Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каля паўтары тысячы чалавек прынялі ўдзел у Днях моладзі ў Воранаве
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.05.2011 12:00

Мінулыя выхадныя для моладзі Гродзенскай дыяцэзіі былі незвычайнымі. З 6 па 8 мая 2011 г. у Воранаве праходзілі Дні моладзі, удзел у якіх прынялі каля паўтары тысячы маладых чалавек. Духоўным апекуном сустрэчы стаў благаслаўлёны Ян Павел ІІ.

На пачатку сустрэчы маладыя людзі прэзентавалі свае парафіі. Пасля ўдзельнікаў чакала «Дарога cвятла», якая вяла іх шляхам змёртвыхпаўсталага Хрыста. На чатырнаццаці стацыях маладыя людзі зачытвалі ўрыўкі з Евангелля, якія датычаць дзейнасці Езуса пасля змёртвыхпаўстання.

Быў час як на асабістую малітву і роздум, так і на праслаўленне Бога ў супольных спевах і танцах. У межах праграмы адбыліся канцэрты гуртоў «Айрэнэ» і «Май».

Завяршылася сустрэча ранішняй Імшой у нядзелю, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

«Жыццё Папы і сёння захапляе многіх людзей, — перадае словы іерарха інтэрнэт-партал Гродзенскай дыяцэзіі. — Кожны бачыць у ім узор для наследавання. Нездарма благаслаўлёны Ян Павел ІІ быў абраны галоўным апекуном сёлетніх Сусветных дзён моладзі ў Мадрыдзе. Папа стаў адным з апекуноў і нашых Дыяцэзіяльных дзён моладзі. Яшчэ пры жыцці Ян Павел ІІ паказаў, што значыць быць святым».

Відэа і аўдыёзапісы з Дзён моладзі можна ўбачыць на спецыяльным сэрвісе партала Гродзенскай дыяцэзіі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.