Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Шануй бацьку свайго і маці сваю
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
09.11.2015 17:29

Разважаючы аб сучасных сем’ях, не варта настальгіраваць аб мінулым. Наша праблема заключаецца ў тым, што мы хочам уліць новае віно ў старыя мяхі. Вядомае словазлучэнне «крызіс сем’яў»  навявае пачуцці расчаравання і безвыходнасці. Так, нялёгка даводзіцца сучасным сем’ям, наша эпоха ставіць перад намі новыя выклікі, але мы можам сканцэнтравацца на вечных сямейных каштоўнасцях.

Любоў, шчырасць, вернасць, адказнасць і, нарэшце, звычайная прыстойнасць. Мяне радуе той факт, што сучасная моладзь можа ствараць сям’ю без прадузятасці і сацыяльных умоўнасцяў. Так, некаторыя з умоўнасцяў усё яшчэ існуюць, але іх усё роўна менш, чым у нашых продкаў. З іншага боку, у наш час больш спакусаў. Дзе знайсці гэтую залатую, гарманічную сярэдзіну?

Чалавек створаны з любові, створаны для таго, каб любіць і стаць кімсьці асаблівым, адзіным і незаменным для іншага, і толькі тады можна казаць пра сям’ю.

Пошук – вось стан нашага грамадства і самая асноўная праблема нашых сучаснікаў. Але калі пад выглядам пошуку мы неабдумана ўваходзім у тыя адносіны, якія павінны прыйсці з часам, калі ты прымаеш лёсавызначальнае рашэнне для сябе – гэта менавіта ЁН мой назаўсёды, ці гэта менавіта ЯНА – мая адзіная і ненаглядная…

Мы спрабуем проста «пагуляць у сям’ю», «рэпетыраваць сямейныя адносіны», патрэніравацца, як быццам бы ўсё па-сапраўднаму, толькі без абавязкаў і адказнасці адзін за аднаго. Уяўная свабода і ілюзія сям’і адначасова… «Два – у адным» … Дзе гэтая нябачная мяжа, рыса, праз якую мы пераступаем і пасля гэтага не можам стварыць нармальную, простую, звычайную сям’ю, у якой усё памнажаецца і дзеліцца на дваіх?

Мы адчайна шукаем каго-небудзь, каб нас палюбіў, хаця б на час, на крыху… Спяшаемся, а раптам упусцім наш адзін шанс, трэба лавіць імгненне. А як быць з Божымі запаведзямі? Няўжо, ствараючы нас, Бог не падумаў пра тых, хто палюбіць нас?

Я назіраю вельмі цікавую спецыфіку катэхізацыі ў Беларусі. З маёй асабістай практыкі: ад 6 да 18 % (у залежнасці ад рэгіёну) дзеці выносяць асновы веры з сям’і, у асноўным гэта заслуга не столькі бацькоў, колькі бабуляў.

У Беларусі дзеці нясуць Добрую Навіну ў свае сем’і. Маё сярэдняе пакаленне, расло без Бога. Атэістычнай прапагандзе не ўдалося да канца выкарчаваць веру і пачуццё Бога ў нас, але аднаго яна дабілася напэўна – мы сталі абыякавымі да духоўнага. Клімат бязвер’я ўсыпіў наша імкненне да боскага.

Мы прывыклі жыць (спраўляцца, абыходзіцца) без Бога, як сіроты, якія доўгі час жылі без бацькоў. І калі жыццё не паставіць нас у тупіковую сітуацыю, мы звычайна не шукаем Бога.

Пацяшаем сябе банальным апраўданнем: «Сястра, у наш час нас так не вучылі, як вы вучыце нашых дзяцей». Я звычайна адказваю: нас не вучылі карыстацца камп’ютарам, інтэрнэтам, вадзіць аўтамабіль, карыстацца касметыкай, займацца фітнесам, нашы бабулі не хадзілі ў салярый і г.д. Усяму гэтаму мы навучыліся таму, што нам захацелася, нам гэта спадабалася, і мы знаходзім у гэтым канкрэтную карысць для сябе. А духоўнае… Яно застаецца недзе на ўзбочыне нашых інтарэсаў.

Чаму духоўнае для нас менш прыцягальнае? Дыягностыка хваробаў сучасных сем’яў кажа аб крытычным недахопе духоўных каштоўнасцяў. Мне падабаецца яўрэйская прыказка: «Калі з дзецьмі не размаўляць пра Бога, то ўсё астатняе жыццё прыйдзецца размаўляць з Богам пра дзяцей».

Клопат аб матэрыльным дабрабыце, бясспрэчна, важны ў сям’і, але пагарда маральным і духоўным выхаваннем пазбаўляе бацькоў аўтарытэту.

Неўсвядомлена большасць бацькоў абірае ролю загадчыкаў хатняй гаспадаркай: грошы зарабіў, купіў «сучасныя цацкі», апрануў, абуў, накарміў, паклаў грошы на мабільны, запісаў у гурткі і свабодны… Вось межы бацькоўскага ўплыву на дзяцей.

Ён датычыцца менавіта той часткі, якая больш за ўсё хвалюе бацькоў, - матэрыяльнага дабрабыту. Са свайго шматнацыянальнага вопыту магу падзяліцца з вамі шматлікімі маналогамі бацькоў, які расчараваны няўдзячнасцю сваіх дзяцей. Калі ты не станеш для свайго дзіцяці духоўным аўтарытэтам, то грош цана твайму бацькоўству і мацярынству.

Мяне як манахіню, катэхетку трывожыць той факт, што бацькі не з’яўляюцца духоўнымі аўтарытэтамі для сваіх дзяцей. Яны з глыбокай палёгкай і ціхай радасцю аддадуць гэтую ролю каму заўгодна: школе, касцёлу, псіхолагу, інтэрнэту, нарэшце, самім дзецям…

Мы хочам, каб нашы дзеці развіваліся, і не ўсведамляем, што загружанасць не заўсёды развівае дзяцей. Быць з дзецьмі – гэта нашмат больш складана для бацькоў, чым купіць планшэт, дарагі мабільны тэлефон. Удзяляць свайму дзіцяці час, гуляць з ім, размаўляць, выслухаць яго – гэта нашмат больш складана, чым вырашэнне побытавых пытанняў. Часам мы здзіўляемся чэрствасці, жорсткасці, грубасці і няўдзячнасці нашых дзяцей.

Чаго мы чакаем ад дзяцей, якія не бачаць прыкладу ў сям’і? У іх галава круціцца ад «мудра-тэарэтычных» парадаў, якімі іх усе напіхваюць.

На нашы чарговыя парады дзеці агрызаюцца: ведаю, я аб гэтым чуў шмат разоў. Даволі словаў, пакажыце, як гэта дзейнічае, вучыце прыкладам. Наша духоўнае невуцтва, блізарукасць – вось асноўная палка, якую мы ўстаўляем у колы нашых дзяцей.

Мы самі не хочам духоўна развівацца, але чакаем ад дзяцей вынікаў. Што самае галоўнае для кожнага з бацькоў? Я думаю, каб яго дзіця змагло адаптавацца ў гэтым жорсткім свеце, знайсці сваё месца і дасягнуць большага, чым яго бацькі. Каб у будучыні само змагло паклапаціцца не толькі аб сваёй сям’і, але і аб сваіх бацьках.

Які прыклад мы падаем сваім дзецям, калі жывем не па Божым запаведзям? Я – бацька – не святкую дзень святы, прыводжу свайго сына ў касцёл на святую Імшу, а сам іду ў цырульню пастрыгчыся. Якое пасланне ўтрымлівае ў сабе мой учынак? Чаму мы да гэтага часу не можам засвоіць простае правіла: дзеці ідуць за бацькоўскім прыкладам, а не парадамі.

«Скажы мне – і я забудуся, пакажы мне – і я не змагу запомніць, прыцягні мяне да ўдзелу – і я зразумею», – мудрая прыказка індзейцаў.

Што разумеюць дзеці, калі глядзяць на сваіх разведзеных бацькоў? Які ўрок яны засвойваюць, калі бачаць насілле ў сям’і? Чаму яны вучацца, калі бачаць нашы амаральныя ўчынкі? «Вырасце – зразумее», - кажуць многія бацькі. Але ці зразумее менавіта тое, што б мы хацелі?

Хутчэй за ўсё, паўторыць… Парадокс заключаецца ў тым, што, калі дзеці вырастаюць, яны звычайна становяцца, у лепшым выпадку, строгімі суддзямі, а ў горшым – катамі сваіх бацькоў. Чацвёртая запаведзь заклікае нас да таго, каб мы шанавалі сваіх бацькоў. Нам, бацькам, трэба задумацца: як жа дапамагчы нашым дзецям паважаць нас не толькі за тое, што мы робім для іх, але і за тое, хто мы ёсць.

Дзеці ганарацца ўчынкамі бацькоў, у якіх праяўляецца іх духоўная моц, яны з радасцю распавядаюць мне пра іх.

«Учора мае бацькі дапамаглі чалавеку, які ляжаў пры дарозе», «Мой тата чытае мне Біблію кожны вечар», «Мая мама вырашыла не працаваць па нядзелях. Яна валодае кветкавым магазінам, па нядзелях ён зачынены», «Мае бацькі сварыліся ноччу, а я не спаў, тата хацеў спаліць усе падарункі, якія ён падарыў маме. Я маліўся за іх. Яны памірыліся». «Мой тата кожны дзень на 7 раніцы прывозіць мяне на Рараты і моліцца са мной у касцёле».

Такіх гісторый, дзякуй Богу, вельмі шмат. Хацелася б, каб у кожнай сям’і іх было дастаткова, каб дзеці, калі пачнуць успамінаць сваё дзяцінства, узгадвалі пра нас з цеплынёй і ціхім гонарам за тыя моманты нашага жыцця, у якіх нам удалося праявіць моц духу і высакароднасць душы.

Дарагія бацькі, ніколі не позна развівацца духоўна. Дапамажыце вашым дзецям зразумець ваш сапраўдны клопат аб іх, навучыце іх быць удзячнымі дзецьмі, давайце ім урокі вернай любові і міласэрнасці. Не бойцеся неабходных перамен, вы ж і так шмат робіце дзеля дабра вашых дзяцей.

Са з’яўленнем дзіцяці ў вас многае змянілася. Не бойцеся дапусціць Бога да выхавання вашага дзіцяці і не бойцеся раздзяліць з Ім радасці і цяжкасці вашага бацькоўскага паклікання. Ён вас не падвядзе. Бог дапаможа вам у патрэбны момант адшукаць неабходныя словы, здольныя наставіць ваша дзіця на розум, раскрыць яго таленты, умацаваць слабыя бакі.

У Бога вучыцеся сапраўднаму бацькоўству і мацярынству. Шукайце адказы ў Святым Пісанні, каб быць не проста правільнымі, а сапраўднымі Бацькамі. Маліцеся за сваіх дзяцей і не забывайце благаслаўляць іх кожны дзень. Няхай яны прынясуць вам шмат радасці і стануць вашым гонарам.

С. Нунэ Цітаян MSF

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.