Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Новапрэзбітэры і дыяканы з гродзенскай семінарыі распавялі пра сваё бачанне святарства
Душпастырства
07.12.2013 20:32

7 снежня 10 навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне атрымалі дыяканскае і прэзбітэрскае пасвячэнні. Новыя святары і дыяканы распавялі, чым для іх з'яўляецца святарства, як сябе рэалізаваць у святарстве, якім, на іх думку, павінен быць святар у сучасным свеце.

Кс. Павел Безляповіч (парафія Свв. Космы і Дам’яна, г. Астравец): Святарства – гэта вялікі, нічым не заслужаны дар. Так, як чытаем у Евангеллі, што Езус “паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў” (Мк 3, 13). Святарства – гэта вельмі адказны крок у жыцці.

Каб рэалізавацца ў святарстве, неабходна быць да канца верным пакліканню праз сумленнае спаўненне святарскіх абавязкаў.

Людзі ў нашай краіне, якія ў XX стагоддзі прайшлі вялікія выпрабаванні, патрабуюць асаблівай душпастырскай апекі. Кожны чалавек чакае ад святара духоўнай падтрымкі. У цяперашні час святар павінен сам выходзіць насустрач чалавеку, як гэта рабіў Хрыстус, і перш за ўсё прапаведваць Евангелле сваім жыццёвым пракладам, быць сведкам.

Тым, хто задумваецца абраць шлях святарства, жадаю адвагі! Не бойцеся адказаць “так” на Божы заклік.
 
Кс. Юрый Гурскі (парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, в. Новы Двор, Шчучынскі раён): Святарства – гэта мой асабісты шлях да Бога. Святарства – сувязь чалавека з Божым Валадарствам. Хачу дапамагаць людзям сустракаць Бога і вучыць іх будаваць з Ім шчырыя ўзаемаадносіны.

Кожны пакліканы з’яўляецца адказным за дар, які яму даў Бог і які ён павінен рэалізоўваць праз малітву і імкненне да асабістай святасці.

Я лічу, што ў нашай краіне моладзь найбольш патрабуе душпастырскай апекі. Праз некалькі год гэтыя людзі ўвойдуць у больш самастойнае жыццё, атрымаюць адукацыю, пойдуць працаваць, закладуць свае сем’і. Ад нас таксама залежыць, якімі вернікамі і грамадзянамі яны будуць. Моцны акцэнт у парафіяльным душпастырстве неабходна рабіць на хрысціянскім выхаванні сем’яў.

Каб распазнаць сваё пакліканне і стаць на шлях святарства, неабходна прыслухацца да свайго сэрца ў цішыні і малітве.

Дыякан Павел Раманоўскі (парафія Св. Міхала Арханёла, г. Смаргонь): Для мяне святарства з’яўляецца запрашэннем, каб, належачы Богу, служачы Яму і бліжняму, узрастаць у любові і дапамагаць людзям прыходзіць да Яго.

На маю думку, пакліканы чалавек павінен без рэшты аддаваць Богу і людзям увесь свой час, сілы, таленты.

Паколькі Касцёл з’яўляецца Паўсюдным, святар павінен прыходзіць да кожнага патрабуючага чалавека, незалежна ад яго сацыяльнага статусу, поглядаў. Святар павінен прапаведаваць Бога ўсімі магчымымі сродкамі, але перш за ўсё сведчаннем аб Уваскрослым Хрысце.

Каб распазнаць сваё пакліканне, трэба навучыцца слухаць Бога ў Яго слове, ахвяроўваць свой час для асабістай сустрэчы з Ім у малітве і Эўхарыстыі.
 
Дыякан Дзмітрый Леўчык (парафія Св. Міхала Арханёла, г. Навагрудак): Для мяне святарства – таямніца Божай любові, у якой Бог дазваляе звычайнаму чалавеку браць удзел у святасці Бога праз цэлебрацыю святых сакрамэнтаў. Святарства – гэта служэнне Богу і людзям. Верна выконваючы сваё служэнне, святар можа разлічваць на багаты плён – збаўленне бліжняга і самога сябе. Пакліканы чалавек рэалізуе сябе ў святарстве праз няспыннае паглыбленне сваёй сувязі з Творцам, дзякуючы малітве, адказнасці за іншага чалавека, прапаведванню Божага слова.

Святар пасланы да кожнага чалавека без выключэнняў, бо кожны створаны па вобразу Божаму. Паводле мяне, святар у сучасным свеце павінен прапаведваць Бога праз аказанне любові, зычлівасці і разумення духоўных патрэб чалавека. Дзейснай формай евангелізацыі з’яўляецца ўказанне Бога, які шукае чалавека.

Тым, хто хоча стаць на шлях святарства, жадаю адвагі і няспыннага пошуку Божай волі.
 
Дыякан Аляксандр Сямінскі (парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, г. Гродна (Паўднёвы)): Святарства для мяне – гэта, як калісьці сказаў св. Ян Марыя Віянэй: “Любоў да Сэрца Езуса”. Святарства азначае любіць Езуса, абвяшчаць і паказваць Яго міласэрную любоў да людзей.

Пакліканы чалавек павінен паглыбляць сваю любоў да Бога і людзей праз малітву, разважанне над словам Божым, ахвярную працу дзеля пашырэння Божага Валадарства на зямлі.

Я мяркую, што кожны чалавек, каб збавіцца, патрабуе дапамогі святара. Асаблівай апекі, напэўна, патрабуе нашая моладзь – будучыня нашай краіны, Касцёла і сям’і.

Прапаведваць Бога ў сучасным свеце можна толькі на падмурку асабістага прыкладу, ахвярнай службы Богу і людзям, “бо словы навучаюць, а прыклад жыцця прыцягвае”.

Усім, хто б хацеў абраць шлях святарства, раю шукаць Бога на малітве, разважанні Божага слова, жыць у стане асвячальнай ласкі і часта, нават у звычайны дзень, прыходзіць на св. Імшу і прымаць Езуса ў св. Камуніі. Гэтыя духоўныя практыкі дапамогуць распазнаць і ўмацаваць любоў да Бога, якая з’яўляецца падмуркам кожнага паклікання.
 
Дыякан Аляксандр Вараб’ёў (парафія Св. Францішка Ксаверыя, г. Гродна): Святарства для мяне – вялікі Божы дар, прымаючы які, я згаджаюся ахвярна служыць Богу і людзям. Істотным момантам у рэалізацыі святарства з’яўляецца, апрача сакрамэнтальнага служэння, дапамога іншаму чалавеку па-за святыняй: не толькі словам або парадай, але і матэрыяльнымі сродкамі.

На маю думку, кожная група людзей патрабуе душпастырскай апекі. Нягледзячы на хуткае інфармацыйна-тэхнічнае развіццё цывілізацыі, Касцёл непахісна абараняе дар жыцця і годнасць чалавека. Таму неабходна, каб кожны меў магчымасць атрымаць душпастырскую дапамогу.

Святар, згодна з евангельскім навучаннем, пакліканы прапаведваць Бога перш за ўсё праз Слова, а толькі потым асвячаць праз святыя сакрамэнты. Прапаведніцкая дзейнасць святара прыносіць плён толькі ў тым выпадку, калі святар жыве Словам.

Ва ўмовах, у якіх мы знаходзімся, цяжка знайсці цішыню і пачуць голас Бога. Юнакам, якія плануюць стаць на шлях святарства, хочацца пажадаць адвагі і рашучасці. Размаўляйце з Богам на малітве, прасіце ў Яго мудрасці. Памятайце, што толькі з Езусам мы можам зрабіць адпаведны выбар.
 
Дыякан Марэк Занеўскі (парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці, г. Гродна): Святарства – гэта бясцэнны дар, якім Бог адарыў мяне і якога я не заслужыў. Святарства для мяне - гэта таксама і пэўная таямніца: чаму Бог абраў менавіта мяне? Ёсць столькі лепшых, больш здольных і нават больш пабожных людзей, але з усіх іх Бог выбраў менавіта мяне. Святарства – гэта перш за ўсё атаясамленне сябе з Хрыстом. Немагчыма ўявіць сабе святарскае служэнне без ускладзенай на святара вялікай адказнасці за будучы лёс чалавека – яго збаўленне.

Развіццё інфармацыйных тэхналогій спрыяе таму, што словы губляюць вартасць і сэнс, і таму святар XXI стагоддзя павінен несці Божае слова, падмацаванае асабістым прыкладам жыцця.

Хочацца пажадаць адвагі юнакам, якія плануюць стаць святарамі. Не бойся адказаць “так” на заклік Хрыста і даверыцца Яму!
 
Дыякан Алег Яновіч (парафія Свв. Космы і Дам’яна, г. Астравец): Святарства з’яўляецца для мяне Божым дарам, якое абавязвае мяне да адказнасці за збаўленне бліжняга майго.

Шлях святарства – гэта спаўненне падрыхтаванага Богам цудоўнага плана. Нічога так проста не здараецца, Божы Провід кіруе светам і паасобнымі людзьмі. Бог стварае чалавека, каб ён споўніў акрэсленую місію. Святарства, на мой погляд, - гэта адна з найбольш узвышаных місій, якую чалавек мае гонар прыняць.

Божыя дары чалавек не можа затрымаць толькі для сябе – бо гэта было б духоўным эгаізмам. Святарства, як вялікі Божы дар, скіравана на іншых людзей. Святарства – прапаведванне Уваскрослага Хрыста, падмацаванае сведчаннем.

Калі хтосьці пачуў Божы голас у сваім сэрцы, значыць ён вельмі патрэбны Богу і павінен знайсці ў сабе адвагу пайсці за Ім.
 
Дыякан Павел Мазан (парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай, г. Масты): Святарства – гэта атаясамленне сябе з Хрыстом, з’яўляцца быццам Яго “працягам” і сведчаннем Яго прысутнасці ў сённяшнім свеце. Святарства – гэта адзін з найбольш узнёслых шляхоў да святасці. Гэта вялікі дар, якога я не заслужыў і які немагчыма да канца зразумець.

Жадаю, каб у святарстве людзі, гледзячы на маё жыццё, узаемаадносіны з Богам, глыбокую веру, любоў, адданасць і энтузіязм, прагнулі б менавіта такога жыцця і такой блізкасці з Богам.

Святар, як вучыць Папа Францішак, “павінен пахнуць сваімі авечкамі”, жыць іх клопатамі і радасцямі.

Нічога так не захапляе іншага чалавека, як сведчанне. Аўтэнтычнасць, сумленнасць, шчырасць, радасць, якая вынікае з веры, – найлепшыя сродкі для дзейснага прапаведвання Уваскрослага Хрыста.

Цяжка быць юнаку “белай варонай” у сённяшнім свеце, які ў асноўным прапаноўвае вялікія “забаўляльныя праграмы”. Прысутнасць святара ў гэтай рэчаіснасці можа быць як заноза ў воку секулярнага свету. Таму часам маладзён баіцца станоўча адказаць на заклік Езуса Хрыста. Неабходна памятаць, што наш Збаўца блізка мяне, і, калі Ён мяне кліча, значыць я не магу сумнявацца ў Яго падтрымцы.
 
Дыякан Юрый Садоўскі (парафія Адшукання Святога Крыжа, г. Астравец): Святарства - гэта не толькі асабісты выбар чалавека, гэта выбар, які зрабіў Бог. Тое, якім будзе адказ на Божае пакліканне, залежыць ад пэўнай унутранай сталасці асобы і ад супрацоўніцтва з Божай ласкай.

Калі Бог выбраў цябе на гэтае ўзвышанае заданне, старайся найперш зразумець адказнасць, якая будзе на цябе ўскладзена.

Тым, хто вырашыў абраць святарства, жадаю адвагі і адкрытасці на Бога!

Паводле grodnensis.by

Фота grodnensis.by

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Душпастырства

14.03 14:25Айцец Арыюш Малыска OFM Cap прызначаны душпастырам беларускіх католікаў у Вільнюсе
02.12 07:00Святар благаслаўлення: успаміны пра кс. Рышарда Юніка ў гадавіну яго смерці
17.08 16:19Увага для міністрантаў: рэкалекцыі ў Лебедзеве адменены
11.08 17:13Моладзь мінскай парафіі Божага Цела наведала касцёлы і гістарычныя мясціны Берасцейшчыны
11.08 14:46«Заўсёды за ўсё дзякаваць Богу»: у Гродне дзякавалі за пілігрымку «Гродна – Рось»
06.06 18:47Назаўсёды ў нашых сэрцах: развітваемся з цудоўным святаром – кс. Янам Занеўскім
23.03 10:47Айцы піяры абвясцілі вынікі конкурсу на найлепшы відэаролік
01.03 09:021 сакавіка — 55-я гадавіна смерці кс. Віктара Шутовіча — беларускага святара і публіцыста
01.03 08:59Выратаваць ад забыцця: да 15-годдзя смерці кс. прэлата Юзафа Грасевіча
17.02 10:20Кароткая гісторыя кс. Станіслава Шчэмірскага ў 65-годдзе яго смерці