Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў – 100 адказаў». Якія ўмовы ставіў Ян Павел ІІ для візіту ў Беларусь?
Рубрыка Ватыканскага радыё
30.04.2014 14:31

Пасля кананізацыі Яна Паўла ІІ, якая прайшла 27 красавіка 2014 г., варта было б падзяліцца думкамі і разважаннямі пра гэтага Пантыфіка, якога многія беларускія вернікі лічаць па-сапраўднаму сваім. Добра вядома, што Беларусь была адной з нямногіх краін, якую новы святы не паспеў наведаць за 27 гадоў свайго Пантыфікату, але, тым не менш, яна заўсёды была яму блізкай. Менавіта Ян Павел ІІ адрадзіў касцёльныя структуры ў краіне, прызначыў біскупаў, беатыфікаваў мучанікаў, святароў і законніц, якія працавалі на тэрыторыі Беларусі падчас ІІ Сусветнай вайны.

 Адкрыць у новым акне Download (8Мб)

26 лістапада 1994 г. падчас публічнага кансісторыя, калі тагачасны арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Казімір Свёнтэк атрымаў кардынальскую годнасць, Ян Павел ІІ прызнаўся: “Як жа блізкі мне гэты Касцёл, які так шмат у апошнія дзесяцігоддзі выпакутаваў дзеля Хрыстовага Імя! Сваёю думкаю ахопліваю ў гэтую хвіліну ўсіх святароў і ўсіх свецкіх асобаў, якія за вернае трыванне пры Хрыстовым Евангеллі былі асуджаныя таталітарнымі рэжымамі на вялікія цярпенні, прыніжэнні і пераследаванні. Многія з іх страцілі жыццё ў канцэнтрацыйных лагерах у Сібіры, асуджаныя на працу ў нечалавечых умовах; колькі ж ёсць такіх, пра чый лёс ведае толькі Бог”.

Трэба адзначыць, што кардынал Казімір Свёнтэк і Ян Павел ІІ былі сапраўднымі сябрамі, пра што кардынал расказаў у адным з інтэрв’ю для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. “Я баюся ўжыць слова “сябры”, таму што некаторыя падумаюць: ён шмат бярэ на сябе, але практычна гэта было так. Усе мае прыезды сюды (у Ватыкан) былі напоўнены сардэчнасцю. І не было ніводнай сустрэчы, каб я не быў запрошаны на сняданак, абед ці вячэру (да Святога Айца). Я не быў абавязаны прытрымлівацца 15-хвіліннага ліміту для аўдыенцый. Яна магла працягвацца паўтары-дзве гадзіны, удвух. Бывалі такія моманты, па правілах у аўдыенцыі заўсёды прымаў удзел сакратар, знакаміты Дзівіш (кардынал Станіслаў Дзівіш, асабісты сакратар Яна Паўла ІІ), і часам ён сядзеў-сядзеў, слухаў-слухаў, а потым казаў: “Ці я абавязкова вам патрэбны зараз? Я вам не буду перашкаджаць, я пайду”, - дзяліўся ўспамінамі кардынал.

Трэба адзначыць, што Ян Павел ІІ быў першым Папам, які пачаў звяртацца да беларускіх вернікаў менавіта па-беларуску. Яшчэ ў далёкім 1989 г., удзяляючы біскупскае пасвячэнне сённяшняму Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, ён коратка прывітаў новага іерарха менавіта на беларускай мове. Нядаўна Мітрапаліт прызнаўся, што захоўвае гэты тэкст. Папа казаў, што перажывае радасныя хвіліны ад таго, што пасля дзесяцігоддзяў у Беларусі будзе біскуп, і жадае Касцёлу ў Беларусі і народу краіны поспехаў і Божага благаслаўлення.

Ян Павел ІІ віншаваў па-беларуску вернікаў падчас ўрачыстасцяў Божага Нараджэння і Уваксрасення Пана, а таксама з іншых нагодаў. Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 6 верасня 1995 г. Ян Павел ІІ прывітаў групу дзяцей з паўднёвых рэгіёнаў Беларусі, якія прыбылі ў Італію на аздараўленне: “Дарагія беларускія дзеткі! Папа Рымскі вас вітае і ўпрошвае Стварыцеля неба, зямлі, вод, кожнай істоты на зямлі, аб літасці для вас і вашых сем’яў, што жывуць у чарнобыльскай зоне, каб вы выраслі здаровыя. Падзякуйма італьянскім вернікам за іх любоў да вас, беларускія дзеці!” - казаў Папа.

17 кастрычніка 1998 г. Ян Павел ІІ прыняў на аўдыенцыі ў Зале Паўла VI вялікую групу пілігрымаў з Беларусі. Звяртаючыся да іх, ён заклікаў беларускі народ да адзінства і супольнага будавання ўласнай будучыні. “Карыстаючыся нагодай, жадаю таксама павіншаваць тут, з гэтага месца, усіх грамадзян Беларусі. Я жадаю вашаму краю ўсяго добрага, а перадусім паспяховага духоўнага і матэрыяльнага развіцця. Няхай усе жыхары вашай зямлі чуюцца шчаслівымі. Супольна будуйце ваш сённяшні дзень і вашу будучыню”, - казаў Святы Айцец.

Ян Павел ІІ быў знаёмы з гісторыяй Беларусі, яе геаграфіяй і культурнай спадчынай. Як вядома, Пантыфік быў вялікім аматарам паэзіі і літаратуры. І, канешне, меў асаблівую любоў да творчасці Адама Міцкевіча – літаратурная спадчына якога з’яўляецца супольнай для беларусаў, палякаў і літоўцаў. Аднойчы менавіта з Міцкевічам Святы Айцец, жартуючы, звязаў магчымасць свайго візіту ў Беларусь.

Гэта здарылася ў 2004 г. у размове з кардыналам Казімірам Свёнткам, які прыбыў у Рым, каб атрымаць з рук Святога Айца ўзнагароду “Fidei testis” (Сведка веры). Пасля цырымоніі паміж імі адбылася прыватная размова, у ходзе якой кардынал спытаў Пантыфіка пра магчымасць візіту ў нашу краіну. На гэта Папа адказаў, што згодны наведаць Беларусь у бліжэйшы час пры адной ўмове, а менавіта, каб у рамках візіту наведаць мясціны, звязаныя з творчасцю і жыццём Адама Міцкевіча: Завоссе, Навагрудак і, канешне, возера Свіцязь. Пантыфік хацеў на ўласныя вочы пабачыць асяроддзе, у якім паўсталі цудоўныя творы паэта. Кардынал быў здзіўлены гэтым і таксама адказаў жартуючы: “Святы Ойча, калі мы павінны паехаць на Свіцязь, то і я маю адну ўмову: мы абавязкова павінны паплаваць у гэтым возеры”. Папа засмяяўся.

Духоўная блізкасць Яна Паўла ІІ да беларускага народа і культуры была ўзаемнай. Кожны вернік нашай краіны, напэўна, мае свае асаблівыя цёплыя пачуцці да гэтага Папы. Асабліва яскравым сведчаннем такой любові была прысутнасць вялікай групы беларускіх пілігрымаў у першых шэрагах на цырымоніі кананізацыі Пантыфіка. Няхай падзякай Богу за святасць “нашага Папы” будзе спаўненне яго волі: веруючая моладзь, моцныя сем’і, здароўе, адзінства і свабода беларускага народа.

 Адкрыць у новым акне Download (8Мб)


Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.