Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана

Аб’яўленне Пана — аб’яўленне шляху да Божага Валадарства

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае адну з найбольш вядомых, авеяных легендамі ўрачыстасцяў, — папулярна называную ўрачыстасцю Трох Каралёў, якая на самой справе з’яўляецца ўрачыстасцю Аб’яўлення Хрыста народам. Яна прадстаўляе нам трох таямнічых мудрацоў з Усходу, якіх нябесная зорка прывяла ў Бэтлеем.

Гэта былі вучоныя, багатыя і ўплывовыя людзі. Мы называем іх каралямі. Але насамрэч яны былі астраномамі, гэта азначае даследчыкамі рухаў нябесных цел і зорак. Як адукаваныя людзі яны ведалі, што габрэі чакаюць нараджэння Караля-Месіі, бо і самі ў сваіх перскіх традыцыях мелі падобныя прароцтвы. Таму, убачыўшы новую зорку вачыма цела, вачыма душы яны ўбачылі знак з неба аб нараджэнні габрэйскага Караля. І таму, узяўшы з сабой дары, вырушылі за зоркай, каб яму пакланіцца.  

Колькі іх было? Традыцыя кажа пра трох, бо неслі тры дары — золата, міра і кадзіла. Такая іх колькасць вынікае і з прароцтва Ісаі і з псальма, які сёння Касцёл прадстаўляе нашай увазе і ў якім ідзе гаворка аб каралях з Тарсіса, Аравіі і Сабы.

2. Прыбыўшы ў Ерузалем, яны пачалі распытвацца пра нованароджанага габрэйскага Караля, чым выклікалі вялікі непакой у горадзе. Бо хто яшчэ можа быць новым Каралём? Ёсць Ірад, дык чаму павінен быць іншы? Калі нарэшце трапілі ў палац Ірада і паўтарылі сваё пытанне, то выклікалі ў яго вялікі перапалох. Ён, будучы дэспатычным, ужо забіў двух сваіх сыноў, якія імкнуліся да ўлады. Пад пагрозай быў і яго трэці сын. Аднак тое, аб чым распавядалі і пра што пыталіся тры каралі, не выглядала як змова.

Не будучы габрэем, Ірад склікаў сваіх дарадцаў, вышэйшых святароў і вучоных і пытаўся іх аб новым габрэйскім Каралі. Даведаўшыся, што ён павінен быў нарадзіцца ў Батлееме, Ірад сапраўды перапужаўся. Гэта ж зусім блізка ад Ерузалема — рукой падаць. А яго тайныя службы нічога не ведаюць. У той жа час тры каралі з далёкага Усходу былі добра паінфармаваныя.

Заклапочаны праблемай, якая так нечакана ўзнікла, Ірад выпытваў трох каралёў пра час, калі яны ўбачылі дзіўную зорку. Атрымаўшы патрэбную інфармацыю, накіраваў іх у Бэтлеем і папрасіў, каб, вяртаючыся, завіталі да яго і распавялі аб тым, што ўбачылі. Перапоўнены бояззю пра сваю будучыню, Ірад нават казаў ім, што хацеў бы пакланіцца новаму габрэйскаму Каралю.

Аб тым, што адбылося далей, добра распавядае сённяшняе Евангелле. Тры мудрацы знайшлі Немаўлятка Езуса, пакланіліся Яму і перадалі свае дары: золата, міра і кадзіла. Потым, перасцярожаныя анёлам, іншым шляхам вярнуліся да сваёй Айчыны.

3. Такая цікавая і інтрыгуючая гісторыя! Але што насамрэч азначае сённяшняе свята? Яго сутнасць — аб’яўленне Месіі язычніцкім народам, сімвалам якіх з’яўляюцца тры каралі. Гэта сведчыць аб паўсюднасці збаўлення ў Езусе Хрысце. Сын Божы стаўся чалавекам, каб збавіць усе народы, а не толькі габрэйскі.

Але ёсць яшчэ і другі аспект сённяшняга свята. Яго выдатна адлюстроўвае слова «эпіфанія», якое вельмі часта ўжываюць Усходнія Касцёлы. Яно падкрэслівае духоўны, унутраны, дасяжны вачам душы аспект аб’яўлення. Езус аб’яўляе сябе як той, які прыйшоў абвяшчаць Божае духоўнае Валадарства і збавіць чалавецтва. Гэтае аб’яўленне недасяжна ніякім навуковым даследаванням і пазнаецца толькі верай.

Бог аб’яўляецца кожнаму, хто слухае Яго слова, чытае Святое Пісанне, прымае святыя сакрамэнты і г.д. Такім чынам, Божае аб’яўленне трывае ў нашых душах. Бог адкрывае новыя аспекты сваёй прысутнасці сярод нас. Часам адно слова, якое мы чыталі і чулі тысячы разоў, становіцца сучаснай Бэтлеемскай зоркай, якая вядзе да спаткання з Хрыстом і да адкрыцця такіх таямніц Божага Провіду, пра якія мы нават не думалі і не гадалі.

4. Пасля спаткання з Езусам у Бэтлееме Мудрацы пайшлі дамоў іншай дарогай. У сваім жыцці мы ідзём сваімі дарогамі, якія не заўсёды адпавядаюць Божай волі. Прыклад трох каралёў заклікае нас змяніць дарогу нашага жыцця.

Мы павінны ісці такой дарогай, якую вызначыў нам Бог, а не Ірад. А сучасны свет напоўнены рознага роду Ірадамі. Яны імкнуцца выключыць з жыцця сучаснага свету ўсе боскае. У сучасных клініках забіваюць ненароджанае і народжанае жыццё. У імя фальшыва зразумелай свабоды і талерантнасці забараняюць хрысціянскія сімвалы і адракаюцца ад хрысціянскай спадчыны. Змяняюць паняцце ўсталяванага Богам інстытута сям’і як адзінага і непарушнага саюза мужчыны і жанчыны. Прапагандуюць гендарную ідэалогію, паводле якой чалавек з’яўляецца мужчынам ці жанчынай не паводле таго, як яго стварыў Бог, але паводле таго, чаму вучыць культура асяроддзя, у якім ён жыве. Захапляюцца абсалютнай свабодай рабіць усё, што хочацца, без уліку Божага закону.

5. Усё гэта і падобнае яны называюць прагрэсам. Але куды вядзе гэты так званы прагрэс? Не трэба далёка хадзіць. З кожным днём сітуацыя, якая пагаршаецца ў свеце, яшчэ раз пацвярджае старое правіла: без Бога — не да парога.

Нашай іншай дарогай з’яўляецца Езус Хрыстус і Яго Евангелле. Езус стаў тым духоўным рэвалюцыянерам, які кардынальна змяніў свет. У яго духоўную цемру Ён унёс святло. Замест закону нянавісці і помсты прапанаваў закон любові і прабачэння. Замест пануючай нясправялівасці ўвёў закон сацыяльнай справядлівасці. Яго славутае казанне на гары з васьмю благаслаўленнямі стала праграмай кожнага чалавека з мэтай дасягнення Божага Валадарства.

Няхай жа сённяшняе свята Трох Каралёў, багатае ў сваёй традыцыі, стане сапраўды святам аб’яўлення Бога народам і кожнаму з нас, каб мы па сваім жыцці ішлі шляхам, які нам указвае Хрыстус, адзіны Збаўца ўчора, сёння і на вякі. Амэн.

 

Адэльск, 6 студзеня 2017 г.

Адноўлена 06.01.2017 19:58
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі