Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Чаму Касцёл супраць гомасексуальных саюзаў?
Рубрыка Ватыканскага радыё
15.01.2013 20:40

13 студзеня ў Парыжы адбылася шматтысячная дэманстрацыя супраць спробы легалізацыі аднаполых саюзаў і ўсынаўлення імі дзяцей. Каталіцкі Касцёл у Францыі рашуча падтрымаў абаронцаў сям’і і заахвочваў грамадзян выйсці на вуліцы сталіцы.

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Супрацьстаянне спробам гомасексуалізацыі грамадства на сённяшні дзень з’яўляецца адным з самых важных у місіі Касцёла ў сацыяльнай сферы. У сувязі з гэтым часта можна пачуць абвінавачванні, што каталіцкая пазіцыя ў гэтай сферы сярэднявечная, гамафобская і фундаменталісцкая. Нібыта сваімі павучэннямі Папа, біскупы, святары і вернікі перашкаджаюць людзям любіць адно аднаго і быць шчаслівымі.

Ці сапраўды гэта так? Хрысціянства — гэта перш за ўсё рэлігія любові. Любоў тут з’яўляецца вяршыняй і краевугольным каменем. Бог, у якога вераць хрысціяне, больш за ўсё на свеце жадае, каб кожны чалавек быў шчаслівым. Канешне, як бацькі з любові даюць пэўныя ўказанні сваім дзецям, таксама і Бог даў людзям свае. Ідучы за Ім, можна стаць па-сапраўднаму свабодным, рэалізаваным і шчаслівым чалавекам. Гэтыя ўказанні датычацца таксама праблемы гомасексуалізму і скіраваны да людзей, якія маюць да яго схільнасці.

Гаворачы аб праблеме гомасексуалізму, варта адрозніваць гомасексуальныя схільнасці чалавека і гомасексуальныя адносіны — акты ці саюзы. Касцёл прызнае, што пэўная колькасць мужчын і жанчын маюць схільнасць да гомасексуалізму — сексуальнай цягі выключна ці пераважна да людзей аднаго з імі полу. Яны не зрабілі свядомага выбару на карысць гомасексуалізму, і для большасці з іх гэты стан з’яўляецца цяжкім выпрабаваннем. Таму Касцёл заклікае адносіцца да такіх людзей з павагай і тактоўнасцю, пазбягаць у адносінах да іх праяваў рознага тыпу несправядлівай дыскрымінацыі. У многіх краінах свету Касцёлам рэалізуюцца душпастырскія ініцыятывы, якія дапамагаюць людзям з гомасексуальнай арыентацыяй, спрыяюць іх адкрытасці на жыццё ў сексуальнай чысціні і святасці.

Касцёл, будучы праціўнікам несправядлівай дыскрымінацыі ў адносінах да людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі, кажа, аднак, рашучае «не» ў некаторых пытаннях: па-першае, адносна прызнання «нармальнасці» гомасексуальных адносін; а па-другое, адносна легалізацыі і надання гомасексуальным саюзам роўнага статусу з сужэнствам. Чаму?

Адной з прычын непрызнання гомасексуальных актаў «нармальнымі» можна назваць іх відавочную неадпаведнасць натуральнаму Божаму закону, які запісаны і выражаны ў чалавечай прыродзе. У іх адсутнічае эмацыйная і палавая ўзаемадапаўняльнасць і перш за ўсё здольнасць перадаваць жыццё. Паводле каталіцкага навучання, любы сексуальны акт па-за сужэнствам ці закрыты на жыццё з’яўляецца амаральным. Акрамя таго, гомасексуальныя адносіны ўмацоўваюць неўпарадкаваныя схільнасці і характарызуюцца пошукам самазадавальнення. Навучанне Касцёла кажа, што, як і любая іншая маральная неўпарадкаванасць, гомасексуальныя адносіны перашкаджаюць чалавеку рэалізоўваць сваё шчасце.

Што датычыцца гомасексуальных саюзаў, то яны ўплываюць на пашырэнне яшчэ большай маральнай неўпарадкаванасці, а менавіта фарміраванню такога разумення сексуальнасці, якое цалкам супярэчыць прыродзе (Божаму плану). Прызнанне гомасексуальных саюзаў дае нагоду думаць, што гэта проста адзін з відаў сужэнства, накшталт таго, што існуе паміж мужчынам і жанчынай. Але ж на самой справе гэта не так! У гомасексуальным саюзе адсутнічаюць фундаментальныя элементы сужэнскага жыцця, таму іх нават нельга параўноўваць, не тое што надаваць аднолькавы статус. Благаслаўлёны Ян Павел ІІ казаў, што «абсурднай з’яўляецца прэтэнзія на тое, каб наблізіць сужэнскую рэальнасць да саюзу паміж людзьмі аднаго полу». На гэта ёсць некалькі прычын.

Па-першае, у гомасексуальных саюзах адсутнічае пракрэацыйны аспект, прадыктаваны аб’ектыўнай няздольнасцю людзей аднаго полу перадаваць жыццё. А менавіта гэты элемент стаіць на першым месцы Божага плану адносна сужэнства.

Па-другое, у гомасексуальных саюзах няма перадумоваў для ўзаемадапаўняльнасці палоў, як у фізіка-біялагічным плане, так і ў псіхалагічным. Адметнасці паміж членамі сужэнства з’яўляюцца натуральнымі і адпавядаюць прыродзе, арганізму, мысленню, адчуванню чалавека, створанага мужчынам і жанчынай. Але ў саюзе людзей аднаго полу яны адсутнічаюць, што таксама не адпавядае характарыстыкам сужэнства.

Па-трэцяе, гомасексуальнае асяроддзе з’яўляецца неадпаведным для нармальнага развіцця дзяцей, якія могуць быць у яго ўключаны праз усынаўленне. У такім кантэксце дзіця будзе пазбаўлена важных для яго мацярынства ці бацькоўства. Уключэнне дзяцей у такі саюз праз усынаўленне азначае насілле над імі, у тым сэнсе, што яны змяшчаюцца ў асяроддзе, не спрыяючае іх нармальнаму развіццю. Канешне, такая практыка з’яўляецца амаральнай і супярэчыць усім міжнародным нормам у адносінах да правоў дзяцей.

Акрамя таго, прызнанне гомасексуальнасці нормай і прапаганда гэтага праз СМІ і іншыя формы камунікацыі ўплывае на фарміраванне ў людзей гомасексуальных схільнасцяў на псіхалагічным узроўні.

Такім чынам, Касцёл, выступаючы супраць прызнання «нармальнымі» гомасексуальных адносін і легалізацыі саюзаў паміж людзьмі аднаго полу, грунтуецца на шэрагу аб’ектыўных прычын, якія з’яўляюцца не толькі рэлігійнымі, але і натуральнымі, біялагічнымі, антрапалагічнымі і сацыяльнымі. Яго пазіцыя не мае нічога супольнага з прапагандай ці маралізатарствам, але, наадварот, засноўваецца на глыбокіх ведах пра чалавека, яго прызначэнне і ўнутранае жаданне паўнаты і шчасця.

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.