Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Бэнэдыкт XVI — «панцэркардынал» ці пакорны працаўнік вінаградніку Пана?
Рубрыка Ватыканскага радыё
26.02.2013 16:03

Яшчэ перад абраннем Бэнэдыкта XVI на Пасад св. Пятра многія СМІ сфарміравалі вакол яго вобраз чалавека халоднага і закрытага, сапраўднага аскета, у якім вернасць парадку пераважае над любоўю. Калі кардынал Ёзаф Ратцынгер быў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, яго называлі не інакш як «вялікі інквізітар», між іншым, нагадваючы аб старажытнай назве ўстановы, якую ён узначальваў. Іншая мянушка — «панцэркардынал» — падкрэслівала, што Ёзаф Ратцынгер не спыняецца ні перад чым дзеля абароны каталіцкага навучання і пераследу ворагаў Касцёла.

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Пасля абрання Біскупам Рыма вобраз строгага і кансерватыўнага нямецкага іерарха дамалёўваўся шматлікімі адвольнымі інтэрпрэтацыямі момантаў яго біяграфіі, а таксама ўчынкаў і словаў. Сёння мы паразмаўляем пра тое, ці на самой справе існуюць падставы для падобных ярлыкоў і павярхоўных стэрэатыпаў.

Кажуць, што для таго, каб убачыць чалавека такім, які ён ёсць на самой справе, яго неабходна паставіць у складаную сітуацыю — канфлікту ці пераследу. Тут праяўляецца яго сапраўдная сутнасць — ён адкажа агрэсіяй, або пакорай і любоўю. Пантыфікат Бэнэдыкта XVI якраз і праходзіў у такіх умовах: час, калі яму было даверана кіраваць лодкай св. Пятра, можна назваць сапраўднай бурай. На працягу апошніх гадоў Касцёлу і асабіста Святому Айцу прыйшлося перажыць шматлікія вельмі сур’ёзныя і бязлітасныя нападкі, абвінавачванні і правакацыі.

Напачатку ў мусульманскім свеце выбухнулі шматлікія пратэсты з-за няправільнай інтэрпрэтацыі яго словаў аб ісламе. Затым СМІ крытыкавалі яго за словы аб тым, што прэзерватывы не з’яўляюцца эфектыўным сродкам барацьбы са СНІДам. На час Пантыфікату Бэнэдыкта XVI прыйшоўся пік абвінавачванняў у бок некаторых святароў у сексуальных злачынствах. Іншы канфлікт узнік з-за таго, што Папа дазволіў вярнуцца ў лона Касцёла біскупу, які памяншаў памеры халакосту, аб чым Святы Айцец не быў паінфармаваны. Нарэшце, у апошнія гады Пантыфікату Бэнэдыкт XVI сустрэўся з цяжкасцямі ў сувязі з прыняццем новага заканадаўства аб фінансавай празрыстасці ў Ватыкане і перажыў здраду аднаго з бліжэйшых супрацоўнікаў, які перадаў для публікацыі яго асабістыя лісты. У сувязі з гэтымі падзеямі французскі журналіст Жан Мары Гуэно параўнаў духоўныя перажыванні Бэнэдыкта XVI з фізічнымі пакутамі яго папярэдніка.

На ўсе гэтыя падзеі Святы Айцец імкнуўся адказаць такім чынам, каб нікога не пакрыўдзіць і адначасова выявіць праўдзівы бок сітуацыі. Пасля таго, як ён патлумачыў інтэнцыю і змест сваіх словаў аб ісламе, Папу ў адкрытым лісце выказалі падтрымку і салідарнасць 216 мусульманскіх рэлігійных лідараў. Бэнэдыкт XVI стаў першым у гісторыі Пантыфікам, які асабіста сустракаўся з ахвярамі сексуальных злоўжыванняў, каб прасіць у іх прабачэння і дапамагчы залячэнню іх душэўных ранаў. Ён рашуча асудзіў злачынствы і прызнаў, што «галоўны пераслед Касцёла паходзіць не звонку, але адбываецца праз грахі самога Касцёла». Святы Айцец таксама казаў, што адмаўленне халакосту не мае нічога супольнага з каталіцкім духам, і таму, калі б даведаўся своечасова, ніколі б не вярнуў у лона Касцёла чалавека, які яго публічна адмаўляе. Нарэшце, Папа асабіста прыйшоў у ватыканскую турму, каб паведаміць пра прабачэнне і памілаванне чалавеку, які краў яго асабістыя дакументы і перадаваў журналістам. Ці ўсё гэта — жэсты халоднага і закрытага чалавека?

Яшчэ 19 красавіка 2005 г. Бэнэдыкт XVI акрэсліў сваю пазіцыю і стыль кіравання Касцёлам, кажучы, што «пасля Вялікага Папы Яна Паўла ІІ» кардыналы выбралі яго — «простага і пакорнага працаўніка вінаградніку Пана», і адначасова адзначыў, што адчувае давер да Бога, які «ўмее працаваць таксама і з недасканалымі прыладамі».

Гэта не былі толькі словы. Сваю пакору Святы Айцец пацвердзіў шматлікімі іншымі жэстамі, словамі і ўчынкамі: ён падтрымаў сваіх папярэднікаў, адмовіўшыся ад выкарыстання тыяры на папскім гербе — сімвалу зямной улады Касцёла; свой першы зварот скіраваў да яўрэйскай супольнасці, якую затым называў не проста «братамі па веры», а больш за тое — «айцамі веры»; падчас падарожжа ў Германію ён першым сярод Папаў наведаў кляштар, дзе жыў Марцін Лютэр, а гаворачы аб ім, падкрэсліў, што гэты чалавек перш за ўсё меў глыбокае жаданне праўды і Бога, якога так не хапае нашым сучаснікам.

Прыклады цёплых, адкрытых, пакорных і сціплых жэстаў Святога Айца можна працягваць. Нямецкі журналіст Пітэр Зеевальд узгадваў, што Папа не любіць, калі вернікі цалуюць пярсцёнак Рыбака на яго руцэ. Калі адзін з яго былых студэнтаў хацеў зрабіць гэта, Пантыфік абняў яго і сказаў: «Давай будзем паводзіць сябе, як звычайна». Іншы жэст таксама сімвалічны: пасля заканчэння сваёй трылогіі пра жыццё Езуса Хрыста, фундаментальнай тэалагічнай працы найвышэйшага ўзроўню, Папа папрасіў паправіць яго, калі ў нечым памыляецца, і заклікаў не ўспрымаць напісанае як догму, але толькі як яго ўласнае разуменне асобы Збаўцы. Калі Святога Айца спыталі, колькі шляхоў вядуць да Бога, ён адказаў: «Столькі, колькі людзей на зямлі».

Нарэшце, сваім апошнім жэстам Бэнэдыкт XVI чарговы раз пацвердзіў, што пакорна і адказна выконваў служэнне, даверанае яму Хрыстом. Ён быў абсалютна абыякавы да таго камфорту, якім быў акружаны ў ватыканскім Апостальскім палацы. Ён заўсёды паводзіў сябе вельмі сціпла і непатрабавальна. Гаворачы аб сваім разуменні місіі Пантыфіка, Бэнэдыкт XVI казаў: «Той факт, што першыя Папы былі мучанікамі, мае сваё значэнне. Быць Папам не азначае паводзіць сябе як праслаўлены манарх, але даваць сведчанне аб тым, хто быў укрыжаваны, і быць гатовым выконваць гэта служэнне таксама і ў гэтай форме, у адзінстве з Ім».

Гэтыя словы цудоўна перадаюць прыярытэты Святога Айца. Ён ведае, што існуе мацнейшы за яго, а гэта, у сваю чаргу, дае мужнасць праўдзіва глядзець на сябе і бачыць уласныя абмежаванні. Акрамя таго, менавіта давер да Бога — крыніца вялікай радасці, сведкам якой з’яўляецца Святы Айцец. Калі прааналізаваць тэксты прамоваў Бэнэдыкта XVI, то менавіта слова «радасць» будзе сустракацца часцей за ўсе іншыя. Пакора, мужнасць, радасць — на жаль, гэтыя фундаментальныя і найбольш яскравыя рысы Бэнэдыкта XVI не заўважаюць СМІ і працягваюць маляваць вобраз вельмі далёкі ад рэчаіснасці.

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.