Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У парафіях Налібакаў і Хатава адбылося ўступленне ў міністранты
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.11.2009 18:31

23 лістапада 2009 г. хлапчукі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках і парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Хатаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Рубяжэвіцкі дэканат) сталі міністрантамі або ўступілі ў шэрагі кандыдатаў у міністранты. Старэйшыя міністранты аднавілі абяцанні, складзеныя год таму або раней.

«Я, дзякуючы Хрысту Пану за ласку міністранцкага паклікання, абяцаю святыя абавязкі выконваць пабожна, старанна і радасна на хвалу Божую і для дабра парафіяльнай супольнасці», — так гучалі словы прысягі, прамоўленай міністрантамі. Сімвалічна, што гэтая падзея адбылася ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, бо менавіта Хрысту належыць быць Валадаром Сусвету і кожнага чалавечага сэрца, асабліва таго, якое знаходзіцца побач з Яго Божым Сэрцам, каля Яго алтара.

Добрым прыкладам для міністрантаў была прысутнасць на цырымоніі ўступлення ў міністранты двух навучэнцаў духоўных семінарый, Валянціна і Івана, з Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Хочацца спадзявацца, што сведчанне іх веры, малітвы і любові адгукнецца ў сэрцах усіх вернікаў.

Вернікі парафій Налібакаў і Хатава маюць надзею, што Пан абудзіць пакліканні да святарскага, манаскага і місіянерскага жыцця таксама сярод вернікаў іншых парафій. Сёння ў сэрцах парафіян жыве жаданне несці ў свет Добрую Навіну аб тым, што Езус Хрыстус — Валадар усяго Свету.

Ю. Сярпейка


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.