Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Як гэта — быць ваенным капеланам? 6 парад з лініі фронту
Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева
22.07.2015 18:06

Ваенны капелан — святар, які афіцыйна і стала выконвае абавязкі па душпастырству сярод вайскоўцаў, дапамагае ім у баі і штодзённым жыцці.  У Беларусі інстытут ваенных капеланаў пакуль не існуе, камандзіры толькі часам запрашаюць бацюшак і ксяндзоў наведаць ваенныя часткі.

Аднак у большасці хрысціянскіх краін свету — ад Польшчы да ЗША — гэтую паважную і адказную працу выконвае ўжо далёка не першае пакаленне святароў.


У войску, асабліва падчас вайны, капелан мае вельмі незвычайную парафію — узброены да зубоў калектыў, які амаль увесь час знаходзіцца пад пагрозай смерці ці ранення.

Як жа жывуць і змагаюцца са злом святары, якія служаць Богу і бліжнім у такіх умовах?

Распавядае капелан украінскай арміі а. Андрэй Зялінскі SJ:

1. Быць побач. Быць побач, каб наблізіць Неба да жаўнера. Гэтыя словы з'яўляюцца дэвізам вайсковага капеланства. На вайне вельмі каштоўная вернасць, таму самае важнае — проста быць побач, каб у патрэбную хвіліну падставіць плячо, дапамагчы, не выкарыстоўваючы зброю, быць сродкам лекавання людскога сэрца. Для гэтага трэба стварыць прастору, дзе чалавек не думае пра вайну, пра кроў і пакуты. Такім месцам можа быць толькі храм. Мне, напрыклад, з дапамогай мясцовага святара ўдалося пабудаваць з падручных матэрыялаў месца, куды можна ўцячы ад рэчаіснасці, ад псіхалагічнай напружанасці, каб запаліць свечку і ў цішыні памаліцца. Быў час і для Імшы, і для ранішніх і вячэрніх малітваў. І людзі прыходзілі, бо адчувалі патрэбу.

2. Дапамагчы не страціць годнасць. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла кажа, што чалавек мусіць заставацца адказным нават на полі бою. Абавязкам ваеннага капелана з'яўляецца тое, каб дапамагчы байцам не страціць годнасць, застацца маральна адказным чалавекам, не забыцца на цноты, знаходзіць жыццёвыя арыенціры нават у сітуацыі эмацыйнага хаасу.

3. Дапамагаць не стамляцца любіць. Асноўны заклік да вайскоўцаў такі: «Толькі сапраўдная Любоў здольная на перамогу». А сапраўдная яна тады, калі шчырая і верная, то бок гатовая аддаць усё. Калі глядзім на Крыж, бачым Езуса, які сведчыць пра гэта. Ён там шчыры, Ён аддаў усё і застаўся верным да самай смерці. Ваенны капелан побач з жаўнерамі, каб яны памяталі, што яны на вайне таму, што яны любяць.

4. Не дазволіць нянавісці авалодаць сэрцам чалавека. Нашы ворагі поўныя нянавісці. Яна выліваецца праз хлусню, праз чуткі і стварае цемру ў сэрцах. А мы стаім на абароне ўласнай краіны і сваіх родных. Неабходна растлумачваць, што ворагі тут таму, што яны ненавідзяць, а мы — бо мы любім. Знішчаць нянавісць, нагадваць, што яна нічога не здольная даць і стварыць. Капелан на фронце, каб нянавісць не зрабіла карозіі ў сэрцы чалавека, бо яна забівае.

5. Проста маліцца. Адзін з важных момантаў, якія патрабуюць інтэрпрэтацыі — калі гінуць людзі. Малітва за мёртвых — яна неабходная. Людскія пачуцці патрабуюць артыкуляцыі: іх трэба выказаць, вымавіць, вымаліць. Нават калі вам здаецца, што вы абсалютна нічым не можаце дапамагчы. Ты стаіш перад людзьмі, у якіх на вачах толькі што загінулі сябры, яны разгубленыя і пачуваюцца бездапаможнымі. Незалежна ад свайго стану капелан павінен сваёй прысутнасцю даваць надзею. У гэты час не трэба думаць, што рабіць. Проста рабіць тое, што патрабуе Касцёл у такой сітуацыі. Ёсць адпаведныя службы, паніхіды, літанія — проста маліцца. Спачатку спакойна, потым ужо пачнецца размова, людзей «прарве», яны захочуць выказаць свае эмоцыі. Пазней з'яўляецца яшчэ адна прастора — размова са звышнатуральным, з самім Творцам. Мы верым, што той, хто загінуў у абароне іншых — добры чалавек, бо няма большай любові, чым аддаць сваё жыццё за сяброў. Верым, што дабро непераможнае і той, хто аддаў жыццё, ужо сёння ў Божых руках.

6. Размова вельмі важная для аздараўлення душы. З псіхалагічнага боку чалавек дагэтуль не знайшоў больш эфектыўнага спосабу аздараўлення асобы, чым размова. У першую чаргу — размова з Богам у малітве. Важна, каб яна заўсёды заставалася шчырай. Для каталіцкага святара ўсё пачынаецца з малітвы.

Людзям трэба, каб іх чулі. У гэтай размове вы можаце прапанаваць ужо іншыя магчымасці, акрамя нянавісці, альтэрнатыўнае бачанне сусвету. Можна звяртаць увагу на тое, што мы заўжды ў небяспецы з боку нянавісці і мусім з ёй нястомна змагацца. У размове чалавек можа даць выхад сваім негатыўным пачуццям і пазбавіцца іх.

Аляксандр Гелагаеў, паводле часопіса Credo.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева

06.03 12:06Навіна пра пахаванні дзяцей у каталіцкім прытулку Ірландыі — маніпуляцыя. Чаму важна правяраць інфармацыю?
02.09 10:0010 цытат пра Маці Тэрэзу ад людзей, якія з ёй сустракаліся
10.08 09:00Татуіроўкі, Стары Запавет і хрысціянскі розум. Ці варта католікам рабіць тату?
02.08 13:32Тры прычыны, чаму «Вікінгі» — самы цікавы тэлесерыял для верніка
28.06 09:00Мастацтва публічнай палемікі і святы Тамаш Аквінскі
20.06 10:00Конрад Адэнаўэр: католік, які стварыў дэмакратычную Германію
05.04 00:01Апостал хрысціянскага патрыятызму: благаслаўлёны кардынал Клеменс фон Гален
16.03 17:54Дзень cвятога Патрыка — свята радасці і хрысціянскага патрыятызму
27.01 00:00Еўропа і мігранты: паміж «Кёльнам» і добрым самаранінам
13.01 16:08Бацькоўства, адказнасць, гонар — каталіцкі біскуп з ЗША звярнуўся з кароткім фільмам да мужчын