Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Чаму Папа Францішак так цэніць сям’ю?
Рубрыка Ватыканскага радыё
11.12.2013 12:10

Адной спякотнай студзеньскай раніцай 1929 г. у порце Буэнас-Айрэса прышвартаваўся італьянскі трансатлантычны карабель “Юлій Цэзар”. З яго выйшла элегантная жанчына, на якую немагчыма было не звярнуць увагі: яна вылучалася сярод іншых эмігрантаў шыкоўным паліто з вытанчаным лісім каўнерам. Ён быў без сумніваў цудоўным, але зусім недарэчным для гарачага аргенцінскага лета. Гэтай жанчынай была Роза Берголіа, бабуля будучага Папы Францішка. Выбар яе вопраткі не тлумачыўся залішняй экстравагантнасцю, проста ў падкладку сваёй адзежы яна зашыла грошы, атрыманыя ад продажу сямейнай маёмасці ў Італіі, з дапамогай якіх можна было пачаць новае жыццё ў Аргенціне.

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

Дзядуля, бабуля і бацька будучага Пантыфіка павінны былі прыбыць у Паўднёвую Амерыку на два гады раней. У 1927 г. яны нават набылі білеты на карабель “Прынцэса Мафальда”, але продаж маёмасці зацягнуўся і патрапіць на борт судна яны, на шчасце, не паспелі. На шчасце – таму што 25 кастрычніка 1927 г., у выніку цяжкай аварыі, “Прынцэса Мафальда” затанула каля паўночных берагоў Бразіліі і забрала з сабой сотні жыццяў.

Берголіа паходзілі з невялікага мястэчка Портакамара на поўначы Італіі ў рэгіёне Пьемонт. Яны пакінулі Еўропу, якая ў пакутах глыбокага эканамічнага крызісу залечвала раны Першай сусветнай вайны і рыхтавалася да Другой. Далёкая Аргенціна прываблівала адсутнасцю канфліктаў і грамадскай напружанасці, магчымасцю знайсці добрую працу, атрымліваць выдатны заробак і мець усе сацыяльныя гарантыі. “Іншымі словамі, яны прыбылі ў краіну, якая характарызавалася мірам і прагрэсам”, - адзначалі ў кнізе-інтэрв’ю “Езуіт”, прысвечанай будучаму Папу і выдадзенай у 2006 г., журналісты Франчэска Амбраджэцці і Серджыа Рубін. Працягваючы заглядаць на яе старонкі, сёння мы паразмаўляем пра сям’ю Святога Айца.

Па прыбыцці ў Аргенціну эмігранты звычайна сяліліся ў гатэлі побач з портам, але Берголіа працягнулі сваё падарожжа ў горад Парана – адміністрацыйны цэнтр правінцыі Энтрэ-Рыас у паўночна-ўсходняй частцы краіны, дзе іх з нецярпеннем чакалі сваякі – тры браты дзядулі Хорхе Берголіа.

Яны пераехалі ў Парану яшчэ у 1922 г. Тут здолелі заснаваць невялікае будаўнічае прадпрыемства. На заробленыя сродкі пабудавалі чатырохпавярховы дом з першым у горадзе ліфтам і прыгожай вежай. Кожны з братоў меў па свайму ўласнаму паверху. Праўда, не ўтрымаўшыся на хвалях эканамічнага крызісу, яны былі вымушаны прадаць будынак у 1932 г.. Пазычыўшы яшчэ крыху грошай, дзядуля Папы Францішка набыў сабе краму. Бацька ж, Марыё Берголіа, некаторы час працаваў у ёй кур’ерам, пакуль не знайшоў працу на чыгунцы.

Хорхе Берголіа апавядаў, што ў Італіі яго бабуля і дзядуля мелі ўласную кандытарскую і не адчувалі вялікіх цяжкасцяў. Адзінае, што ім замінала – недахоп блізкіх. Таму было прынята рашэнне таксама пераехаць у Паўночную Амерыку. Трэба адзначыць, што не ўсе Берголіа пакінулі Італію – тут засталіся яшчэ некаторыя сваякі, нашчадкі якіх да сённяшняга дня пражываюць ў італьянскім Портакамара.

Бацькі Папы Францішка пазнаёміліся ў салезіянскім араторыі св. Антонія, у квартале Альмагра Буэнас-Айрэса. Праз год яны ажаніліся. У яго маці, Рэджыны Сіворы, была змешаная сям’я: яе маці паходзіла з Італіі, а бацька быў аргенцінцам, праўда, з італьянскімі ці, дакладней, генуэзскімі каранямі. Хорхе Берголіа ўспамінаў з іроніяй, што адзін са сваякоў маці быў “старым бессаромнікам” і вучыў яго непрыстойным песням на генуэзскім дыялекце. “Таму з той малой колькасці словаў, якія я ведаю па-генуэзску, ніводнага нельга паўтараць”, - усміхаючыся прызнаваўся кардынал Берголіа.

Будучы Папа нарадзіўся 17 снежня 1936 г. Ён быў чацвёртым з пяці дзяцей. Успамінаючы маленства, ён падкрэсліваў сувязь з дзядулем і асабліва бабуляй па бацькавай лініі, якую называў самым любімым чалавекам на зямлі. Яны жылі недалёка, і таму бабуля часта прыходзіла, каб дапамагчы яго маці. “Бабуля (...) прыходзіла, забірала мяне ў свой дом, а прыводзіла назад толькі вечарам”, - успамінаў арцыбіскуп Буэнас-Айрэса. Ён адзначаў, што паміж сабой дарослыя размаўлялі па-пьемонцку. Яго бацька, аднак, не карыстаўся дыялектам у прысутнасці дзяцей. Ён спрабаваў заглушыць настальгію па радзіме і глядзець наперад, падкрэсліваў будучы Папа.

Марыё Берголіа любіў граць у баскетбол і часта браў з сабой маленькага Хорхе. Па выходных, разам з маці, яны слухалі оперу, якую перадавалі па Нацыянальным радыё. Дзеці збіралася каля радыёпрыёмніка, а маці апавядала пра змест таго ці іншага музычнага твору. Калі пачыналіся важныя фрагменты, яна казала: “Слухайце ўважліва, гэта вельмі прыгожы спеў”, ці, напрыклад, падчас праслухоўвання “Атэла” папярэджвала: “Увага! Зараз ён яе заб’е!” “Праводзіць суботы з маці і маімі братамі, знаёмячыся з мастацтвам, было цудоўна!” - успамінаў Хорхе Берголіа.

Менавіта ў сям’і будучы Папа навучыўся кулінарнаму мастацтву. Пасля нараджэння апошняга дзіця Рэджына некаторы час не магла займацца хатняй гаспадаркай, таму тлумачыла дзецям, як трэба гатаваць ежу. Арцыбіскуп Берголіа успамінаў пазней, што гэты досвед быў для яго карысным, бо, будучы рэктарам езуіцкай калегіі, ён быў вымушаны сам гатаваць для студэнтаў па нядзелях, калі павары адпачывалі. На пытанне журналістаў: “Ці добра атрымлівалася?”, ён сціпла прызнаваўся: “Ніхто не памёр”.

Святы Айцец з глыбокай цеплынёй успамнае пра сваю сям’ю. Ён неаднойчы ставіў яе ў прыклад падчас сваіх публічных выступленняў. Уласны досвед зрабіў яго перакананым абаронцам гэтага інстытута, што відавочна ўжо зараз, па прашэсці некалькіх месяцаў яго Пантыфікату.

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)


Аляксандр Панчанка паводле кнігі "Papa Francesco. Il nuovo Papa si racconta". Conversazione con Francesca Ambrogetti e Sergio Rubin.

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.