Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Літургія з нагоды юбілею святарства кс. Казімераса Жыліса адбылася ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.03.2013 10:52

3 сакавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу з нагоды 40-годдзя святарскага пасвячэння і напярэдадні дня нараджэння і імянінаў кс. Казімераса Жыліса. Літургія адбылася ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксавэрыя, дзе ксёндз Жыліс працуе ўжо шмат гадоў.

У святой Імшы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, духавенства і вернікі.

На пачатку літургіі біскуп Кашкевіч, вітаючы прысутных, заўважыў, што разам са святым Казімірам, які скончыў сваё жыццё ў каралеўскім замку ў Гродне і свята якога адзначаецца ў Гродзенскай дыяцэзіі 4 лютага, вельмі цесна звязаны кс. Казімерас Жыліс, які «ўпісаўся ў гісторыю адраджэння Касцёла ў Беларусі і якому вельмі ўдзячна дыяцэзія».

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі нагадаў багатую біяграфію і заслугі ксяндза Жыліса, які «мужна абвяшчаў Божую праўду і бараніў правы вернікаў», служыў ва Украіне, а потым у Беларусі. Ён «з характэрным для яго энтузіязмам, як вулкан, выдабываў з сябе Добрую Навіну і бараніў хрысціянскія каштоўнасці, а таксама актыўна і мужна супрацьстаяў атэістычнай сістэме», «выкараняў амаральныя звычкі, асабліва праславіўся ў барацьбе з алкагалізмам», адбудоўваў касцёлы. Таксама гэты святар «першы ў Беларусі ўзяў у рукі тэлекамеру і пачаў рэгістраваць гістарычныя падзеі адраджэння Касцёла», заснаваў у Гродне каталіцкую тэлестудыю. Пасля душпастыр распачаў працу з вязнямі. Па словах Мітрапаліта, юбіляр «заслужыў павагу як сярод духавенства, так і вернікаў і ўсяго грамадства».
 
«Роля святара ў жыцці чалавека і яго збаўленні незаменная, — дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Яго заданнем ёсць абвяшчаць Божае слова, асвячаць людзей, цэлебруючы сакрамэнты, і будаваць хрысціянскую супольнасць, служачы людзям. Час паказаў, што паліткарэктнасць у справе захоўвання Божага закону вядзе да паступовага адмаўлення ад веры, што і перажывае сучасны свет. У нашай практыцы абвяшчэння Божага слова заўсёды павінна быць Хрыстова „так-так“ і „не-не“». «Такім ёсць ксёндз Жыліс. Да гэтага нас заклікаў папа Бэнэдыкт XVI. І мы павінны ўчыніць усё магчымае, каб захаваць нескажоным хрысціянства, як рэлігію збаўлення», — падкрэсліў іерарх.

«Ты ўсё сваё жыццё прысвяціў сумленнаму выконванню фундаментальных заданняў святара, прысвяціў у часы ганенняў на Касцёл, прысвячаеш і цяпер з аднаго боку ў часы свабоды веравызнання, а з іншага — у часы адыходу ад веры і нязнанага дасюль лібералізму, прысвячаеш, каб весці людзей да Бога, — з такімі словамі арцыпастыр звярнуўся да кс. Казімераса Жыліса. — Касцёл дзякуе табе за тваё ахвярнае служэнне. Знак гэтага — сабраныя тут біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і верны народ, якому ты служыў, служыш і хочаш далей служыць па прыкладу свайго нябеснага апекуна — святога Казіміра. Менавіта яго пастава — лепей смерць, чым зграшыць — з’яўляецца крытэрыем твайго жыцця».

Поўны тэкст гаміліі Мітрапаліта>>>

На заканчэнне літургіі вернікі гродзенскай катэдры, дзеці і прадстаўнікі парафіі ў Індуры, дзе служыў кс. Жыліс, падзякавалі святару за ахвярную працу. Юбіляр, у сваю чаргу, выказаў падзяку ўдзельнікам свята і прызнаўся, што шчаслівы ад таго, што ўжо больш за 30 гадоў працуе ў Беларусі, якую вельмі палюбіў і, хоць з’яўляецца літоўцам, жадае заставацца тут да канца.

(JM), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме