Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
200 гадоў касцёлу ў Забалаці: няхай вера ваша жыве ў вас
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.11.2012 22:22

Урачыстае «Te Deum laudamus» за 200 гадоў парафіяльнай святыні спявалі 25 лістапада вернікі парафіі ў Забалаці. У гэты дзень у мясцовым касцёле Найсвяцейшай Тройцы адбылася вялікая ўрачыстасць, да якой вернікі рыхтаваліся праз удзел у тыднёвых місіях, што праводзілі айцы рэдэмптарысты.

На ўрачыстасці сабралася вялікая колькасць парафіян, якія, адноўленыя духоўна ў час місій, святкавалі гэтую значную дату сваёй святыні. У свяце ўдзельнічалі і прадстаўнікі мясцовых уладаў. Таксама парафію наведаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, каб у сценах касцёла, які адзначаў юбілей, сустрэцца з жывым Касцёлам, збудаваным на веры продкаў.

Па словах пробашча парафіі кс. Генрыка Яблонскага, ніхто з мясцовых вернікаў не памятае, калі адбываліся тут апошнія місіі, таму час нядаўніх духоўных практыкаванняў, якія правялі рэдэмптарысты, для многіх стаў сапраўдным часам духоўнага аднаўлення, ачышчэння ад грахоў, новага спасціжэння Божай ласкі. Адзін з місіянераў, а. Андрэй Ядкоўскі CSsR, у гаміліі заклікаў вернікаў «заўсёды выракацца злога духа, які стварае грэх, адвяргаць яго подступы і браць сілу толькі ў Езусе Хрысце, які з’яўляецца Валадаром вашага жыцця».

Місіянер дадаў, што жаданне кожнага святара — каб вера жыла ў людзях, якіх Касцёл даручыў яму. Айцец Ядкоўскі на аснове ўласнага вопыту параіў для захавання веры «заўсёды знаходзіць час на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і на ружанцовую малітву».

Юбілейная ўрачыстасць і місіі добра ўпісаліся ў Год веры, таму парафіяне разам са сваімі душпастырамі пробашчам кс. Генрыкам Яблонскім і вікарыем кс. Віталіем Бяленікам вызналі сваю веру, выракаючыся злога духа і ўсіх ягоных справаў.

Пасля святой Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, мультымедыйная прэзентацыя пра гісторыю забалацкай парафіі і канцэрт. Напрыканцы літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў вернікам: «Няхай вера ваша жыве ў вас!», каб дар, атрыманы падчас хросту, яны перадавалі наступным пакаленням, якія будуць сустракацца на малітве ў гэтым касцёле.

Гісторыя парафіі

Хрысціянская супольнасць у Забалаці бярэ пачатак у 1601 г. Першы касцёл, пабудаваны ў 1622 г., быў драўляным. У 1803 г. парафія налічвала 6491 чалавека. У той жа год Людвік Тышкевіч з князёў Панятоўскіх разам з жонкай паклалі пачатак будаўніцтву мураванага касцёла. Працы працягваліся 9 гадоў. У 1812 г. касцёл быў урачыста асвячоны і атрымаў тытул Найсвяцейшай Тройцы. У савецкія часы святыня выкарыстоўвалася як прадуктовы магазін. У 50-я гг. ХХ ст. мясцовыя ўлады прынялі рашэнне знішчыць касцёл. З гэтай мэтай былі скліканы салдаты з Каўказа, якія часова прабывалі на тэрыторыі забалацкай парафіі. Аднак гэтага не дазволіў старшыня мясцовага калгаса. У 80-я гг., са зменай палітычнай сітуацыі, у касцёл прыбыў святар, стала праводзіцца душпастырская праца і аднавіліся набажэнствы.

Кс. Юрый Марціновіч


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.