Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Ці эмбрыён — гэта адзін з нас?
Рубрыка Ватыканскага радыё
14.11.2012 11:58

Часцей за ўсё дыскусіі паміж праціўнікамі і прыхільнікамі абортаў прыходзяць да пытання: эмбрыён — гэта чалавек ці не? На адным з сайтаў «Pro choice» ёсць такі прыклад: жанчына, цяжарнасць якой была пажаданай, можа адчуваць любоў да эмбрыёна, успрымаць яго як асобнага і ўнікальнага чалавека, доўгачаканага члена яе сям’і.

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Яна можа даць яму імя, размаўляць з ім і гэтак далей. Аднак няшчасная цяжарная жанчына можа ўспрымаць свой эмбрыён з абсалютным жахам, які даходзіць да агіды. Яна не ў стане называць яго інакш, чым «гэта», не кажучы ўжо аб тым, каб лічыць яго чалавекам. Яна з адчаем імкнецца пазбавіцца нежаданага захопніка ў сваім целе, і калі зробіць гэта, адчувае велізарную палёгку.

Паводле прыхільнікаў права на аборт, не існуе навуковых доказаў таго, што эмбрыён ці плод — гэта чалавек, таму вырашэнне гэтага пытання трэба пакінуць самім жанчынам. Гэта не зусім так. Навуковых доказаў таго, што эмбрыён — гэта чалавек, не існавала да пэўнага перыяду гісторыі, калі тэхніка не давала магчымасці зазірнуць ва ўлонне маці і назіраць за тым, хто ў ім развіваецца. Але сёння магчымасць убачыць у гэтым маленькім стварэнні чалавека ёсць. Акрамя таго, навукоўцы паступова адкрываюць усё больш і больш аднолькавых характарыстык у плода і ў дарослага чалавека.

Давяраючы навукоўцам, можна смела сцвярджаць: эмбрыён ці плод, які знаходзіцца пад сэрцам маці, — гэта чалавек. Ён ніколі не зможа змяніцца і стаць чымсьці іншым: напрыклад, жывёлай ці рэччу. Іншая справа, што гэты чалавечы плод знаходзіцца ў пэўным узросце, які ў некаторых аспектах адрознівае яго ад дарослых людзей. Але і пяцігадовы хлопчык або дзяўчынка адрозніваюцца ад 40-гадовых мужчын і жанчын, і з-за гэтага іх не перастаюць называць людзьмі.

Назіранні за плодам ва ўлонні маці паказалі, што ён мае многія пачуцці: напрыклад, адчувае пахі і мае смак. Пасля яго нараджэння становіцца відавочным, што гэтыя пачуцці былі яго першым знаёмствам з вонкавым светам. Акрамя таго, падчас свайго знаходжання ва ўлонні маці плод спрабуе смактаць, утвараць гукі, рухацца. Існуюць даныя, якія дазваляюць казаць пра тое, што плод ва ўлонні маці думае, рэагуе на дотыкі і святло.

Назіраючы за дзецьмі прафесійных балерын, якія працягвалі займацца танцамі падчас цяжарнасці, навукоўцы выявілі, што першыя прызвычайваліся да рухаў маці яшчэ ва ўлонні: пасля нараджэння яны мелі патрэбу ў тым, каб іх калыхалі больш энергічна, чым звычайна. Паводле вучоных, гэта сведчыць аб успамінах і звычках, прынятых у дародавым жыцці.

Вялікая праца была зроблена навукоўцамі, каб праверыць, ці памятае дзіця пасля нараджэння гукі. Сапраўды, атрымалася даказаць, што дзіця пасля нараджэння распазнае голас маці. Таксама навукоўцы зарэгістравалі рытм сэрца эмбрыёна і яго рухі ў той момант, калі ён раптоўна пачынаў чуць гукі. Было заўважана, што плод прызвычайваўся да іх: напачатку «падскокваў», а потым паводзіў сябе спакойна — так, як робім мы, калі нас нешта зацікавіла.

Акрамя таго, плод ва ўлонні маці адчувае боль. Гэта было даказана яшчэ ў 1980-я гг., і сёння гэты факт ніхто не аспрэчвае. Высновы былі зроблены на падставе назіранняў за дзецьмі, якія пакінулі ўлонне маці заўчасна. Паводле навукоўцаў, ужо на 16–18-м тыдні плод вырабляе тыя ж стрэсавыя гармоны, што і дарослы чалавек. Тое, што дзіця ва ўлонні маці адчувае боль, пацвярджае парадаксальная з’ява, прадугледжаная ў Францыі: тут існуе практыка анэстэзіі для плода, перш чым забіць яго праз аборт.

Такім чынам, плод адчувае боль, пахі, гукі, мае смак, здольны думаць і запамінаць, адзначаецца некаторымі асаблівасцямі характару. На самой справе, пасля нараджэння дзіцяці змяняецца няшмат: паветра ўваходзіць у лёгкія, спыняецца доступ крыві з плацэнты, змяняецца спосаб цыркуляцыі крыві ў сэрцы і адбываецца яшчэ некалькі адносна невялікіх змен. Ва ўсім астатнім застаюцца тыя ж характарыстыкі, якія былі набыты дзіцём на працягу прабывання ва ўлонні маці.

Абвяргаць гэтыя факты і казаць пра тое, што ва ўлонні маці жыве «нешта», а не «нехта», — гэта азначае не лічыцца з данымі, пацверджанымі навукова, і не разумець пэўнай дынамікі развіцця чалавека. Калі нехта думае, што чалавек становіцца чалавекам у адзін канкрэтны момант, напрыклад пасля нараджэння, то гэта хутчэй нагадвае веру ў магію, чым у навуку.

Напрыканцы зацытуем словы аднаго з сусветна вядомых навукоўцаў, кіраўніка кафедры эмбрыялогіі МДУ Уладзіміра Галічэнкава. Абапіраючыся на вялікі навуковы вопыт, ён сцвярджае, што «з пункту гледжання сучаснай біялогіі (генетыкі і эмбрыялогіі) жыццё чалавека як біялагічнага індывідуума пачынаецца з моманту злучэння ядраў мужчынскай і жаночай палавых клетак і ўтварэння адзінага ядра, якое ўтрымлівае ў сабе непаўторны генетычны матэрыял. На працягу ўсяго ўнутрыўлоннага развіцця новы чалавечы арганізм не можа лічыцца часткай цела маці. Яго нельга лічыць органам ці часткай органа маці». Паводле навукоўца, «аборт, на любым тэрміне цяжарнасці, з’яўляецца наўмысным спыненнем жыцця чалавека як біялагічнага індывідуума».

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.