|
«Гэта Цела Маё. Гэта Мая Кроў»
У першы дзень Праснакоў, калі ахвяравалі Пасху, кажуць Езусу вучні Ягоныя: Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе з’есці Пасху. І пасылае дваіх з вучняў сваіх і кажа ім: Ідзіце ў горад; там сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім і там, куды ўвойдзе, скажаце гаспадару дому: Настаўнік кажа: дзе святліца, у якой Я мог бы з’есці Пасху з вучнямі Маімі? І ён пакажа вам вялікі верхні пакой, засланы і падрыхтаваны; там прыгатуеце нам. І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі Пасху. І калі яны елі, Езус, узяўшы хлеб, благаславіў, ламаў і даваў ім, кажучы: Бярыце, гэта Цела Маё. І, узяўшы келіх, падзякаваў і даў ім; і пілі з яго ўсе. І сказаў ім: Гэта Мая Кроў запавету, якая за многіх праліваецца. Сапраўды кажу вам, што ўжо не буду піць ад плоду вінаграднай лазы да таго дня, калі буду піць яго новым у Валадарстве Божым. І, праспяваўшы гімн, яны пайшлі на гару Аліўную.
|