Сінод Біскупаў |
Рубрыка Ватыканскага радыё |
19.08.2015 12:47 |
Сёння мы пагаворым яшчэ аб адной структуры, якая існуе ў Каталіцкім Касцёле, а менавіта аб Сінодзе Біскупаў. Гэта адносна новая структура ў Касцёле, яна была ўстаноўлена ў 1965 годзе Папам Паўлам VI. Што такое Сінод Біскупаў? 342 канон гаворыць, што Сінод Біскупаў – гэта сход біскупаў, якія, будучы выбранымі з розных рэгіёнаў свету, ва ўстаноўлены час сустракаюцца для таго, каб садзейнчаць цеснаму адзінству паміж Рымскім Пантыфікам і біскупамі, а таксама дапамагаць Рымскаму Пантыфіку ў справе захавання цэласнасці і памнажэння веры і добрых нораваў, захавання і ўмацавання касцёльнай дысцыпліны, а таксама для таго, каб разглядаць пытанні, якія датычаць дзейнасці Касцёла ў свеце. Трэба заўважыць, што Сінод Біскупаў не з’яўляецца адным з праяўленняў калегіяльнасці ў кіраванні Касцёлам, але формай супрацоўніцтва біскупаў з Рымскім Пантыфікам, і менавіта з гэтай перспектывы з’яўляецца адной з формаў супольнасці і калегіяльнасці біскупаў паміж сабой і Рымскім Пантыфікам. Існуюць некалькі магчымых відаў сінадальных сходаў – генеральны звычайны, генеральны надзвычайны і спецыяльны. Генеральны звычайны сход Сінода Біскупаў адбываецца, як правіла, кожныя тры гады. Спецыяльнае права акрэслівае склад Сіноду – найбольшую групу ўдзельнікаў прадстаўляюць лацінскія і ўсходнія біскупы, выбраныя сваімі Канферэнцыямі Біскупаў. Канферэнцыя Біскупаў, у якой менш за 25 членаў, выбірае аднаго прадстаўніка, у якой ад 26 да 50 членаў – двух, ад 51 да 100 членаў – трох, і калі ў Канферэнцыі Біскупаў больш чым 100 членаў, яны прадстаўляюць чатыры дэлегаты на Сінод. Згодна з гэтым правам, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі павінна выбраць аднаго дэлегата. Апрача гэтага, у такім Сінодзе ўдзельнічаюць старшыні ведамстваў Рымскай Курыі, некаторыя законныя настаяцелі і іншыя духоўныя асобы, якіх мянуе Папа. На такіх сходах разглядаюцца асабліва важныя пытанні, якія датычаць жыцця і дзейнасці ўсяго Касцёла.
Кс. Дзмітрый Пухальскі |
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |