Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Як Пій ХІІ дапамагаў саюзнікам?
Рубрыка Ватыканскага радыё
06.02.2013 15:42

Напрыканцы студзеня ў аўтарытэтным брытанскім выданні «The Guardian» з’явіўся артыкул, у якім была змешчана інфармацыя аб маёмасці Апостальскай Сталіцы ў розных краінах свету. «Эксперт» прадставіў свой матэрыял як сапраўдную сенсацыю і дадаў вастрыні свайму адкрыццю, падкрэсліўшы: а ўсё гэта было ж набыта на «грошы Мусаліні»!

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Магчыма, адной з мэтаў артыкула было ўзняцце новых дыскусій аб ватыканскіх фінансах і сувязях з фашызмам. Але што новага можна сказаць па гэтым пытанні — аб «грошах Мусаліні» і ватыканскай нерухомасці вядома ўжо на працягу больш чым 80 гадоў! Яшчэ ў 1929 г. італьянская дзяржава, якой у той перыяд кіраваў гэты самы Мусаліні, у якасці кампенсацыі Апостальскай Сталіцы за шматлікія канфіскаваныя ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. землі і будынкі выплаціла вялікую суму грошай (якая на сённяшні дзень эквівалентна 200 мільёнам еўра). Гэта не быў просты дар ці падзяка за падтрымку тагачаснага рэжыму, як сцвярджаюць некаторыя, — але справядлівая кампенсацыя за забранае. Акрамя таго (як адзначаецца ў саміх Латэранскіх пагадненнях), была заплачана сума значна меншая за тую, якую павінна была кампенсаваць Італія Апостальскай Сталіцы.

Ватыкан гэтыя грошы не закапаў у зямлю, але інвеставаў у прамысловыя прадпрыемствы, нерухомасць і іншае, каб яны прыносілі плён. Сёння дзякуючы гэтым грошам у свеце функцыянуюць сотні місій, навучальных устаноў, бальніцаў, сталовых, друкарняў, рэалізуюцца праграмы па дапамозе хворым, развіцці бедных рэгіёнаў і спрыянні міру. Аб гэтым мы ўжо размаўлялі ў адной з мінулых праграм. Але некалькі месяцаў таму стала вядома аб яшчэ адной добрай справе, якую было наканавана выканаць «ватыканскім грошам». Аб ёй мы пагаворым сёння.

У снежні 2012 г. на старонках выдання Кембрыджскага ўніверсітэта «The Historical Journal» з’явіўся артыкул гісторыка Патрыцыі Макголдрык, супрацоўніцы Мідлсекскага ўніверсітэта ў Лондане. Ён адкрыў новую, невядомую раней старонку гісторыі — а менавіта таямніцу перамяшчэння ватыканскіх фінансавых патокаў падчас Другой сусветнай вайны. Прааналізаваўшы дакументы, якія захоўваюцца ў Брытанскім Нацыянальным архіве, навуковец прыйшла да высновы: падчас вайны Пій ХІІ грашыма падтрымаў саюзнікаў.

Гэтая гісторыя напоўнена шпіянажам, сакрэтнымі кантактамі і новымі фактамі, якія на працягу доўгага часу былі схаваны пад пластам архіўнага пылу. У яе цэнтры знаходзіцца асоба Бернардзіна Нагара, члена савета дырэктароў Камерцыйнага банка Італіі і вялікага сябра сям’і Раці, якая ў 1929 г. была паклікана кіраваць ватыканскімі фінансамі. Менавіта гэты банкір, у блізкім кантакце з членамі Рымскай Курыі, распрацаваў фінансавую схему, паводле якой Ватыкан, праз банкі ў Лісабоне, змог пераправіць вялікую суму грошай у ЗША і Англію.

На самым пачатку Другой сусветнай вайны Ватыкан паклапаціўся аб тым, каб яны не патрапілі ў рукі нацыстаў. Фінансы, перапраўленыя ў банкі ЗША і Вялікабрытаніі, зрабілі гэтыя краіны цэнтрамі, з якіх ажыццяўлялася фінансаванне Паўсюдным Касцёлам. Адсюль грошы перапраўляліся ў дыяцэзіі ў розных краінах свету. Яны выкарыстоўваліся на падтрымку місіянерскай дзейнасці, працы нунцыятур, семінарый, школ, кляштараў і касцёлаў, моладзевых рухаў і каталіцкага друку, былі дапамогай святарам і законнікам, нават тым, хто знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах.

Акрамя таго, дакументы Брытанскага Нацыянальнага архіва апавядаюць, што Ватыкан фінансаваў вялікую гуманітарную дзейнасць на карысць войскаў саюзнікаў і народаў, якія апынуліся пад нацысцкай акупацыяй. Напрыклад, у 1944 г. Пій ХІІ арганізаваў пастаўку мукі ў Рым, дзе і так па ініцыятыве Касцёла штодня раздаваліся каля 100 тысяч порцый гарачай ежы. Па ініцыятыве Папы прадукты пастаўляліся з Аргенціны і Іспаніі ў Італію і Грэцыю.

І гэта яшчэ не ўсё. З 1939 г. Апостальская Сталіца інвеставала вялікія сродкі ў развіццё буйной амерыканскай прамысловасці: машынабудаўнічай, металаперапрацоўчай, хімічнай, электрычнай і інш. Даследчыца сцвярджае, што «рэкі грошай з Ватыкана», выкарыстаныя ў ваеннай амерыканскай прамысловасці, паспрыялі «разгрому нацыстаў і паклалі канец звярыным забойствам халакосту». Такім чынам, паводле даследчыцы, Апостальская Сталіца выкарыстала фінансавыя прылады, каб змагацца супраць нацызму і залячыць раны Еўропы. І зрабіла гэта вельмі эфектыўна.

Паводле Патрыцыі Макголдрык, фінансавая гісторыя Другой сусветнай вайны з’яўляецца цалкам невядомай і вельмі мала навукоўцаў адважыліся яе даследаваць. Аднак ужо тых фактаў, якія мы маем перад вачыма, дастаткова, каб адкінуць павярхоўныя суджэнні і ідэалагізаваныя погляды пры рэканструкцыі фактаў. Прыклад гэтага адкрыцця яшчэ раз паказвае адносіны Пія ХІІ да нацысцкага і фашысцкага рэжыму і робіць галаслоўнымі ўсялякія спробы абвінаваціць Касцёл у іх падтрымцы ці тым больш супрацоўніцтве з імі.

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме