| «Што больш за любоў Бога?»: дзеці нарачанскай парафіі станчылі для кардынала (+відэа) |
| Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
| 02.07.2016 05:40 |
|
Нарач стала другім «кармэлітанскім пунктам» падчас наведвання папскім пасланнікам Мядзельшчыны.
Прывітаць шаноўнага госця да касцёла ў Нарачы прыйшло мноства людзей, у ліку якіх былі і прадстаўнікі мясцовай улады. А спецыяльным падарункам для папскага пасланніка стаў адмысловы танец, падрыхтаваны дзецьмі парафіі. Маленькія танцоры развучылі танец пад тры песні, адну з якіх – на нямецкай мове – на памяць ведаў і кардынал.
«У Аўстрыі гэту песню ведае кожнае дзіця, – адзначыў іерарх. – У ёй спяваецца пра любоў Бога: што можа быць большае, шырэйшае і вышэйшае за яе?» Прадстаўнікі парафіі, вітаючы кардынала Крыстафа Шонбарна, адзначылі, што «хрысціяне ў Беларусі ў спакусах свету выбіраюць Хрыста», падарыўшы госцю на памяць альбом.
Віншуючы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 35-годдзем святарства, прадстаўнікі парафіі прэзентавалі беларускаму іерарху і яго госцю з Аўстрыі кошык трускавак.
Выказваючы падзяку парафіянам за гасціннасць, кардынал зазначыў, што на прыкладзе нарачанскай парафіі ён адкрыў для сябе тры рэчы пра Каталіцкі Касцёл у Беларусі: «Першае – вашы касцёлы аднаўляюцца, што сведчыць пра вялікую любоў Божага народа да Касцёла. Другое – я пабачыў шмат дзяцей у касцёле, яны ўмеюць танчынць і спяваць: Касцёл у Беларусі мае будучыню! І трэцяе – гэта вашы бабулі: кожны раз, калі я бачу пажылых людзей у святыні, маё сэрца напаўняецца радасцю».
|
| Фотарэпартаж |


для друку