Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзесяць навучэнцаў семінарыі ў Гродне атрымалі дыяканскае і прэзбітэрскае пасвячэнні (+ фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.12.2013 19:09

7 снежня ў гродзенскім катэдральным касцёле біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў дзесяці навучэнцам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне дыяканскае і прэзбітэрскае пасвячэнні.

Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымалі дыякан Павел Безляповіч і дыякан Юрый Гурскі, дыяканскае пасвячэнне - Павел Раманоўскі, Дзмітрый Леўчык, Аляксандр Сямінскі, Аляксандр Вараб’ёў, Марэк Занеўскі, Алег Яновіч, Павел Мазан, Юрый Садоўскі.

У Імшы ўдзельнічалі святары, выкладчыкі і выхавацелі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Гродзенскаму ардынарыю прадставіў кандыдатаў да пасвячэння біскуп намінат Юзаф Станеўскі (прызначаны дапаможным біскупам дыяцэзіі), які на працягу семінарыйнай фармацыі суправаджаў іх як рэктар семінарыі.

Біскуп намінат звярнуўся да прысутных з гаміліяй, адзначыўшы, што “Хтосьці ведае гэтых кандыдатаў лепш за нас – гэта Хрыстус, які паклікаў іх па імені”, “паклікаў умацоўваць братоў у веры”. “Як Хрыстус ускладаў рукі на апосталаў, так сёння біскуп ускладзе рукі на вас, каб перадаць вам Божы дотык, - сказаў біскуп намінат кандыдатам да пасвячэння. – Так і вы перададзіце гэты дотык далей, вашы рукі будуць прыладай служэння”.

Па словах біскупа наміната, “святар павінен быць чалавекам малітвы”, бо “сённяшні свет, дзе пануе гарачкавы актывізм, часта губляе арыентацыю”, а “час, аддадзены Хрысту ў ціхай малітве, не з’яўлецца страчаным”, і “менавіта на малітве нараджаюцца найлепшыя плёны пастырскага служэння”. “Хрысту патрэбны святары сталыя, здольныя практыкаваць духоўнае айцоўства”, - дадаў рэктар семінарыі.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да прысутных, нагадаў словы бл. Яна Паўла ІІ, які называў святарства “дарам і таямніцай”. “Пакліканне – дар не толькі для саміх пакліканых, але і для ўсёй супольнасці Касцёла, бо ўсе вернікі карыстаюцца плёнамі сакрамэнтальнага служэння святароў і дыяканаў”, - дадаў іерарх. Пры сакрамэнце пасвячэння, адзначыў біскуп, знешне “чалавек не змяняецца”, але “сакрамэнтальная ласка здзяйсняе ў ім вялікую змену”.

“Разам з вамі мы сёння дзякуем Богу за дар і таямніцу вашага паклікання, - сказаў біскуп, звяртаючыся да новых дыяканаў і святароў. – За тое, што Бог вас выбраў, паклікаў, адарыў сакрамэнтальнай ласкай, “каб вы ішлі і прыносілі плён”.

Гродзенскі ардынарый выказаў удзячнасць бацькам, блізкім і родным новых святароў і дыяканаў і ўсім, хто быў іх выхавацелямі і сведкамі веры. “Дзякую, што вы перадалі ім дар веры, навучылі любіць Бога і бліжняга. Дзякую, што былі і далей з’яўляецеся прыкладам хрысціянскага жыцця”, - дадаў іерарх.

Біскуп папрасіў родных і блізкіх новапрэзбітэраў і дыяканаў дапамагаць ім малітвай. “Памятайце, што ваша духоўная дапамога будзе ім заўсёды патрэбна на нялёгкім шляху святарскага служэння”, - падкрэсліў іерарх.

(JM), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.