Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Паверыць ва Укрыжаванага — паверыць, што ў свеце прысутная любоў»: літургія Мукі Пана прайшла ў Лідзе
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.03.2016 01:32

Цішыня Вялікай пятніцы, пагодны вечар, перапоўнены вернікамі касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. 25 сакавіка ў лідскім фарным касцёле адбылася літургія Мукі Пана, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Літургіі папярэднічала набажэнства Крыжовага шляху, адметнае ў параўнанні з іншымі, паколькі ў гэты дзень шляхам між чатырнаццаццю стацыямі крочылі за біскупам Юзафам Станеўскім святары, дыякан і семінарысты, разважаючы над жыццём Езуса і Яго прыкладам.

Удзельнічаючы ў літургіі Мукі Пана, вернікі ўшанавалі крыж, на якім здзейснілася збаўленне свету, што дало магчымасць зразумець і спазнаць вялікую і бясконцую любоў Бога да кожнага чалавека.



Адарацыя Крыжа — цэнтральная частка гэтай літургіі. На пачатку літургіі Мукі Пана святары кладуцца перад алтаром тварам уніз, а вернікі моляцца на каленях. Падчас літургіі гучыць чытанне Мукі Пана і адбываецца адкрыццё крыжа, які быў на працягу Вялікага посту закрыты заслонай. Вернікі ўшаноўваюць крыж, падыходзячы да яго.

«Крыж Езуса Хрыста, у якім Ён аддае поўную справядлівасць Айцу, з’яўляецца сапраўдным аб’яўленнем любові, якая ахвяруе сябе, каб збавіць чалавека», — сказаў у гаміліі біскуп.

Па словах іерарха, памылкова разумець просьбу Езуса Айцу аддаліць ад Яго келіх мукі такім чынам, быццам Айцец выслаў Сына на крыж прымусова. «Пан Езус выразна кажа, што прымае сваю смерць цалкам дабравольна», — адзначыў біскуп.

Іерарх падкрэсліў, што «Бог у крыжы Хрыста прагне перамяніць наша цярпенне ў наш шанс». «Чалавечае цярпенне можна з Божай дапамогай ператварыць у ахвяру, якая паспрыяе нашаму духоўнаму развіццю», — дадаў біскуп.



Іерарх звярнуў увагу, што «паверыць ва Укрыжаванага — значыць паверыць, што ў свеце прысутная любоў і што гэтая любоў мацнейшая за ўсялякае зло», і «толькі гледзячы на Укрыжаванага, можна канчаткова зразумець, што Бог ёсць Любоў».

«Гэта любоў учыняе, што хрысціянін не глядзіць здалёк на Укрыжаванага, але ідзе на Ім ажно на Кальварыю. Гэта любоў дапамагае зразумець Божы план збаўлення, — дадаў біскуп Юзаф Станеўскі. — Гэта любоў вядзе нас да з’яднання з Хрыстом, якое робіць магчымым супрацоўніцтва з Ім у збаўленні не толькі самога сябе, але і іншых грэшнікаў».

«Чалавецтва на ўсёй зямлі, ад пачатку абрання ўласнага шляху, спазнае цярпенні, — адзначыў іерарх, — але толькі мы, хрысціяне, можам перажыць іх разам з Сынам Божым».



Біскуп дадаў, што ў сучасным свеце, у «катэгорыях поспеху і прыбытку», немагчыма растлумачыць сэнс крыжа, і тыя, хто наследуюць Укрыжаванага, аддадзены на пагарду. Нягледзячы на гэта, падкрэсліў іерарх, варта памятаць, што «развіццё навукі і тэхнічны прагрэс не вызвалілі чалавека ад цярпення і не ўратавалі ад смерці, а дабрабыт не забяспечыў трывалага шчасця», у той час як «веды крыжа даюць такую мудрасць, якой не можа даць ніводны навуковец», і «напаўняюць такой надзеяй, якой не можа даць ніводны псіхолаг».

На заканчэнне літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў сімвалічную грабніцу, дзе вернікі змогуць адараваць яго да пачатку Пасхальнай вігіліі.

(AG), Томаш Мікалайчык

Фота Ганны Ніскавузай, Уладзіслава Табалы

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.