Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Шукаць Бога ў малітве. Успамін св. айца Піо
Каляндар
23.09.2011 04:26

«Бога шукаюць у кнігах, а знаходзяць у малітве, — пісаў св. айцец Піо з П’етрэльчыны. — Малітва — гэта хлеб і жыццё душы, дыханне сэрца, сустрэча з Богам». 23 верасня Касцёл адзначае ўспамін святога а. Піо, святара, які атрымаў дар стыгматаў, біялакацыі (адначасовага знаходжання ў двух месцах) і асмагенезіі (пах святога), здольнага заглядаць у будучыню і ведаць пра грахі людзей яшчэ да таго, як яны вызнавалі іх падчас споведзі.

Франчэско Фарджонэ — будучы падрэ Піо — нарадзіўся 25 мая 1887 г. у П’етрэльчыне (Паўднёвая Італія). У дзесяцігадовым узросце Франчэска выказаў жаданне стаць манахам. Для таго, каб сын змог атрымаць адукацыю, бацька быў вымушаны паехаць на працу ў Амерыку. У 1903 г. будучы святы ўступіў у ордэн капуцынаў і праз сем гадоў прыняў святарскае пасвячэнне.

У 28 гадоў айцец Піо атрымаў стыгматы — раны, як у Езуса Хрыста, што прычынялі яму нясцерпны боль. Свае пакуты святы ахвяраваў Богу за пакуты людзей. Раны на далонях, ступнях і ў падрабрынні, якія на працягу 50 гадоў няспынна крываточылі, часам распаўсюджвалі непаўторны пах. Некаторыя адчувалі яго і за шмат кіламетраў ад Сан Джаванні Ратондо.

Падрэ Піо з-за накладзеных на яго абмежаванняў прысвяціў сябе паглыбленаму духоўнаму жыццю, асабліва культу Эўхарыстыі, Мукі Пана і Маці Божай Балеснай, а таксама апостальству споведзі. Перад яго канфесіяналам у касцёле кляштара Сан Джаванні Ратондо выстройваліся вялікія чэргі тых, хто хацеў у яго спавядацца.

Святы казаў: «Усё заключаецца ў наступных словах: спальвае мяне любоў да Бога і да бліжняга (…). Душы маюць высокі кошт, таму мы павінны здабываць іх так, як гэта рабіў Езус Хрыстус».

Айцец Піо заснаваў «Дом палёгкі ў цярпенні» — сучасную медыцынскую ўстанову, якая адначасова з’яўляецца месцам малітвы і навукі, а таксама міжнародны малітоўны рух, што ахоплівае сотні груп вернікаў па ўсім свеце.

Падрэ Піо памёр 23 верасня 1968 г. у Сан Джаванні Ратондо, дзе і быў пахаваны. Праз трыццаць гадоў пасля смерці быў беатыфікаваны, а ў 2002 г. — кананізаваны. У дзень кананізацыі папа Ян Павел ІІ назваў падрэ Піо «дарам для нашага часу, поўнага пакутаў».

«Айцец Піо быў шчодрым распарадчыкам Божай Міласэрнасці, бо заўсёды быў адкрыты на сустрэчы, духоўнае кіраўніцтва, а асабліва праз сакрамэнт пакаяння. Служэнне ў канфесіянале, якое з’яўляецца адной з характэрных рысаў яго апостальства, прыцягвала незлічонае мноства вернікаў у кляштар у Сан Джаванні Ратондо», — казаў Ян Павел ІІ пра св. айца Піо.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.