Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
16 лістапада — успамін Маці Божай Вастрабрамскай, апякункі Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
16.11.2016 09:58

Успамін Маці Божай Вастрабрамскай — асаблівы дзень для Гродзенскай дыяцэзіі. Маці Міласэрнасці з’яўляецца яе галоўнай апякункай і ўжо 25 гадоў заступаецца за Касцёл на гэтых землях.

З гэтай нагоды 16 лістапада ў касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбудзецца ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Перад Эўхарыстыяй, у 11.30, Гродзенскі капітул памоліцца Літургію Гадзінаў у інтэнцыях Касцёла на Гродзеншчыне.

Гродзенская дыяцэзія была заснавана 13 красавіка 1991 года. Яна ўваходзіць у склад Мінска-Магілёўскай мітраполіі як яе суфраганія (г. зн. з правам голасу). Ад самага заснавання дыяцэзію ўзначальвае біскуп Аляксандр Кашкевіч (з 20 чэрвеня 1991 г.). 29 лістапада 2013 года Папа Францішак прызначыў ксяндза прэлата Юзафа Станеўскага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі.

Дыяцэзія ахоплівае тэрыторыю прыкладна ў 25 тысяч квадратных кіламетраў і адпавядае межам Гродзенскай вобласці. У 1991 г. у яе склад увайшлі 119 парафій, якія належалі да даваеннай Віленскай архідыяцэзіі, 4 парафіі, якія належалі да Пінскай дыяцэзіі — у Навагрудку, Стараельні, Варончы і Усялюбе, — а таксама 7 парафій, якія ўваходзілі ў склад Ломжынскай дыяцэзіі — у Тэаліне (Сапоцкіне), Селіванаўцах, Галынцы, Адамавічах, Балі Касцёльнай, Лабне і Перстуні. У межах новай дыяцэзіі аказалася каля 900 тысяч жыхароў, з якіх каля 450 тысяч вызнавалі каталіцкую веру.

На сёння ў дыяцэзіі дзейнічаюць 173 парафіі (у 1991 годзе налічвалася 130).

За 25 гадоў існавання адрадзілася не толькі парафіяльнае жыццё, але таксама былі адбудаваны знішчаныя святыні і пабудаваны новыя. У 1991 годзе на тэрыторыі дыяцэзіі знаходзілася 85 дзейсных касцёлаў. На сёння дзейнічаюць 158 парафіяльных касцёлаў, 10 філіяльных і 2 рэктаральныя.

(VGr)

Таксама па тэме:
Біскуп і гісторыя: інтэрв’ю біскупа Аляксандра Кашкевіча да 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.