Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Ці быў Папа членам «Гітлерюгенд»?
Рубрыка Ватыканскага радыё
23.01.2013 08:10

Калі ў 2005 г. на пасад Святога Пятра быў абраны кардынал Ёзаф Ратцынгер, многія замежныя і айчынныя СМІ пачалі рабіць «сенсацыю» на момантах з яго біяграфіі, якіх на самой справе не існавала. Многія газеты і часопісы распавядалі, што ў маладосці будучы Пантыфік быў членам нацысцкай моладзевай арганізацыі «Гітлерюгенд».

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Гэтая тэма была ўзнята ў топ навінаў таксама ў 2009 г., у сувязі з візітам Бэнэдыкта XVI у Святую Зямлю. Тады кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі быў вымушаны ўзяць слова. Ён патлумачыў, што Папа «ніколі не быў членам „Гітлерюгенд” — дабраахвотнай фанатычнай і ідэалагічнай арганізацыі», і падкрэсліў, што ўвогуле насілле і нянавісць не адпавядалі і не адпавядаюць характару Святога Айца — чалавека «ветлівага, сціплага і добрага». Дык адкуль бярэ свае карані «чорная легенда» пра членства маладога Ёзафа Ратцынгера ў нацысцкай арганізацыі? Пра гэта мы пагаворым сёння.

Крыху гісторыі. Калі Гітлер прыйшоў да ўлады, у Германіі былі створаны дзве моладзевыя арганізацыі: «Гітлерюгенд» («Гітлераўская моладзь») і «Ліга нямецкай моладзі». Яны былі звязаны з агульнай сістэмай адукацыі Трэцяга Рэйху, а іх ячэйкі існавалі амаль у кожнай школе. У сваёй біяграфіі «Маё жыццё» Бэнэдыкт XVI распавёў, што ў маніфестацыях гэтых арганізацый былі прымушаны ўдзельнічаць яго брат і сястра, ад чаго вельмі пакутаваў іх бацька. Ёзаф Ратцынгер-старэйшы быў практыкуючым католікам і праціўнікам нацысцкай ідэалогіі. Будучы камісарам мясцовай жандармерыі, ён вельмі перажываў з прычыны таго, што павінен служыць дзяржаўнай уладзе, якую лічыў зборышчам злачынцаў, і дапамагаў тым, каму пагражаў нацысцкі рэжым, у тым ліку каталіцкім святарам. Акрамя таго, бацька клапаціўся, каб ні адзін з членаў яго сям’і не патрапіў пад уплыў нацысцкай ідэалогіі.

У 1943 г., калі гітлераўскія ўлады пачалі асабліва моцна адчуваць недахоп у салдатах, яны вырашылі перавесці некаторыя навучальныя ўстановы бліжэй да батарэй супрацьпаветранай абароны. Такім чынам, паводле задумы гітлераўцаў, моладзь, у вольны ад заняткаў час, магла дапамагаць салдатам. Сярод перамешчаных апынуўся і клас будучага Папы — вучняў 1926–1927 гадоў нараджэння меншай каталіцкай семінарыі ў Траўнштайне. Яны былі прызначаны на дапамогу базе супрацьпаветранай абароны, якая знаходзілася ў прадмесці Мюнхена. Гэтая база ахоўвала неба над заводам «BMW», на якім вырабляліся рухавікі для самалётаў. Папа ўспамінаў, што жылі яны ў бараках, насілі такую ж форму, як і салдаты, але мелі магчымасць наведваць заняткі ў адной з мюнхенскіх гімназій. У гэты перыяд будучы Пантыфік сябраваў з мясцовымі гімназістамі, а таксама пачаў наведваць заняткі рэлігіі. Калі паветраныя напады на Мюнхен спыніліся, Ёзаф Ратцынгер быў пераведзены ў Інсбрук, а затым у Гільшынг. Тут будучы Папа на працягу года служыў у якасці тэлеграфіста.

У 1944 г. ён вярнуўся ў родны дом, але адразу атрымаў новую павестку з прызывам на «працоўную службу». Ёзаф Ратцынгер быў вымушаны ехаць у працоўны лагер у Аўстрыі, каля мяжы з Венгрыяй і Чэхаславакіяй. Тут моладзь капала траншэі і будавала сістэму супрацьтанкавай абароны. Папа ўспамінаў, што у размовах паміж сабой хлопцы дзяліліся чаканнямі адносна перамогі саюзнікаў.

Мясцовае кіраўніцтва ў працоўным лагеры складалася з фанатычных ідэалагізаваных нацыстаў, якія перад прыходам Гітлера сядзелі ў аўстрыйскіх турмах. Яны падымалі навабранцаў па начах, строілі і пад пагрозамі прымушалі ўступаць у СС. Ёзаф Ратцынгер напісаў у сваёй біяграфіі, што «многія добрыя хлопцы такім чынам былі ўключаны ў гэтыя злачынныя шэрагі». З будучым Папам гэтага не здарылася, бо ён і некаторыя іншыя яго сябры сказалі, што плануюць стаць каталіцкімі святарамі. «Над намі смяяліся, абражалі і прагналі назад, але гэтыя прыніжэнні таго каштавалі, асабліва таму, што вызвалялі ад пагрозы такога фальшывага „добраахвотнага” залічэння, з усімі яго наступствамі», — успамінаў Бэнэдыкт XVI. З набліжэннем фронту, у 1944 г., праца ў лагеры была спынена, а моладзь адпраўлена дамоў.

Бэнэдыкт XVI узгадваў, што быў вельмі здзіўлены, калі не знайшоў дома новай павесткі. Такім чынам, ён меў некалькі тыдняў адпачынку, але затым быў выкліканы ў Мюнхен. Афіцэр, які займаўся прызывам, загадаў перасяліцца ў казарму, але дазволіў «не спяшацца». Атмасфера ў казармах, паводле ўспамінаў Святога Айца, была зусім іншай, чым у лагеры. Афіцэры ўжо разумелі, што вайна хутка скончыцца, і хоць працягвалі рабіць выгляд, што верныя Гітлеру, на самой справе чакалі хутчэйшага прыходу амерыканцаў.

У апошнія месяцы вайны батальёну, у які быў залічаны Ёзаф Ратцынгер, была выдадзена новая форма і было загадана прайсці маршам па мястэчках вакол Мюнхена, спяваючы ваенныя нацысцкія песні — паказваючы такім чынам, што Гітлер мае яшчэ шмат маладых салдат. У гэты момант будучы Папа вырашыў дэзерціраваць і вярнуцца дамоў. «Я ведаў, што горад акружаны салдатамі, якія мелі загад страляць па дэзерцірам. Таму, каб выбрацца, я пайшоў маленькай дарогай, з надзеяй, што ніхто мяне не патурбуе», — успамінаў Бэнэдыкт XVI. Аднак тут ён сустрэў патруль, які, на шчасце, складаўся з тых, хто больш не хацеў вайны і забойстваў. Салдаты прапусцілі будучага Папу, і ён вярнуўся дамоў.

Калі ў Траўнштайн прыйшлі амерыканцы, у доме Ратцынгераў яны размясцілі сваю галоўную мясцовую сядзібу. Яны даведаліся аб вайсковым мінулым Ёзафа, загадалі апрануць форму і адправілі ў лагер для ваеннапалонных, дзе ён прабыў некалькі тыдняў. 19 чэрвеня 1945 г. Ратцынгер быў вызвалены, і так для яго скончылася вайна, у якую ён быў уцягнуты супраць сваёй волі.

З гэтай поўнай біяграфіі бачна абсалютная недарэчнасць інфармацыі аб тым, што Папа быў членам ваенізаванай моладзевай нацысцкай арганізацыі. Такога факту ў біяграфіі Пантыфіка няма. Ёзаф Ратцынгер быў прымусова запісаны ў дапаможныя атрады супрацьпаветранай абароны, якія складаліся са шматлікіх школьнікаў, такіх, як ён сам. Акрамя таго, Папа не быў салдатам «Аўстрыйскай дывізіі», аб чым часта гаворыцца ў СМІ, але знаходзіўся тут у працоўным лагеры. Нягледзячы на пагрозы і здзекі з боку салдат СС, ён не зламаўся, застаючыся верным сваім перакананням.

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме