю казаў: “Мае жыццёвыя валізкі сабраныя, і я спакойна чакаю, калі надыйдзе цягнік, які завязе мяне ў дом нябеснага Айца”. Уcё гэта азначае, што лямпы нашага духоўнага жыцця павінны заўсёды гарэць і не могуць згаснуць.

4. Вельмі дарэчнай падаецца гісторыя навяртання св. Аўгустына. Будучы хрысціянінам, ён, аднак, аддаліўся ад Бога і вёў вельмі грэшнае жыццё, шукаючы толькі прыемнасцяў. Яго маці нястомна малілася аб навяртанні сына. Аднак ён заставаўся зацвярдзелым грэшнікам.

І вось аднойчы, калі ён сядзеў на беразе ракі са сваім сябрам і разважаў аб сваім няшчасным лёсе, нечакана пачуў вельмі прыгожы спеў, які даносіўся з дома, што знаходзіўся непадалёк. Яго ўразілі словы песні: “Вазьмі і чытай, вазьмі і чытай”. Гэты голас падштурхнуў яго ўзяць у рукі Біблію, якая адкрылася на словах св. апостала Паўла, што шчасце не ў прыемнасцях гэтага свету, але ў Богу. Гэтага было дастаткова, каб Аўгустын абудзіўся да новага жыцця.

5. У мінулую нядзелю ў Кракаве завяршыліся чарговыя XXXI Сусветныя дні моладзі, падчас якіх Святы Айцец Францішак заклікаў моладзь не спаць, але чуваць і быць людзьмі дзеяння, а не людзьмі канапы, якія нічога не робяць, а толькі выгодна ляжаць на канапе, чытаюць газету або глядзяць тэлевізар.

Хрыстус заклікае нас быць людзьмі чування, бо д’ябал, як рыкаючы леў, кружыць вакол і толькі чакае, каб кагосьці праглынуць. І што будзе, калі ў той час прыйдзе Хрыстус альбо наступіць канец нашага зямнога жыцця і трэба будзе сустрэцца з Хрыстом-суддзёй?

6. Езус сказаў сваім вучням: “Ведайце ж, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы”.

Гэтыя словы нагадваюць пра тое, што і ў часы Езуса былі злодзеі. Імі Езус таксама падкрэслівае, што бяспека гаспадара залежыць ад яго самога, ад яго чуйнасці.

Наш дом – гэта не толькі наша памяшканне, месца працы ці адпачынку. Наш дом – гэта таксама наша асоба, вера, народ, культура і г.д. Выклікі сучаснасці сведчаць аб тым, што мы пакрыху забываемся клапаціцца аб бяспецы гэтага дома, губляем чуйнасць. Будуем катэджы, абносім іх высокім мурам, устанаўліваем сігналізацыю, але адначасова не клапоцімся аб бяспецы сваёй душы, а часам нават робім выгляд, што нічога не адбылося, што злодзей-д’ябал нічога дрэннага нам не ўчыніў, бо, маўляў, усе жывуць, не зважаючы на Божы закон.  

А ў той жа час злодзей-д’ябал нішчыць нашу веру. Ім з’яўляецца не толькі атэізм, які ў наш час найбольш праяўляецца як матэрыялістычны. Ім таксама з’яўляецца абыякавасць да духоўных спраў, якая праяўляецца ў секулярызме, які распаўсюджваецца.

Няхай жа заклік Езуса з сённяшняга Евангелля — чуваць — абудзіць нас з духоўнага сну, каб мы чувалі над захаваннем Божага права ў нашым жыцці і будавалі яго на вечна жывых прынцыпах Евангелля, што і будзе гарантам вечнага шчасця, бо Хрыстус прыходзіць. Амэн.

Адноўлена 07.08.2016 17:06
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі