Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Чаму католікам забаранялася ўдзельнічаць у палітыцы?
Рубрыка Ватыканскага радыё
12.12.2012 10:46

Вельмі часта ўзнікае пытанне: ці можна католікам удзельнічаць у палітыцы? Многія прытрымліваюцца такога меркавання, што гэта брудная справа і лепш у яе не лезці. Але гэта вельмі памылковае ўяўленне.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Хрысціяне павінны быць «соллю зямлі», гэта значыць «надаваць смак» зямным справам, у тым ліку грамадскім і палітычным. Пра абавязак вернікаў удзельнічаць у палітычным жыцці шмат разоў казалі Пантыфікі, у тым ліку і папа Бэнэдыкт XVI. Але таксама ў гісторыі былі моманты, калі Папа забараняў католікам прымаць удзел у палітыцы. Чаму? Аб гэтым мы пагаворым сёння.

У 1861 г. у Італіі праходзілі першыя парламенцкія выбары. Але незадоўга перад імі галоўны рэдактар газеты «L’Armonia» кс. Джакама Маргоцці пачаў кампанію за тое, каб католікі ўстрымаліся ад удзелу ў іх і такім чынам выразілі пратэст супраць палітыкі дзяржавы, якая імкнулася пазбавіць Папу свецкай улады, а Касцёл тэрыторый і маёмасці. Заклік кс. Маргоцці гучаў вельмі проста: «не выбіраць і не выбірацца». Ён знайшоў шмат прыхільнікаў сярод вялікай часткі італьянскага духавенства і свецкіх вернікаў і стаў формай пратэсту супраць новай італьянскай ліберальнай дзяржавы.

Прынцып «няўдзелу» ў палітычным жыцці, прапанаваны кс. Маргоцці, некалькі разоў агучваўся рознымі ватыканскімі ўстановамі. 30 студзеня 1868 г. на пытанне пьемонцкіх біскупаў, ці дазволена католікам прымаць удзел у палітыцы, Святая Кангрэгацыя па незвычайных касцёльных справах адказала: «non expedit», што можна перакласці як «не карысна». Затым, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, гэтае правіла паўтаралася рознымі іншымі ўстановамі Святога Пасаду. 9 лістапада 1870 г., ужо пасля таго, як італьянцы захапілі Рым і праводзілі агульныя выбары, Святая Пэнітэнцыярыя паўтарыла заклік аб «некарыснасці» ўдзелу ў іх для католікаў. У 1874 г. сам папа Пій IX паўтараў яго некалькі разоў у сваіх прамовах да вернікаў. У 1886 г., падчас Пантыфікату Льва ХІІІ, пазіцыя Касцёла адносна гэтага пытання была выражана формулай «non expedit prohibitionum importat» («не карысна — значыць забаронена»).

Няўдзелам у палітычным жыцці краіны католікі выражалі пратэст супраць узурпацыі касцёльнай маёмасці, тэрыторый, пазбаўлення Папы свецкай улады і незалежнасці. Канешне, Касцёл не забараняў удзелу ў палітычным жыцці на ўсіх узроўнях. Напрыклад, у адміністрацыйных выбарах італьянскім католікам удзельнічаць было дазволена. Таксама перыяд устрымання ад прамога ўдзелу ў палітыцы стаў свайго роду падрыхтоўкай і разважаннем аб ролі свецкіх у жыцці дзяржавы, якое вылілася ў фарміраванне шматлікіх каталіцкіх асацыяцый дабрачыннага і адукацыйнага характару.

На працягу першага трыццацігоддзя ХХ ст., у часы Пантыфікатаў Пія Х, Бэнэдыкта XV і Пія ХІ, у адносінах Папаў да італьянскай палітыкі пачалося пацяпленне. Католікі пачалі паступова далучацца да некаторых палітычных сіл у краіне, пераважна для таго, каб не дазволіць прыйсці да ўлады прадстаўнікам сацыялістычных партый.

Знакам змены адносін Святога Пасаду да палітыкі стала энцыкліка Пія Х «Il fermo proposito», апублікаваная ў 1905 г. У ёй Папа заклікаў католікаў як мага больш актыўна ўключыцца ў вывучэнне актуальных сацыяльных праблем. Хоць Пантыфік не адмяняў правіла аб «невыгоднасці» ўдзелу ў палітыцы, тым не менш зрабіў шэраг выключэнняў, якія затым амаль кожны год памнажаліся. Так, некаторыя католікі змаглі быць абраны ў парламент краіны, праўда, не кажучы публічна аб сваёй веры.

У 1913 г. адбылося афіцыйнае вяртанне католікаў у палітычнае жыццё Італіі. З нагоды выбараў паміж італьянскімі лібераламі і Каталіцкім італьянскім аб’яднаннем выбаршчыкаў было заключана пагадненне з мэтай разам супрацьстаяць прапановам па легалізацыі разводаў і бараніць свабоду бацькоў на выбар адукацыі для сваіх дзяцей.

У 1919 г. папа Бэнэдыкт XVI канчаткова і афіцыйна адмяніў правіла «non expedit», якое фактычна ўжо не дзейнічала. Гэта дало магчымасць для стварэння Італьянскай народнай партыі — неканфесійнага, незалежнага ад касцёльнай іерархіі, але натхнёнага каталіцкімі прынцыпамі палітычнага аб’яднання, заснавальнікам якога стаў італьянскі святар кс. Луіджы Стурца.

Такім чынам, забарона на ўдзел католікаў у палітычным жыцці існавала ў Касцёле толькі часова і ў вельмі складаных гістарычных умовах. Але зараз, канешне, ніякай забароны на гэта няма. Больш за тое, удзел у палітычным жыцці і выбарах з’яўляецца абавязкам кожнага веруючага чалавека, бо, як казаў адзін філосаф, «зло дзейнічае, калі бяздзейнічае дабро».

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме