Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянін і права. Рэктары і капеланы
Рубрыка Ватыканскага радыё
23.02.2016 00:00

Сёння мы пагаворым аб даволі рэдка распаўсюджаных фігурах у нашым касцёле – аб рэктарах касцёла і капеланах – і іх функцыях.

Хто такі рэктар касцёла? Часцей за ўсё, асабліва ў Беларусі, касцёл належыць да якой-небудзь парафіі, гаворым, што з’яўляецца парафіяльным, але можа так быць, што касцёл не з’яўляецца парафіяльным – напрыклад, у Старым горадзе Варшавы, Вільнюса ці іншых гарадоў вельмі шмат касцёлаў, але далёка не ўсе яны з’яўляюцца парафіяльнымі, і на чале такіх касцёлаў стаіць рэктар, а не пробашч.

Рэктара касцёла свабодна прызначае дыяцэзіяльны біскуп, але з-за таго, што касцёл не з’яўляецца парафіяльным, рэктару не дазваляецца выконваць у даручаным яму касцёле парафіяльныя функцыі (хросты, шлюбы, пахаванні і інш.) без дазволу пробашча парафіі, на тэрыторыі якой знаходзіцца гэты касцёл. У даручаным яму касцёле рэктар можа служыць літургічныя цэлебрацыі, у тым ліку ўрачыстыя, але гэта ніякім чынам не пашкодзіць парафіяльнаму служэнню.

Падобна як пробашч у парафіяльным касцёле, таксама і рэктар у сваім касцёле павінен сачыць за тым, каб святыя функцыі ажыццяўляліся ў касцёле дастойным чынам паводле літургічных нормаў і прадпісанняў канонаў, каб верна выконваліся абавязацельствы, каб асцярожна кіравалі маёмасцю, каб забяспечвалася захаванне і прыгажосць святых начынняў і святых будынкаў і каб не адбывалася тое, што нейкім чынам не адпавядае святасці месца і адпаведнай пашане да Божага дома.

Яшчэ адна фігура, якая сустракаецца ў арганізацыі структур касцёльнага жыцця – гэта капеланы. 564-ы канон кодэксу гаворыць, што капелан – гэта святар, якому на стала даручаецца пастырская апека, нават частковая, аб некаторай супольнасці або асаблівай групе вернікаў, захоўваючы нормы паўсюднага і мясцовага права. Найбольш вядомыя функцыі капеланаў – гэта капеланы ў шпіталях, вязніцах, у войску, у жаночым манаскім інстытуце  і г.д. Капелан павінен быць надзелены ўсімі паўнамоцтвамі, якія патрабуюцца для сапраўднай пастырскай апекі над даручанай яму групай вернікаў.

Апрача тых паўнамоцтваў, якія яму прадастаўляюцца мясцовым правам або праз спецыяльную дэлегацыю, капелан з моцы сваёй пасады мае паўнамоцтва слухаць споведзі вернікаў, даручаных яго апецы, прапаведваць ім Божае слова, удзяляць Віятык і намашчэнне хворых, а таксама ўдзяляць сакрамэнт канфірмацыі тым, хто знаходзіцца ў небяспецы смерці, – тыя функцыі, для спаўнення якіх звычайнаму святару патрабуюцца спецыяльныя дазволы. Апрача гэтага, у шпіталях, вязніцах і марскіх падарожжах капелан мае паўнамоцтва, якое можа ажыццявіць  толькі ў гэтых месцах і якое дазваляе яму вызваляць ад пэўных касцёльных пакаранняў.

Капелан павінен быць прызначаны для тых, хто з-за ўмоў свайго жыцця не можа карыстацца звычайнай апекай пробашча, г. зн. для мігрантаў, выгнаннікаў, бежанцаў, качэўнікаў, маракоў і г.д. Калі да месца знаходжання якой-небудзь супольнасці або групы далучаны касцёл, які не з’яўляецца парафіяльным, то рэктарам гэтага касцёла павінен быць капелан, але заўсёды ў ажыццяўленні сваёй пастырскай паслугі капелан павінен падтрымліваць належную сувязь з пробашчам.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.