Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Чаму быў кананізаваны св. Язафат Кунцэвіч?
Рубрыка Ватыканскага радыё
03.10.2012 11:47

Адным з пытанняў, якое часта перарастае ў спрэчкі паміж католікамі і праваслаўнымі, з’яўляецца кананізацыя грэка-каталіцкага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча. Яна адбылася больш чым праз два стагоддзі пасля яго смерці, а здзейсніў яе ў 1867 г. бл. папа Пій ІХ.

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Справа ў тым, што Язафат Кунцэвіч часта абвінавачваецца ў нехрысціянскіх паводзінах, гвалтоўным празелітызме, выкарыстанні «адміністратыўнага рэсурсу» ў справе распаўсюджвання уніі на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, а таксама захопе святынь. Ці сапраўды гэта так і чаму католікі ўшаноўваюць Язафата як святога, мы паразмаўляем сёння.

На пачатку трэба расказаць аб асаблівасцях вырашэння рэлігійных праблем у XVII ст. — часе, калі быў забіты архіепіскап Кунцэвіч. Украінскі гісторык Віктар Заслаўскі называе «адной з любімых тагачасных забаваў» звароты ў суд, фантастычныя абвінавачванні і пісанне скаргаў у спецыяльныя гарадскія кнігі, на якіх сёння грунтуюцца даследчыкі. Акрамя таго, рэлігійныя пытанні даволі часта вырашаліся і больш рашучымі метадамі — вядомы выпадкі крывавай расправы над прадстаўнікамі іншых веравызнанняў, прапаведнікамі, святарамі і біскупамі. «Такім чынам, разглядаць учынкі і думкі св. Язафата неабходна ў кантэксце менавіта тых часоў. Часоў, калі людзі лічылі пытанні веры і Касцёла настолькі важнымі, што ахвотна маглі бараніць сваю правату і словам, і мячом, і дубінай, і паклёпам — і пры гэтым лічыць, што з’яўляюцца справядлівымі і маюць рацыю», — піша Віктар Заслаўскі.

У той час галоўны рэлігійны канфлікт на нашых землях быў звязаны з абвяшчэннем у 1596 г. уніі — аб’яднання Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай з Каталіцкім Касцёлам. Вядома, што унія не была прызнана многімі прадстаўнікамі праваслаўнага духавенства, гараджан, шляхты і казацтва. У выніку чаго пачалася барацьба за катэдры, цэрквы, тэрыторыі, манастыры, падчас якой выкарыстоўваліся тыя метады, аб якіх было сказана вышэй. У цэнтры гэтага канфлікту апынуўся грэка-каталіцкі архіепіскап Полацка Язафат Кунцэвіч, які стаў аб’ектам шматлікіх нападак і паклёпаў, што скончылася яго смерцю.

Дык вось, адным з самых галоўных абвінавачванняў, якое працягвае гучаць і сёння ў адрас архіепіскапа Кунцэвіча, з’яўляецца тое, што ён гвалтоўна пераводзіў праваслаўных у каталіцтва. Аднак такія метады яму былі проста непатрэбныя. Язафат Кунцэвіч быў цудоўным прапаведнікам, клапатлівым пастырам, адданым справе збаўлення вернікаў і адзінства паміж хрысціянамі. У 1923 г. папа Пій ХІ прысвяціў яму энцыкліку пад назвай «Ecclesiam Dei» («Касцёл Божы»). У ёй Пантыфік падкрэсліваў прыклад яго асабістай святасці, жыцця ў чысціні і беднасці. Акрамя таго, архіепіскап Язафат карыстаўся вялікай павагай за свае інтэлектуальныя здольнасці. Пад яго рэдакцыяй выходзілі шматлікія тэксты аб прымаце св. Пятра, адзінстве Касцёла, хросце св. Уладзіміра. Ён выдаў катэхізіс і імкнуўся адаптаваць пропаведзь Евангелля да асаблівасцяў менталітэта мясцовага насельніцтва. Пій ХІ называў св. Язафата «найсвяцейшым епіскапам, які нястомна прывіваў словам і пісьмом праўду».

Святы Язафат бачыў у уніі сапраўдны шанс для аднаўлення некалі згубленага адзінства паміж хрысціянамі, але не ўжываў для гэтага гвалтоўных метадаў. Аб гэтым пісаў ён сам, што пацвярджаюць многія крыніцы, якія ляглі ў аснову яго кананізацыйнага працэсу. Архіепіскап Кунцэвіч імкнуўся да гэтай мэты праз дбайную душпастырскую дзейнасць і прыклад асабістай святасці.

Святы Язафат акружыў сябе добрымі паплечнікамі. Іерарх накіроўваў сваіх святароў на вучобу ў езуіцкія калегіумы, якія давалі лепшую ў свеце адукацыю і выхаванне. Ён клапаціўся аб тым, каб паства мела добра падрыхтаваных, адукаваных святароў з моцным духоўным і маральным стрыжнем. З іх дапамогай Язафат Кунцэвіч зрабіў Царкву вельмі жывой і здольнай служыць людзям. Так яна больш хутка папаўнялася новымі вернікамі.

Што тычыцца ўзгадак аб гвалтоўным пераследзе праваслаўных вернікаў, то гэтая інфармацыя ўтрымліваецца пераважна ў гарадскіх кнігах скаргаў. Іх нельга разглядаць у якасці дакладнай крыніцы, бо пісаць туды маглі ўсе і ўсё, што заўгодна. Тагачасная судовая сістэма сама не адносілася да іх сур’ёзна. Адной з галоўных крыніц, у якой Кунцэвіч абвінавачваецца ў «жорсткасці», з’яўляецца ліст канцлера Льва Сапегі — таленавітага і дальнабачнага палітыка, які ацэньваў касцёльныя справы з пункту гледжання грамадскай карысці. Аднак у арыгінальным тэксце гэтага ліста (а не яго перакладзе, зробленым з паклёпніцкім намерам) самым сур’ёзным абвінавачваннем з’яўляецца тое, што Кунцэвіч і яго святары «апячатвалі» цэрквы ў адным горадзе — Магілёве.

Сапраўды, паводле загаду архіепіскапа, святыні адчыняліся толькі падчас набажэнстваў, а на працягу астатняга часу заставаліся зачыненымі ў сувязі з тым, што падбухтораныя паклёпніцкімі памфлетамі гараджане імкнуліся іх захапіць. «Апячатваючы» святыні, св. Язафат клапаціўся аб парадку і захаванні маёмасці сваёй архіепархіі, а гэта з’яўляецца абавязкам кожнага пастыра. «Я ніколі нікога да уніі гвалтоўна не прымушаў. Абараняць мае царкоўныя правы (калі на мяне наступаюць з насіллем) мяне абавязвае звычайная епіскапская прысяга», — прыводзіць словы Кунцэвіча гісторык Заслаўскі.

У сваёй энцыкліцы аб архіепіскапе Кунцэвічу Пій ХІ адзначаў, што гэты святы так любіў Касцёл і веру, што нават марыў аб мучаніцтве, якое б магло стаць самай лепшай пропаведдзю аб адзінстве. «Пане, дазволь мне праліць маю кроў за адзінства і паслухмянасць Апостальскай Сталіцы», — прыводзіць словы святога Папа.

Гэтае жаданне св. Язафата споўнілася 12 лістапада 1623 г. у Віцебску. Сюды ён прыехаў, каб абвяшчаць адзінства паміж хрысціянамі з дапамогай слова і малітвы. Кунцэвіч, у адрозненні ад многіх іншых тагачасных рэлігійных лідараў, не меў уласнага войска і ездзіў па тэрыторыі епархіі ў суправаджэнні некалькіх слугаў. Адчуваючы небяспеку паездкі ў Віцебск, ён нават загадаў загадзя падрыхтаваць сабе ў Полацку магілу. У Віцебску святога напаткала мучаніцтва, аб якім нам даволі добра вядома: ён быў схоплены пасля таго, як выйшаў насустрач раз’юшанаму натоўпу, і жорстка забіты.

Вельмі хутка, праз тры гады, у Рыме адбылася беатыфікацыя Язафата Кунцэвіча, а затым і кананізацыя. Сёння яго парэшткі захоўваюцца ў самым галоўным храме каталіцкага свету — ватыканскай базыліцы св. Пятра, што сведчыць аб вялікай павазе і каштоўнасці дзейнасці св. Язафата. Папы неаднойчы падкрэслівалі, што яго прыклад працягвае заставацца актуальным: словам і справай распаўсюджваць Евангелле, спрыяць хрысціянскаму адзінству і з павагай адносіцца да прадстаўнікоў іншых веравызнанняў.

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме