Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Як разумець адносіны Борджыа і Ваноццы дэі Катанэі?
Рубрыка Ватыканскага радыё
23.10.2013 11:35

Вядомыя адносіны Аляксандра VI з Ваноццай дэі Катанэі — жанчынай, якая нарадзіла яму трох сыноў і дачку ў той час, калі ён быў яшчэ кардыналам, — даволі часта інтэрпрэтуюцца прадузята і ў вырваным з гістарычнага і культурнага кантэксту святле. На гэтым грунтуюцца абвінавачванні Радрыга Борджыа ў тым, што ён быў распуснікам і акружаў сябе каханкамі, вёў неадпаведнае для кардынала жыццё і плёў інтрыгі, каб схаваць сваю праўдзівую натуру. Канешне, будучы Папа не быў святым чалавекам, меў шмат слабасцяў і грахоў, але вымяраць яго жыццё сучаснымі катэгорыямі не зусім карэктна. Ён быў перш за ўсё чалавекам сваёй эпохі, а калі паглядзець на тагачасныя звычаі, то можна ўбачыць, як бы не дзіўна гэта гучала, абсалютную «звычайнасць» яго паводзінаў.

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Адносіны паміж Радрыга Борджыа і Ваноццай дэі Катанэі працягваліся амаль дваццаць гадоў. Яны пазнаёміліся ў перыяд паміж 1459–1460 гг. У гэты час Ваноцца ўжо была вядома ў Рыме як пабожная, цнатлівая і добрасумленная жанчына. Гэта прызнаюць у сваіх працах нават крытыкі сям’і Борджыа, гісторыкі Паўла Джовіа і Грыгаровіус.

Трэба адзначыць, што ў перыяд знаёмства з Ваноццай Радрыга Борджыа, нягледзячы на кардынальскую годнасць, не быў святаром. Функцыі кардыналаў у тую эпоху былі больш адміністратыўнымі і палітычнымі, чым душпастырскімі. Таму сярод кардыналаў было шмат свецкіх. Здаралася, што некаторыя кардыналы паміралі, так ніколі і не стаўшы святарамі. Але таксама здаралася, што некаторыя абіраліся Папамі і былі вымушаны прыняць святарства і біскупскую сакру ў кароткі тэрмін, каб мець магчымасць узысці на Пасад св. Пятра. Дык вось, на момант знаёмства з Ваноццай — Радрыга Борджыа не быў святаром і не быў звязаны абяцаннем цэлібату.

Другая заўвага, якую неабходна зрабіць, тычыцца гістарычнага кантэксту, у якім развіваліся адносіны паміж Радрыга Борджыа і Ваноццай дэі Катанэі. На жаль, XV ст. у гісторыі Касцёла характарызуецца асабліва шырокім пранікненнем духу гэтага свету ў касцёльныя ўстановы. Папы былі, напэўна, у большай меры манархамі, чым душпастырамі. Варта падкрэсліць, што яны былі манархамі не горшымі і не лепшымі за іншых манархаў тагачаснай Еўропы — яны былі людзьмі той эпохі з уласцівымі ёй манерамі. На жаль, тады не ўсведамлялася небяспека пранікнення духу свецкасці ў Касцёл.

Кардыналы займаліся пераважна адміністрацыйнымі справамі, а вось клопат пра збаўленне душаў ляжаў на плячах біскупаў, святароў і законнікаў. Праўда, свецкі стыль жыцця пранікаў і ў іх асяродзі. Абяцанне цэлібату вельмі часта парушалася, і гэта не разглядалася як асабліва цяжкі і выключны грэх. Існавала нават такое правіла «nisi caste, saltem caute», сэнс якога можна перадаць словамі: калі не можаш пражыць цнатліва, жыві прынамсі ўпарадкавана. Яно прадугледжвала захаванне пэўнай вернасці і стрыманасці ў сувязях. Рашучае асуджэнне такога ладу жыцця адбылося падчас Трыдэнцкага Сабору ў XVI ст. Але раней гэты прынцып быў даволі распаўсюджаны, і ім апраўдвалі свае дзеянні многія. Дык вось, знаёмства Радрыга Борджыа і Ваноццы дэі Катанэі адбылося ў такім культурным кантэксце, калі сувязь паміж прадстаўніком Касцёла і жанчынай успрымалася не як цяжкае злачынства, але як распаўсюджаная слабасць.

Некаторыя даследчыкі адзначаюць, што Радрыга Борджыа саромеўся сваіх адносін і таму імкнуўся схаваць іх з дапамогай інтрыг. Маўляў, гэта ён паспрыяў шлюбу Ваноццы дэі Катанэі з Даменікам Джаноццы да Рыньяна, каб не выклікаць падазрэння ў сваёй грахоўнай сувязі. Гэта не так.

Па-першае, трэба адзначыць, што практыкі «хавання» адносінаў у той час не існавала. Падобныя дзеянні маглі справакаваць яшчэ больш абвінавачванняў у грахах і празмернай распусце з боку апанентаў, як здарылася, напрыклад, з Папамі Сікстам IV і Паўлам II. Пра асабістае жыццё гэтых Пантыфікаў не было вядома шмат, што выклікала абвінавачванні ў хаванні яшчэ больш страшных заганаў, чым сувязі з жанчынамі. Такім чынам, прычын для маскіроўкі агульнапрынятага стылю паводзінаў у Радрыга Борджыа не было.

Другім тлумачэннем недатычнасці Радрыга Борджыа да шлюбу Ваноццы з’яўляецца тое, што іх дзеці нарадзіліся ўжо пасля смерці Дамініка Джаноццы да Рыньяна. Паводле гісторыкаў, па-сапраўднаму блізкія адносіны паміж Радрыга Борджыа і Ваноццай наступілі пасля смерці яе сужонка. Менавіта ў гэты перыяд, з 1475 па 1481 г., нарадзіліся Чэзарэ, Джаванні, Лукрэцыя і Джофрэ. Афіцыйна яны называліся «пляменнікамі» кардынала Борджыа. Ён іх любіў, падтрымліваў з імі блізкую сувязь і клапаціўся пра іх.

Гістарычная традыцыя называе Радрыга Борджыа таксама бацькам трох іншых асобаў, якія нарадзіліся нашмат раней: Пьера Луіджы, Джыраламы і Ізабэлы. Але гэты факт мае столькі доказаў, колькі абвяржэнняў, таму казаць пра гэтае бацькоўства з дакладнасцю нельга. Многія гісторыкі лічаць гэтых асобаў сапраўднымі пляменнікамі Радрыга Борджыа — дзецьмі брата будучага Пантыфіка Пьера Луіджы Борджыа.

Пра звычайны для той эпохі лад жыцця Радрыга Борджыа кажа яшчэ адзін факт. Пасля абрання яго на пасад Біскупа Рыма іспанская каралева Ізабэла збірала кампрамат на Святога Айца, падкрэсліваючы, што «не без граху» былі яго папярэднікі Сікст IV і Інакенцій VIII . Справа ў тым, што Аляксандр VI асудзіў кровазмяшальную сувязь іспанскіх манархаў — абодва былі сваякамі караля Генрыха IV. У адказ каралева шукала прыкладаў амаральнасці самога Пантыфіка. Але марна. Іспанскі пасол пры Святым Пасадзе ў адным са сваіх паведамленняў адзначаў, што Папа вядзе «ўпарадкаванае жыццё».

Захаваўся таксама ліст Аляксандра VI да яго сына Джаванні, які адпраўляўся ў Іспанію, каб ажаніцца са сваячкай іспанскага караля Фердынанда І. Між іншым, Борджыа прасіў сына быць добрым мужам, заўсёды прабываць побач з жонкай, не забывацца пра пашану да Маці Божай, пазбягаць гульняў і распусты.

Нарэшце, варта адзначыць, што і Ваноцца дэі Катанэі не была распусніцай. Пасля смерці свайго апошняга сужонка яна вырашыла стаць законніцай, а ўсе свае багацці перадаць на патрэбы бедных і сіротаў. Рымляне на працягу доўгага часу захоўвалі пра яе добрую памяць і маліліся каля яе магілы, якая знаходзілася ў рымскай базыліцы Санта Марыя дэль Пополо. Сёння пліта з яе магілы ўстаноўлена ў базыліцы св. Марка, каля рымскага Капітолія. На ёй напісана: «Ваноццы дэі Катанэі, славутай сваімі дзецьмі, князем Чэзарэ Валенцініянскім, Джаванні Гандзійскім, Джофрэ Сквілацкім і Лукрэцыяй Ферарскай, выдатнай сваімі цнотамі і пабожнасцю».

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.