Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэпартаж з Дубка — самай лясной капліцы ў Беларусі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.07.2017 14:12

Гэту капліцу пабудавалі ў 1929 годзе. Святую Імшу тут цэлебруюць толькі раз на год, пры запаленых свечках — да гэтага часу ў капліцы няма электрычнасці.

Гэта адна з нямногіх «лясных святыняў» Беларусі. Асвячана яна ў гонар Маці Божай Нястомнай Дапамогі, а пабудавана ў лясным гушчары на кургане. Верагодна, якраз таму мясцовыя жыхары называюць галоўны абраз капліцы абразом Маці Божай Курганнай.

Маці Божая Нястомнай Дапамогі, маліся за нас...

Капліца ў Дубку размешчана ў Астравецкім раёне і належыць да парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках, дзе вось ужо 15 гадоў пастырскае служэнне нясе кс. Павел Калеснік.

«Традыцыйна адзіная св. Імша ў дубкоўскай капліцы цэлебруецца ў першую нядзелю ліпеня на фэст Маці Божай Нястомнай Дапамогі»,  — расказаў Catholic.by кс. Павел Калеснік.

Святар дадаў, што з моманту пабудовы (будаўніцтвам ў канцы 1920-х апекаваўся мясцовы пробашч з Жодзішак) капліца ні разу не перабудоўвалася. Быў зменены толькі алтар.

«Мясцовыя вернікі самі нагледзелі і выбралі прыгожае месца ў лесе, дзе было вырашана пабудаваць капліцу, — працягвае кс. Павел. — З таго часу капліца тут і існуе».
Паводле слоў святара, капліца знаходзіцца за 10 км ад Жодзішак і падчас фэсту ў Дубок традыцыйна з’язджаюцца вернікі навакольных парафій з Астраўца, Солаў, Гервятаў і Вішнева. Падчас Імшы, якая цэлебруецца тут раз на год, ля капліцы збіраецца да 150-200 чалавек.

А яшчэ, як адзначаюць старажылы, у гэты дзень амаль заўсёды ідзе дождж. Не стаў выключэннем і сёлетні фэст, калі над мясцовасцю прайшлася навальніца.



Ксёндз Юрый Ясевіч, вікарый парафіі Свв. Космы і Дам’яна ў Астраўцы, сёлета ўпершыню наведаў Дубок. Святар прызнаўся, што капліца ўразіла яго найперш сваёй самабытнасцю.


«Тут адчуваецца асаблівы дух, што звязана, відаць, з асаблівасцю размяшчэння капліцы. Адзінства з прыродай, адсутнасць электрычнасці, незвычайнасць вітражоў, а таксама 7 стацый мукі Божай Маці — усё гэта аказвае незвычайнае ўражанне на цябе», — дзеліцца святар.

4 ліпеня падчас урачыстасці Маці Божай Нястомнай Дапамогі кс. Юрый Ясевіч цэлебраваў у Дубку адпустовую св. Імшу. На Імшы прысутнічалі таксама кс. Леанард Станкоўскі, кс. Юзаф Багдзевіч, кс. Антон Казлоўскі і кс. Павел Калеснік.



З Жодзішак у Дубок быў арганізаваны асобны аўтобус. Сёлета ўрачыстасць сабрала каля 150 вернікаў з суседніх вёсак і хутароў. Некаторыя прыехалі на роварах і матацыклах.



Адчувалася, што людзі з верай у душы перажывалі гэтае свята, з адданасцю да Бога і Найсвяцейшай Марыі дзякавалі за гэтую магчымасць зноў сабрацца разам і праз адзіную малітву ўзносілі свае просьбы і інтэнцыі.

І капліца ў Дубку ізноў ажыла. Хоць толькі на дзень, але яна зноў адкрыла свае дзверы вернікам, каб даць ім магчымасць выказаць у цішы ўсе свае просьбы і думкі, з якімі яны прыбылі да Маці Божай.



Тут лёгка дыхаецца, і думаецца, і моліцца. Здаецца, гэтая капліца адмыслова створана тут, каб нішто ў лясной цішы не перашкаджала ўнутранай размове паміж чалавекам і Божай Маці. Бо ці не такія размовы самыя плённыя?

Ілья Лапато, фота Віктара Ведзеня

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.