Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў —100 адказаў». Чаму адны людзі вераць, а іншыя не?
Рубрыка Ватыканскага радыё
10.10.2012 11:20

Праз два дні ўвесь Касцёл увойдзе ў Год веры, таму сёння хацелася б паразмаўляць менавіта на тэму, якая з ім звязана. Вельмі часта можна пачуць меркаванне, што вера — гэта справа, якая датычыць толькі некаторых людзей — тых, якім «пашчасціла» яе знайсці. Тыя, хто веры не маюць, могуць сябе вельмі проста апраўдаць: «але ж Бог мне яе не даў».

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Ці сапраўды гэта так? Аб гэтым мы паразмаўляем сёння. Адказ на гэтае пытанне нам дапаможа знайсці адзін з самых выдатных тэолагаў нашага часу Джон Генры Ньюман, англіканскі святар, які стаў католікам і памёр кардыналам Святога Рымскага Касцёла. Ён быў абвешчаны благаслаўлёным у 2010 г. падчас апостальскага візіту ў Вялікабрытанію Бэнэдыкта XVI. Пытанню веры адных і нявер’я іншых кардынал Ньюман прысвяціў адну са сваіх гамілій, прамоўленых у 1856 г. у Бірмінгеме. На яе мы будзем абапірацца ў тым, каб знайсці адказ на пытанне аб прычыне веры адных і нявер’я іншых.

Езус казаў: «Калі не ўбачыце цудаў і знакаў — не паверыце». У іншым месцы Святога Пісання чытаем: «І не ўчыніў там многіх цудаў з прычыны іхняга бязвер’я». Гэтыя словы ўказваюць на тое, што адсутнасць веры — гэта віна самога чалавека. У іншых выпадках Хрыстус казаў: «Жанчына, вялікая твая вера», «Сапраўды кажу вам: не знайшоў я большай веры ў Ізраэлі». Кардынал Ньюман тлумачыць такую адметнасць у адносінах людзей да веры іх жаданнем або нежаданнем адкрытасці. Гэтая ж праўда праяўляецца ў цудоўным гімне, які анёлы спявалі ў ноч Божага Нараджэння: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі». «Добрая воля азначае добрую адкрытасць», — казаў англійскі іерарх.

Але як звязаны добрая воля або адкрытасць з верай? Для гэтага спытаемся: што з’яўляецца галоўным кіраўніком чалавечай душы? Гэта святло сумлення, сапраўднае святло, як кажа евангеліст, якое асвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у гэты свет.

Кожны чалавек мае ў сваім сэрцы імператыў. Гэта не простае пачуццё, меркаванне або спосаб бачання рэчаў. Гэта закон, аўтарытэтны голас, які кажа рабіць адно і не рабіць іншае. Чалавек не мае ўлады над гэтым голасам, ён яго не стварыў і не можа яго знішчыць. Можа яго заглушаць, але не можа вызваліцца ад яго. Чалавек можа не падпарадкоўвацца яму, адмаўляць, адкідаць, але голас усё адно застанецца. Чым больш мы гэты голас слухаем і ідзем за ім, тым больш мы ад яго вучымся. З часам яго ўказанні становяцца ўсё больш зразумелымі, яго навучанне больш шырокім, прынцыпы больш строгімі.

З іншага боку кардынал Ньюман прапануе вернікам пазнаёміцца з яшчэ адным сваім назіраннем. Часта людзі сустракаюцца з цяжкасцю адрозніваць голас сумлення ад голасу сваіх уласных жаданняў і жарсцяў. Яны сустракаюцца з цяжкасцю адрозніць любоў да бліжняга ад любові да самога сябе. Так у чалавека нараджаецца жаданне таго, што дапаможа сфарміраваць уласнае сумленне, — жаданне аўтарытэтнага кіраўніцтва, жаданне цалкам пазнаць і жыць паводле Божага закону, а не ўсведамляць яго толькі фрагментарна. Так у чалавека нараджаецца прага ведаць нябачнага Пана, які ціха прамаўляе ў сэрцы, і не толькі тое, што мы хочам пачуць.

Многія людзі імкнуцца не падпарадкоўвацца сумленню, яны б з задавальненнем пазбавіліся яго, калі б гэта было магчыма. Ці адчуюць яны калі-небудзь жаданне шукаць нешта большае за тое, што іх акружае? Ці пачнуць яны шукаць адкрыцця з вышыні? Гэта пытанне. Яны задаволены самімі сабой, тым станам, у якім знаходзяцца, думаюць, што шчаслівыя настолькі, наколькі ў іх сітуацыі гэта найбольш магчыма. Яны хочуць толькі, каб іх пакінулі ў спакоі. Не маюць патрэбы ў святару ці прароку. Жывуць паводле ўласных правілаў і поглядаў. Так жывуць і так паміраюць.

Параўнаем, як рэагуюць дзве катэгорыі людзей, аб якіх мы размаўлялі вышэй, на пасланне, што паходзіць з нябачнага свету. Канечне, па-рознаму. Для тых, хто шукае, спадзяецца ці прынамсі жадае гэтай ласкі, добрая навіна прыносіць цудоўныя плёны. Яна іх узварушвае, напаўняе радасцю. Калі пасланне адказвае на іх унутраны пошук, яны пачынаюць выпрабоўваць яго — ставіць пад сумневы, разважаць над ім. У іншым выпадку чалавек, які не з’яўляецца адкрытым на пасланне, не будзе мець да яго ніякага інтарэсу і нават не будзе намагацца атрымаць больш інфармацыі аб ім. Ён застанецца ва ўласным доме, і яму нават у галаву не прыйдзе падняцца і ісці шукаць нечага навокал.

У гэтым заключаецца галоўная адметнасць паміж гэтымі дзвюма катэгорыямі людзей: на навіну аб тым, што Хрыстус — Збаўца свету адзін рэагуе актыўна, а іншы пасіўна. Першы пачынае шукаць праўду, іншы думае, што праўда сама прыйдзе да яго. Першы аналізуе тое, аб чым Бог казаў, іншы не адчувае ніякай унутранай зацікаўленасці, думае, што гэта не яго справа. Ён не клапоціцца аб тым, каб лепшым чынам задзейнічаць свае веды, не параўноўвае факты, не збірае аргументы. Ён пакідае ўсё так, як ёсць, паводзіць сябе як суддзя, які не шукае праўды, толькі крытыкуе, а не пачынае маліцца, каб быць асветленым.

Быць гатовымі верыць азначае быць адкрытымі на пошук. Быць моцнымі ў веры азначае быць упартымі ў гэтым пошуку. Тыя, каго Езус хваліў за іх веру, выкарыстоўвалі свае вочы, розум, працягвалі шукаць, пакуль не знайшлі. Але іншыя, нявер’е якіх асуджаў Хрыстус, чулі пасланне, але дазволілі, каб яго зерне ўпала на ўзбочыну дарогі, на камяні ці пад церні, якія не далі яму прарасці.

Такім чынам, каб мець веру, перш за ўсё неабходна больш разважаць аб ёй. Бэнэдыкт XVI казаў: «Вы павінны ведаць тое, у што верыце; павінны ведаць сваю веру з такой дасканаласцю, з якой праграміст ведае аператыўную сістэму камп’ютэра; павінны ведаць яе так, як музыкант ведае сваю партыю». З абвяшчэннем Года веры Касцёл нам дае цудоўную нагоду для таго, каб ахвяраваць свой час і сілы на вывучэнне пытанняў веры, чытанне Святога Пісання, дакументаў Касцёла і рэлігійнай літаратуры, абмеркаванне веры са сваімі братамі! Скарыстаемся ж гэтай нагодай!

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.